Светлогорские чтения / Вторые Светлогорские чтения / Гронский А.Д.
К списку >>Гронскі А. Д.
ЧЫГУНАЧНЫЯ ЖАНДАРЫ ПАЎНОЧНА-ЗАХОДНЯГА КРАЮ ПАДЧАС ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ
У 40-я гады XIX ст. жандармерыя Расійскай імперыі (малюнак 1),
акрамя вядзення палітычнага вышуку, патрульна-паставой службы і абавязкаў ваеннай паліцыі, пачала выконваць паліцэйскія функцыі на чыгунках (малюнак 2).
Чыгуначныя лініі ўжо на той момант разглядаліся ўладамі як стратэгічныя пуцеправоды, па якіх у выпадку вайны магчыма было хутка перакінуць значныя ваенныя сілы. Магчыма, менавіта таму імператар Мікалай I вырашыў прыцягнуць да аховы чыгуначнага палатна падраздзяленні «вышэйшай паліцыі» (малюнкі 3, 4).
Будаўніцтва чыгунак разгортвалася вельмі хуткімі тэмпамі, услед за гэтым павялічваўся і лік жандараў, якія былі занятыя на іх ахове. Да пачатку ХХ ст. колькасць супрацоўнікаў чыгуначнай жандарскай паліцыі перавышала колькасць астатняга разам узятага асабовага складу жандармерыі. Тым не менш чыгуначныя жандары, хоць і адносіліся да палітычнай паліцыі, але не займаліся палітычным вышукам, выконваючы толькі паліцэйскія функцыі. Аднак падчас Першай рускай рэвалюцыі Штаб корпуса жандараў абавязаў стварыць сакрэтную агентуру на чыгунках і заняцца барацьбой з рэвалюцыйнымі ідэямі сярод чыгуначных служачых. Падчас Першай сусветнай вайны функцыі палітычнай паліцыі яшчэ больш пашырыліся.
З пачаткам ваенных дзеянняў улады пачалі надаваць асаблівую ўвагу настроям рабочых на прадпрыемствах абароннага характару і чыгунках. Натуральна, меры бяспекі былі ўзмоцненыя і ў прыфрантавых губернях. Уся дзейнасць па падтрыманні парадку на чыгунцы, кантроль над добранадзейнасцю чыгуначных служачых, барацьба з усімі відамі злачынстваў у межах адчужэння чыгункі працягвалі заставацца ў распараджэнні жандарскіх паліцэйскіх упраўленняў чыгунак.
Нягледзячы на эканамічную сітуацыю, якая з пачаткам вайны пагоршылася, і эвакуацыю чыгуначных служачых з прыфрантавых і акупаваных немцамі раёнаў, чыгуначнікі не вялі якой-небудзь сур’ёзнай барацьбы за павышэнне свайго эканамічнага стану. Напрыклад, толькі ў другой палове 1916 г. чыгуначныя жандары Віцебска сутыкнуліся з эканамічнымі забастоўкамі рабочых у механічных майстэрнях. Забастоўшчыкі абралі прадстаўнікоў, якія павінны былі данесці да начальства свае праблемы, але ў апошні момант спужаліся, што кіраўніцтва чыгункі будзе аказваць пастаянны ціск на выбарных, і таму кінулі працу і запатрабавалі да сябе жандарскага афіцэра і каменданта станцыі. Апошнія неадкладна прыбылі ў майстэрні, дзе рабочыя растлумачылі ім матывы забастоўкі. Начальнік жандарскага аддзялення палкоўнік Смірніцкі нагадаў рабочым, што іх дзеянні ідуць толькі на карысць праціўніку. Ён прапанаваў зноў распачаць работу, а свае патрабаванні расказаць асабіста яму праз выбарных. Жандарскі палкоўнік паабяцаў асабіста давесці гэтыя скаргі да кіраўніцтва чыгункі, а пра вынік паведаміць рабочым. Дзеля гэтага Смірніцкі збіраўся яшчэ раз зайсці ў майстэрні.
Пры расследаванні скаргаў выявілася, што рабочыя на самой справе не атрымлівалі прыбавак да зарплаты. Акрамя таго, былі адшуканыя і іншыя недахопы, пра якія рабочыя не ведалі. Да лістапада 1916 г. канфлікт быў цалкам уладжаны, аднак жандары правялі расследаванне і выявілі зачыншчыкаў. З прычыны спантаннасці забастоўкі ніякіх рэпрэсій не было, але ўсё ж як сродак большага кантролю было прапанавана ўзмацніць агентурны нагляд за рабочымі [3, арк. 1].
Гэты выпадак быў не адзіным. У верасні 1916 г. у майстэрнях станцыі Віцебск забаставалі 300 чалавек. Яны прад’явілі свайму інжэнеру эканамічныя патрабаванні і кінулі працу. Забастоўшчыкі вырашылі пайсці па ўжо пратораным шляху і запатрабавалі сустрэчы з начальнікам чыгуначнага жандарскага паліцэйскага аддзялення палкоўнікам Смірніцкім. Афіцэр выслухаў скаргі і папрасіў рабочых вярнуцца на свае месцы. Пасля размовы з жандарам канфлікт адразу быў уладжаны [4, арк. 1].
У перыяд Першай сусветнай вайны непасрэдная блізкасць губерній Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі да фронту выклікала ў многіх людзей пачуццё небяспекі. Для таго, каб адчуць сябе болей абароненым, насельніцтва пачало набываць зброю. Гэтыя павевы не абышлі бокам і чыгуначных служачых. Яны пачалі накіроўваць шматлікія просьбы начальнікам жандарскіх паліцэйскіх упраўленняў і аддзяленняў з мэтай атрымаць дазвол на захоўванне і нашэнне зброі. Прычым, некаторыя просьбіты спачатку куплялі зброю, а потым прасілі дазвол на яе захоўванне. Аднак асноўная маса жадаючых рабіла наадварот [10, арк. 1]. Звычайна ўказвалася, што стрэльбы набываліся для палявання, хаця раней большая частка работнікаў чыгункі гэтым не займалася. Усе просьбы чыгуначнікаў разглядаліся жандарскай чыгуначнай паліцыяй, але дазвол на набыццё, захаванне і нашэнне зброі выдаваўся толькі тым, хто «цалкам добранадзейны і сапраўды паляўнічы» («вполне благонадёжен и действительно охотник») [10, арк. 1]. Цікава адзначыць, што асноўнай прычынай адмоў у выдачы дазволаў было тое, што цалкам палітычна добранадзейныя просьбіты не займаліся паляваннем. Ужо купленая зброя, на якую не было атрымана дазволу, вымалася станцыйнымі жандарскімі ўнтэр-афіцэрамі. Уладальнікам такой зброі прапаноўвалася прадаць стрэльбы тым, хто на самой справе з’яўляецца паляўнічым [10, арк. 1].
Некаторая частка чыгуначнікаў вырашыла абзавесціся больш кампактнай зброяй – рэвальверамі. У сваіх прашэннях да жандарскіх афіцэраў яны ўжо пісалі не аб паляванні, а аб самаабароне. Так, адзін з чыгуначных служачых папрасіў дазволу на нашэнне рэвальвера з прычыны неспакойнага ваеннага часу і таго, што часам яму прыходзіцца перамяшчацца па ўчастку ноччу. Гэтую просьбу падтрымаў інжэнер, аднак жандары, разгледзеўшы яе, адмовілі, вырашыўшы, што «патрэбнасць у рэвальверы не сустракаецца» («надобности в револьвере не встречается») [10, арк. 15, 15 адв.].
Здараліся і кур’ёзныя абгрунтаванні жадання набыць рэвальвер. Напрыклад, адзін з чыгуначных служачых пажадаў узброіцца па прычыне развода з жонкай і ўпэўненасці ў тым, што яна будзе помсціць. Акрамя таго, просьбіт пісаў, што ён вяртаецца са службы позна, жыве побач з могілкамі, і часам яго да самай кватэры пераследуюць «нейкія цёмныя асобы» («какие-то тёмные личности»). На рэзалюцыі жандарскі афіцэр, не ўдаючыся ў псіхіятрычныя падрабязнасці, напісаў: «У […] дазволе на права мець рэвальвер не бачу сур’ёзнай патрэбы» («В […] разрешении на право имения револьвера не вижу серьёзной надобности») [10, арк. 36].
Па чыгунцы прыватныя прадпрыемствы перавозілі для заказчыкаў скрыні з паляўнічай зброяй. Адпраўляемы груз жандары не правяралі, калі пастаўшчык ручаўся за тое, што ў скрыні знаходзяцца толькі тыя прадметы, якія ўказаныя ў вопісе. Аднак пры атрыманні груза жандарскі ўнтэр-афіцэр абавязкова прысутнічаў пры адкрыцці скрыні і правяраў па вопісу наяўнасць зброі, пацвярджаючы адсутнасць там пабочных прадметаў [10, арк. 10, 11 адв., 12, 39]. Здаралася, што зброя па чыгунцы дастаўлялася нелегальна вайскоўцамі палявых рухомых шпіталяў у санітарных вагонах. У асноўным гэта былі трафейныя аўстрыйскія вінтоўкі. Калі жандары атрымлівалі падобную інфармацыю, яны вымалі зброю [10, арк. 3].
Часам здараліся выпадкі і ў пасажырскіх цягніках. Так, багажны касір звярнуў увагу на два невялікія, але вельмі цяжкія кошыкі, закрытыя на замок. Касір прапанаваў гаспадару кошыкаў адкрыць іх, каб агледзець змесціва. Уладальнік кошыкаў сказаў, што ён прынясе ключ, пайшоў, але так і не вярнуўся. Касір паведаміў аб здарэнні жандарскаму ўнтэр-афіцэру, які пры панятых раскрыў кошыкі. Унутры аказалася 13 каробак паляўнічага пораху [10, арк. 31–34].
Часам у працы жандараў здараліся і надзвычайныя выпадкі. Так, у пачатку 1917 г. на адной са станцый Паўночна-Заходняй чыгункі пад колы цягніка, які набіраў ход, трапіў яфрэйтар харчовага транспарту. Ён паспрабаваў пераскочыць з вагона ў вагон, але сарваўся ўніз. Жандарскі чыгуначны ўнтэр-афіцэр Ламака, які ўбачыў гэта, кінуўся на дапамогу і, «ставячы сваё жыццё ў становішча сапраўднай небяспекі» («подвергая свою жизнь явной опасности»), выцягнуў наўдачнага салдата з-пад колаў. Жандар склаў рапарт пра здарэнне, абапіраючыся на які, жандарскае кіраўніцтва вырашыла прадставіць Ламаку да ўзнагароды. Але перад тым было праведзена апытанне сведкаў геройскага ўчынку ўнтэр-афіцэра. Жандарскія кіраўнікі высветлілі, ці быў учынак жандара звязаны з небяспекай для яго жыцця. І толькі пасля таго, як сведкі падцвердзілі геройскі ўчынак, унтэр-афіцэр быў прадстаўлены да ўзнагароды [8, арк. 141–144].
У перыяд ваеннага часу да той дзейнасці, якой чыгуначныя жандары займаліся ў мірных умовах, далучыліся яшчэ і спецыфічныя функцыі. Напрыклад, супрацьдзеянне шпіянажу і дыверсійнай дзейнасці на чыгунках. З самага пачатку вайны немцы пачалі выкарыстоўваць сірот-падлеткаў – як хлопчыкаў, так і дзяўчынак – для крадзяжу афіцэрскіх сумак у цягніках. Спроба аказалася няўдалай, таму што немцы апраналі падлеткаў у аднолькавае адзенне, і жандарскія ўнтэр-афіцэры на чыгунках затрымлівалі малалетніх шпіёнаў [11, с. 55].
Аднак у цягніках сустракаліся і «мірныя» падлеткі, якія прадавалі пасажырам розныя дробязі. Для таго, каб у іх не з’яўлялася праблем, ім выдавалі спецыяльныя часовыя пасведчанні, якія дазвалялі продаж чаго-небудзь на асобных участках чыгункі. Пасведчанні былі імяннымі, не прызначаліся для перадачы іншым асобам, і па заканчэнні тэрміна дзеяння іх павінны былі вярнуць па месцы выдачы [5, арк. 1].
Для супрацьдзеяння дыверсійнай дзейнасці ворага ў губернях, якія знаходзіліся ў прыфрантавой зоне, улады арганізавалі ахову чыгуначнага палатна спецыяльнымі вартаўнікамі, якія набіраліся з сялян і мяшчан. Гэта павінна было вызваліць жандарскіх чыгуначных унтэр-афіцэраў ад дадатковай нагрузкі.
Акрамя таго, афіцэры жандарскіх чыгуначных упраўленняў у час эвакуацыі былі абавязаны выдаваць пасведчанні на права атрымання кватэрных грошай для сем’яў вайскоўцаў, пасведчанні асобы падначаленых ім унтэр-афіцэраў, членаў іх сем’яў, дакументы на правоз рэчаў і праезд канваіраў. Жандары павінны былі ахоўваць саставы, якія прызначаліся для эвакуацыі, назіраць за чарговасцю пры пасадцы ў вагоны. Афіцэры таксама правяралі прыгатаваныя да эвакуацыі эшалоны, каб у іх перавозіліся толькі неабходныя для жыццядзейнасці эвакуіруемых рэчы, калі ж трапляліся іншыя рэчы, то жандары былі абавязаны «без усялякай літасці выкідваць непатрэбны хлам з вагонаў» («без всякого снисхождения выбрасывать ненужный хлам из вагонов») [9, арк. 1, 8, 22, 24].
Чыгуначныя жандары кантралявалі і спосабы правядзення вольнага часу супрацоўнікамі чыгункі. Напрыклад, праз рукі жандарскай паліцыі праходзілі просьбы аб правядзенні тых ці іншых мерапрыемстваў для чыгуначных служачых. Жандары кантралявалі ход мерапрыемстваў, а потым рапартавалі аб гэтым гарадскому паліцмейстару. Пры тым некаторыя справаздачы мелі ўласцівасць губляцца. Разборы па фактах месцазнаходжання справаздач вяліся тыднямі і нават месяцамі. Напрыклад, жандарская справаздача наконт правядзення музычнага вечара ў майстэрнях Аляксандраўскай чыгункі, які прайшоў 26 снежня 1916 г., так і не была знойдзена да пачатку Лютаўскай рэвалюцыі [6, арк. 35, 35 адв.].
У канцы лютага 1917 г. у Расійскай імперыі адбылася рэвалюцыя. Імператар Мікалай II адмовіўся ад прастола, краіна стала рэспублікай, хаця да жніўня афіцыйнай назвай Расіі заставалася Расійская Імперыя. Новая ўлада пачала браць пад кантроль грамадскае і палітычнае жыццё, «вызвалены народ» пад уздзеяннем рэвалюцыйнай эйфарыі пачаў вынішчаць былыя ўстановы, якія так ці інакш баранілі былую імператарскую ўладу. Не стала выключэннем стаўленне прадстаўнікоў Часовага ўрада і да чыгуначнай жандарскай паліцыі. Слова «жандар» успрымалася адназначна негатыўна. Новая ўлада не разумела, што менавіта жандары складалі аснову контрразведкі, выконвалі функцыі этапіравання ваеннапалонных, знаходзіліся ў крэпасных камандах, назіралі за бесперапынным рухам чыгуначнага транспарту. У непасрэднай блізкасці да фронту гэтыя функцыі жандараў станавіліся больш важкімі. Тым не менш, было расфармавана чыгуначнае жандарскае ўпраўленне ў Мінску (хоць сам горад знаходзіўся менш чым за 100 км ад лініі фронту) [7, арк. 101, 101 адв.].
На змену жандарам прыйшла міліцыя, што складалася з былых рэвалюцыянераў ці звычайных грамадзян, якія аказаліся схільнымі да рэвалюцыйнай прапаганды і адчулі сваю значнасць. Гэтыя людзі не мелі ніякага вопыту работы на такім спецыфічным аб’екце, як чыгунка падчас вайны. Напрыклад, калі міліцыянеры знайшлі на чыгуначных шляхах неапазнаны труп, яны проста не ведалі, што з ім рабіць. Міліцыянеры вырашылі даставіць труп найбліжэйшаму вайсковаму начальству, а яно ніколі такімі справамі не займалася. Міліцыя, не жадаючы больш валтузіцца з гэтай справай, пакінула труп у вайскоўцаў, якія самі пачалі высвятляць, куды яго адправіць «з нагоды расфарміравання чыгуначнай жандарскай паліцыі» («ввиду расформирования железнодорожной жандармской полиции»). Грамадзянскі камендант Мінска параіў ім адправіць труп у бальніцу і паведаміць аб здарэнні судоваму следчаму [7, арк. 101, 101 адв.]. Такое становішча назіралася паўсюдна.
Такім чынам, чыгуначная жандарская паліцыя Паўночна-Заходняга краю, адміністрацыйным цэнтрам якога была Вільня (малюнак 5, на с. 4 вокладкі [12]),
у перыяд Першай сусветнай вайны ўвогуле спраўлялася са сваімі прамымі абавязкамі, а таксама з функцыямі, якія былі ўскладзеныя на яе падчас вайны.
ІЛЮСТРАЦЫІ
Малюнак 1 – Эмблема Асобнага корпусу жандараў Расійскай імперыі [1]
Малюнак 2 – Чыгуначныя жандары на чале з афіцэрам (сядзіць на веладрызіне) [2]
Малюнак 3 – Жандарскія вахмістры [2]
Малюнак 4 – Нагрудныя знакі (бляхі) ніжніх чыноў чыгуначнай жандарскай паліцыі Расійскай імперыі
Малюнак 5 – Чыгуначны вакзал у Вільні (фота пач. ХХ ст.)
СПІС ЛІТАРАТУРЫ
1. Гронский, А. Российская контрразведка в период Первой мировой войны / А. Гронский // Западная Русь [Электронны рэсурс]. – 26.01.2011. – Рэжым доступу: http://zapadrus.su/rusmir/istf/249-2011-01-26-12-20-02.html – Дата доступу: 11.11.2011.
2. Ржевцев, Ю.П. Из истории российской жандармерии / Ю.П. Ржевцев // Форум поисковых движений [Электронны рэсурс]. – 07.09.2009 – Рэжым доступу: http://www.srpo.ru/forum/index.php?topic=3716.0 – Дата доступу: 11.11.2011.
3. Архіўны фонд Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі. – Ф. «Навукова-дапаможны». – Шафа 26. – Скрыня 9. – Спр. 4360/1.
4. Архіўны фонд Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі. – Ф. «Навукова-дапаможны». – Шафа 26. – Скрыня 9. – Спр. 4369/21.
5. Архіўны фонд Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі. – Ф. «Навукова-дапаможны». – Шафа 29. – Скрыня 23. – Спр. 23878/7.
6. НАРБ. – Ф. 615. – Воп. 1. – Спр. 1.
7. НАРБ. – Ф. 615. – Воп. 1. – Спр. 6.
8. НАРБ. – Ф. 622. – Воп. 1. – Спр. 55.
9. НГАРБ. – Ф. 705. – Воп. 1. – Спр. 54.
10. НГАРБ. – Ф. 3065. – Воп. 1. – Спр. 2.
11. Филюшкин А. Тёмная личность: Русь, не спи в гробу! / А. Филюшкин // Родина. – 2000. – № 10. – С. 55–59. – Доступ праз інтэрнэт: http://www.istrodina.com/rodina_articul.php3?id=664&n=31 – Дата доступу: 22.06.2011.
12. Вокзал // Ретроградъ [Электронны рэсурс]. – 13.02.2011. – Рэжым доступу: http://szhaman.com/vokzal-2/ – Дата доступу: 11.11.2011.
11.11.2011.
SUMMARY
Hronski Aliaksandr Dzmitryievich. Railway Gendarmes of Northwestern Kraj During the First World War.
The railway gendarme police of the Russian Empire was the only agency which looked after public safety and dealt with various railway crimes. From 1905 railway gendarmes also started conducting various political investigations. During the First World War railways gendarme responsibilities were expanded. After February revolution railway gendarmes were replaced by militia who did not know the specifics of that work.
РЕЗЮМЕ
Гронский Александр Дмитриевич. Железнодорожные жандармы Северо-Западного края во время Первой мировой войны.
Железнодорожная жандармская полиция Российской империи была единственным органом, следящим за общественной безопасностью и боровшаяся с различными преступлениями на железных дорогах, а с 1905 г. железнодорожные жандармы начали заниматься политическим сыском. В период Первой мировой войны на железных дорогах жандармские функции были расширены. После Февральской революции железнодорожные жандармы были заменены милицией, которая не знала специфики этой работы.