ПАРИЧИ
СПРАВОЧНО - ИНФОРМАЦИОННЫЙ ПОРТАЛ Г.П. ПАРИЧИ

Светлогорские чтения / Вторые Светлогорские чтения / Рассадзін С. Я.

К списку >>


Рассадзін С. Я.
СВЕТЛАГОРШЧЫНА – ПЕНЗЕНШЧЫНА: РЭХА СТАГОДДЗЯЎ

У электронным лісце ад 22.11.2010, адрасаваным нам Уладзімірам Альбертавічам Віннічэкам, вядомым археолагам з Пензенскай вобласці (Расія), былі гэтакія радкі: «...Учора мне прынеслі ўпрыгожанне з бронзы (ліццё), знойдзенае блізу вёскі Пешая Слабада Ніжнеломаўскага раёна Пензенскай вобласці. Я быў проста здзіўлены. Бо толькі нядаўна я ўпершыню ўбачыў апублікаваны Вамі аналаг з Беларусі. Адразу ж успомніў, што датаваць гэтую знаходку неабходна XVII ст., а значыць, яна пакінутая рускімі першапраходцамі-асаднікамі, якія засялялі пензенскі край пачынаючы з сярэдзіны XVII ст.» («…Вчера мне принесли украшение из бронзы (литьё), найденное близ села Пешая Слобода Нижнеломовского района Пензенской области. Я был просто изумлён. Ведь только недавно я впервые увидел опубликованный Вами аналог из Беларуси. Сразу же вспомнил, что датировать эту находку необходимо XVII в., а значит, она оставлена русскими первопроходцами-колонистами, которые заселяли пензенский край начиная с середины XVII в.»).
Сапраўды, няцяжка заўважыць не проста блізкасць, а, практычна, ідэнтычнасць гэтых дзвюх згаданых рэчаў. Хутчэй за ўсё, яны проста адлітыя ў адной і той жа форме (малюнак 1, на с. 2 вокладкі). Згадваючы пра знаходку з Беларусі, пензенскі калега мае на ўвазе бронзавую выяву, знойдзеную ў 2008 г. падчас раскопак Шацілінскага Вострава (у Шацілках – старадаўняй частцы г. Светлагорска Гомельскай вобл.). Раскопкі праводзіліся пры ўдзеле мясцовых навучэнцаў, а знаходка прысутнічае зараз у экспазіцыі Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея. Дарэчы, пры першай публікацыі дадзенай знаходкі намі адзначалася, літаральна, наступнае (малюнак 2):

«Калі параўнаць яе з любым малюнкам У. С. Высоцкага, – напрыклад, у фільме “Сказ пра тое, як цар Пятро арапа жаніў”, 1976 г., – то нельга не заўважыць відавочнага партрэтнага падабенства. Між тым, гэтая нечаканая знаходка датуецца не пазней пачатку XVII ст.» [1]. Пазней шацілінскавостраўская знаходка была інтэрпрэтаваная як фігурная зашпілька ад жалезнай, мусіць, куфэрачкі (на «рагах», якія ўваходзілі ў корпус, бачныя сляды ржы) [2]. Пешаслабодская ж лічына з’яўляецца часткай больш складанай зашпількі (кніжнай?), з пятлёй на адным канцы і, напэўна, з абламаным шарнірам на супрацьлеглым. Частка гэтай зашпількі аформлена ў выглядзе стылізаванай выявы дзвюхгаловай птушкі.
Безумоўна, пытанні як іканаграфіі, так і функцыянальнага прызначэння вельмі цікавыя. Але, напэўна, першапачаткова належыць высветліць пытанне аб паходжанні разглядаемых знаходак. Нягледзячы на тое, што трапіліся яны на адлегласці адна ад другой ці не ў 1,5 тыс. км, паходжанне гэта, мусіць, аднолькавае. Здаецца нават увогуле дапушчальным, што і адна, і другая з’яўляліся часткамі аднаго і таго ж складанага вырабу XVII ст., аформленага ў адзіным стылі.
На нашу думку, пешаслабодскае паходжанне вырабу верагодна менш за беларускае, і вось чаму. У другой палове XVI – пачатку XVII ст. засяленне рускімі сённяшняй Пензеншчыны яшчэ толькі разгортвалася; яно пачалося, увогуле, пасля ўзяцця Іванам Грозным Казані ў 1552 г. Край перасякалі «засечные черты» (руск.) – лініі ўмацаванняў супраць нападаў ваяўнічых качэўнікаў; паселішчы ўзнікалі, у першую чаргу, як цэнтры абароны, а не ў якасці культурных асяродкаў. Так, у 1636 г. у складзе аднайменнай «черты», якая перакрывала Нагайскі шлях, быў пабудаваны горад-крэпасць Ніжні Ломаў [3]; ці не ў той самы час на адной з ягоных ускраін узнікае Пешая Слабада, заснаваная як паселішча менавіта пешых служылых казакоў. «Парубежнікаў, – піша аб гэтакіх пасяленцах пензенскі гісторык М. С. Полубаяраў, – рэгулярна набіралі ў рускія палкі для ўдзелу ў паходах супраць Літвы, Польшчы…» («Порубежников регулярно верстали в русские полки для участия в походах против Литвы, Польши…») [4]. Безумоўна, таксама і пензенскія казакі апынуліся на тэрыторыі Беларусі падчас вайны Маскоўскай дзяржавы супраць Рэчы Паспалітай 1654 – 1667 гг. Не выключана, што хтосьці з іх на гэтым часовым адрэзку не толькі наведаў таксама і сучасную Светлагоршчыну, але і прывёз дамоў, у далёкую Пешую Слабаду, адмысловую бронзаваю рэч з выявай «Высоцкага», тады як другі «Высоцкі» захаваўся на радзіме – у Шацілінскім Востраве.
Не менш верагодны, аднак, і другі варыянт. Шматразова дакументальна засведчана, як на працягу і асабліва пасля заканчэння згаданай вайны маскоўскі ўрад не дазваляў масе палонных вярнуцца дахаты, але актыўна выкарыстоўваў іх для абароны ўласных ускраін, засялення вольных прастораў, у тым ліку і ў пензенскім наваколлі. Палонныя шляхцюкі тут набіраліся на царскую службу («верстались в государеву службу», руск.), і адначасова надзяляліся зямельнымі ўчасткамі («жаловались землицею», руск.) – гэтаксама, як і карэнныя расіяне. Таму сярод пензенскага дваранства ў XVII – XVIII стст. існавала нават асобная група «польскай» шляхты; яе датаваныя з 1662 па 1714 г. граматы на валоданне зямлёю ў Саранскім павеце захоўваюцца зараз у Цэнтральным дзяржаўным архіве Рэспублікі Мардовія [5].
У памежным з Пензенскай губерняй Лукаянаўскім павеце Ніжэгародскай губерні пачынаючы з таго самага XVIII ст. пражывала так званая «літва» – напэўна, таксама нашчадкі колішніх палонных. Менавіта беларускае паходжанне гэтай «літвы» ў свой час было вызначана самім В. І. Далем [6, с. 86].
«Пасля ад’езду паслоў нашых да Вашай царскай вялікасці, – пісаў маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу 9 сакавіка 1655 г. сумна вядомы на Беларусі казацкі гетман І. Залатарэнка, – на другі дзень вярнуўся наш атрад шчасліва, які дасылалі мы да Бабруйска і да Каралеўскай Слабады... і якія “языкі” тым атрадам узятыя, па імёнах Дамініка Пацу ды Станіслава Шчуку і трэцяга таварышча...» («По отпущении послов наших до в. ц. вел., – на другой день вернулся наш подъезд счастливо, который посылали мы есмя до Бобруйска и до Королевской Слободы …и которые языки 3 на том подъезде взяты, на имя Доминика Пацу да Станислава Щуку и третьяго товарища…») [7]. Такім чынам, сярод тысяч і тысяч палонных апынуліся тады таксама і нашы землякі. Тысячы аказаліся зведзенымі ў глыбіню Расіі. Атрымліваецца, што адмысловая бронзавая зашпілька з Пешай Слабады магла трапіць туды зусім і не ў якасці трафея, а наадварот, як памяць аб беларускай радзіме, прымусова пакінутай на пачатку другой паловы XVII ст. продкам кагосьці з мясцовых «палякаў» ці «літоўцаў».

ІЛЮСТРАЦЫІ

Малюнак 1 – Фігурныя зашпількі (бронза, ліццё, меркавальна XVII ст.) 1 – знойдзена ля в. Пешая Слабада Ніжнеломаўскага р-на Пензенскай вобл., Расія; 2 – знойдзена ў Шацілках (Светлагорск, гісторыка-краязнаўчы музей)
Малюнак 2 – Шацілінскавостраўская выява (з левага боку) і кадр з фільма «Сказ пра тое, як цар Пятро арапа жаніў»

СПIС ЛIТАРАТУРЫ
1. Рассадин, С.Е. О некоторых находках 2008 г. на Шатилинском Острове / С.Е. Рассадин // Исследования по истории Восточной Европы: научный сборник. – Минск : Издательский центр БГУ, 2008. – Вып. 1. – С. 235–236, рис. 9. – Доступ праз інтэрнэт:  http://pawet.net/library/history/bel_history/_miscellany/studia/01/%D0%98%D1%81%D1%81%D0%BB%D0%B5%D0%B4%D0%BE%D0%B2%D0%B0%D0%BD%D0%B8%D1%8F%D0%BF%D0%BE_%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B8_%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%87%D0%BD%D0%BE%D0%B9_%D0%95%D0%B2%D1%80%D0%BE%D0%BF%D1%8B_1.html – Дата доступу: 15.06.2011.
2. Рассадин, С.Е. Историко-археологические открытия последних лет на территории Светлогорского района и города Светлогорска в Беларуси / С.Е. Рассадин // Пензенский археологический сборник. – Пенза : Изд-во ПГУ, 2010. – Вып. 3. – С. 363, рис. 15: 1, 2.
3. Белорыбкин, Г.Н. Заселение Пензенского края / Г.Н. Белорыбкин // Пензенская энциклопедия. – М.: Научное изд-во «Большая Российская энциклопедия», 2001. – С. 192. – Доступ праз інтэрнэт: http://belorybkin.ru/article/art/28 – Дата доступу: 15.06.2011.
4. Полубояров, М.С. Заселение Пензенского края в XVII – начале XVIII в. / М.С. Полубояров // Земство. Архив провинциальной истории России. – Пенза, 1995. – № 2. – С. 171–196. – Доступ праз інтэрнэт: http://suslony.ru/coloniz.htm – Дата доступу: 15.06.2011.
5. Фролкина, Е.В. Дворянская культура российской провинции: на материале мордовского края: диссертация кандидата исторических наук: 24.00.01 / Е.В.Фролкина // Научно-исследовательский институт гуманитарных наук при Правительстве Республики Мордовия [Электронный ресурс]. – Саранск, 2007. – Рэжым доступу: http://www.referun.com/n/dvoryanskaya-kultura-rossiyskoy-provintsii – Дата доступу: 15.03.2011.
6. Мельников, А.П. Нижний Новгород и Нижегородская губерния / А.П. Мельников. – Нижний Новгород : Нижегородское губернское правление, 1896. – 331 с. – Доступ праз інтэрнэт: http://www.knigafund.ru/books/12879 – Дата доступу: 15.06.2011.
7. Белоруссия в эпоху феодализма. Сб. документов и материалов : в 3-х т. – Минск : изд-во АН БССР, 1959–1961. – Т. 2. – 1960. – С. 120.

15.06.2011.

SUMMARY

Rassadzin Siarhej Yauhenavich. Svietlahorsk Area – Penza Area: Echo of Сenturies.
In Svietlahorsk (in the tract of Šacilinski Vostrau) and near the village of Peshaya Sloboda near Nizhniy Lomov, Penza Region of Russia, an identical image of a human face was found. Those details cast in bronze were probably clasps for books. They go back to the XVII century. One of them must have got to the depth of Russia as a result of the dramatic war events, which made lots of Belarusians  captives of the Moscow Tsar.

РЕЗЮМЕ

Рассадин Сергей Евгеньевич. Светлогорщина – Пензенщина: эхо столетий.
В Светлогорске (в урочище Шатилинский Остров) и у д. Пешая Слобода около г. Нижний Ломов в Пензенской области России обнаружены идентичные изображения человеческого лица. Эти отлитые из бронзы детали служили, наверное, застёжками для книг. Их возраст в рамках XVII столетия. В глубину России одна из них попала, скорее всего, в результате драматических военных событий, из-за которых многие белорусы оказались в плену у московского царя.



Warning: Unknown: write failed: Disk quota exceeded (122) in Unknown on line 0

Warning: Unknown: Failed to write session data (files). Please verify that the current setting of session.save_path is correct (/tmp) in Unknown on line 0