Светлогорские чтения / Вторые Светлогорские чтения / Маслюкова А.А.
К списку >>УСТУП
У 2011 г. адзначалася 50-я гадавіна надання пасёлку Шацілкі статусу горада. Напярэдадні святкавання праводзілася ІІІ навукова-практычная канферэнцыя «Шацілкаўскія чытанні», арганізаваная грамадскасцю разам з навукоўцамі і мясцовым музеем. У гэтым зборніку публікуюцца артыкулы, прадстаўленыя ўдзельнікамі канферэнцыі па матэрыялах сваіх дакладаў, а таксама артыкулы В. Марфінай і А. Петухова, якія былі дасланы дадаткова.
Першая даследчыцкая канферэнцыя ў нашым раёне прайшла ў 1995 г. Яна была звязана са складаннем кнігі «Памяць» і мела краязнаўчы характар.
Затым, з 1997 г., мясцовыя навучэнцы і краязнаўцы бралі ўдзел у археалагічных даследаваннях, якія вяліся пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Н. М. Дубіцкай і прафесара гісторыі С. Я. Рассадзіна. Гэтае супрацоўніцтва спрычыніла правядзенне ў нашым горадзе II гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі ў 2010 г. З гэтага часу прынята назва «Шацілкаўскія чытанні», а старшынёй арганізацыйнага камітэта абраны С. Я. Рассадзін. Па выніках гэтай канферэнцыі быў выдадзены і першы зборнік «Шацілкаўскія чытанні».
Пачынаючы з ІІІ канферэнцыі, якая была абвешчана як навукова-практычная, для ўдзельнікаў з’явілася магчымасць прадстаўляць даклады не толькі па гісторыі і краязнаўстве, але і па іншых навуках. Да ўдзелу ў «Шацілкаўскіх чытаннях» запрашаюцца ўсе, хто вядзе даследаванні па нашым краі, а таксама навукоўцы – нашы землякі. Прадугледжана і магчымасць выступленняў вучняў старэйшых класаў, студэнтаў. Гэта важна для таго, каб заахвочваць моладзь да даследчыцкай дзейнасці.
Спадзяваемся, што і надалей сумесная праца ўсіх, хто бярэ ўдзел у гэтай справе, будзе паспяховай і карыснай, а зборнік «Шацілкаўскія чытанні» – цікавым для спецыялістаў і для ўсіх, хто цікавіцца тэмамі, прадстаўленымі ў артыкулах.
А. А. Маслюкова,
адказны сакратар аргкамітэта канферэнцыі, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 10
г. Светлагорска
Бібліяграфічнае апісанне зборніка:
Шацілкаўскія чытанні : зборнік навуковых артыкулаў / Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей ; уклад.: Т. В. Маслюкоў. – Выпуск 2. – Светлагорск, 2011. – 116 с., іл. Бібліяграф. у канцы артыкулаў. Рэз. на англ., руск. мовах.
Рэцэнзент: Р. Р. Лазько, доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
Зборнік складзены на аснове матэрыялаў ІІІ навукова-практычнай канферэнцыі «Шацілкаўскія чытанні», якая праведзена ў Светлагорскім гісторыка-краязнаўчым музеі Гомельскай вобласці. Артыкулы разлічаны на гісторыкаў і спецыялістаў сумежных галін, краязнаўцаў, усіх, хто цікавіцца гісторыяй.