ПАРИЧИ
СПРАВОЧНО - ИНФОРМАЦИОННЫЙ ПОРТАЛ Г.П. ПАРИЧИ

Светлогорские чтения / Вторые Светлогорские чтения / Петухоў А. В.

К списку >>


Петухоў А. В.
МІХАІЛ ПУШЧЫН У РЭГІЯНАЛЬНЫМ ВЫМЯРЭННІ: ДЭКАНСТРУКЦЫЯ ГЕРАІЧНАГА ВОБРАЗА

Так сталася, што ў асяродку інтэлігенцыі Светлагорскага раёна з канца 1960-х гг., а з канца 1980-х гг. і ва ўладных колах, трывала ўмацаваўся і паспяхова трансліруецца досыць спрэчны гістарычны вобраз-міф аб Міхаіле Іванавічу Пушчыне (малюнак 1)

як аб мясцовым героі. Ён, маючы дачыненне да дзекабрызму, аўтаматычна бачыўся, і бачыцца па сёння, як «дваранскі рэвалюцыянер» (азначэнне дадзенае У. І. Леніным) і, увогуле, прагрэсіўны чалавек свайго часу; да таго, воляй лёсу, палову жыцця бавіў у Парычах [1].
Яго асоба настолькі засела ў свядомасці мясцовай інтэлігенцыі, што ў яго гонар названа плошча ў г. Светлагорску (малюнак 2), вуліца ў Парычах, створаны школьны музей у сярэдняй школе № 9 Светлагорска; з піетэтам ён прыгадваецца ў творчасці мясцовых пісьменнікаў [2; 3, с. 90–91; 4, с. 4]. Зразумела, што рамантычныя і творчыя асобы не прымаюць да ўвагі ўсю сукупнасць гістарычных фактаў з біяграфіі М. Пушчына, а ствараюць вобраз-ўяўленне на падставе сваіх меркаванняў, уяўленняў, асобных фактаў з яго жыцця.
Досыць дакладна пра гэта напісаў В. П. Грыцкевіч: «Вытокі “фальшу” гістарычнага міфа вынікаюць з няведання або памылковага прачытання гістарычных крыніц» [5, с. 107]. Гэтыя іх вобразы слаба суадносяцца з гістарычнай рэальнасцю, але яны, вядома, ствараюцца не з мэтай асветы, а каб задаволіць не задаволеныя навукай ці грамадствам духоўныя патрэбы чалавека, а значыцца, заўжды выкарыстоўваюцца як досведны фундамент і маральны арыенцір.
Тут варта таксама прыняць да ўвагі слушныя словы А. Д. Гронскага наконт аналагічнай сытуацыі: «…гістарычныя міфы небяспечны сваёй дзіўнай здольнасцю скажаць нацыянальную самасвядомасць і менталітэт» [6, с. 87]. Створаны штучна гістарычны міф, які вынесены ў загаловак дадзенага артыкула, як раз, на нашу думку, і належыць да тых вельмі небяспечных, якія непасрэдна скажаюць нацыянальную самасвядомасць і ментальнасць, падмяняюць нацынальныя ідэалы і вобразы, уплываюць на паводзіны людзей. Нам падаецца, слушна заклікае ўсё той жа В. Грыцкевіч: «Мы ўсе “асуджаныя” на гісторыю. Таму павінны дбаць пра тое, каб свет нашых гістарычных уяўленняў быў складзены з як мага найлепшага матэрыялу, а не міфаў сумнеўнага характару» [5, с. 129].
Таму ў гэтым артыкуле паспрабуем даказаць няслушнасць і беспадстаўнасць дадзенага міфа.
Кароткая біяграфія. М. Пушчын (1800 – 1869) нарадзіўся ў Санкт-Петярбургу. Скончыў кадэцкі корпус. Служыў у 1-м сапёрным батальёне, пазней пераведзены ў лейб-гвардыі Коннапіянерскі эскадрон, да 1825 г. даслужыўся да звання капітана гвардыі і начальніка дадзенага эскадрона. Як вядома са сведчанняў сяброў, у планаванні снежаньскага паўстання на Сенацкай плошчы не ўдзельнічаў і пра выступ даведаўся ўсяго за 2 дні да яго. Але за тое, што «ведаў і не данёс», Вярхоўным крымінальным судом быў асуджаны «да пазбаўлення чыноў і дваранства і напісання ў “радавыя” да выслугі с прызначэннем у далёкія гарнізоны. Высокім жа указам ад 22 жніўня [1826 г.] павелена перавесці ў палявыя палкі Каўказскага корпусу да выдатнай выслугі...» [7, с. 213].
Удзельнік Руска-персідскай 1827 – 1828 гг. і Руска-турэцкай 1828 – 1829 гг. войнаў. Пасля звальнення з вайсковай службы, перайшоў на грамадзянскую службу, да 1835 г. працаваў чыноўнікам па асаблівых даручэннях пскоўскага губернатара Аляксея Пешчурава (1779 – 1849). Узяў першы шлюб у 1831 г. з Соф’яй Пальчыкавай (памерла ў 1835 г.). Пасля яе смерці ён канчаткова прыехаў на пастаяннае месцапражыванне ў мястэчка Парычы ў 1835 г. У 1838 г. ён бярэ другі шлюб з Марыяй Якаўлеўнай Падкользінай. Да амністыі 1856 г. яму было забаронена прыязджаць у Маскву і Санкт-Пецярбург з-за палітычнай неблаганадзейнасці, таму ён быў вымушаны жыць у правінцыі. У далейшым працаваў у Маскоўскай губернскай камісіі па рэалізацыі аграрнай рэформы 1861 г., а з 1865 па 1869 г. – на пасадзе каменданта Бабруйскай крэпасці і атрымаў чын генерал-маёра. Мемуарыст [3, с. 90–91; 8, с. 333–335].
Як падаецца, біяграфія не надта насычана поспехамі, але яна прыцягнула ўвагу шматлікіх жыхароў Светлагорскага раёна, перш за ўсё інтэлігенцыі. Яны ў сваю чаргу стварылі для астатніх скажонае ўяўленне пра гэтую асобу.
1. Генезіс гістарычнага міфа. Трэба сказаць некалькі слоў пра гэнэзіс дадзенага міфа. Вытокі трэба шукаць у дарэвалюцыйным дзекабрыстазнаўстве і пушкіназнаўстве, да якога пэўным чынам меў дачыненне М. Пушчын. Паўстаў міф дзякуючы перш-наперш сябрам сям’і ці людзям, якія цікавіліся пушкінскім асяроддзем. Сярод асоб трэба вылучыць барона А. Я. Розэна, А. С. Гангеблава, А. С. Пушкіна, Л. М. Талстога (які зрабіў яго прататыпам Лабазава – галоўнага героя рамана «Дзекабрысты»), Б. Л. Мадзалеўскага [9, с. 15; 8, с. 335]. Менавіта іх працы заклалі падмурак гэтага міфа.
Але аўтарам, накіраваўшым міф у рэгіянальнае вымярэнне, стаў П. У. Пароменскі (1881 – 1963), ураджэнец Віцебшчыны, першы з вядомых даследчыкаў парыцкай даўніны (а значыцца, і першы, хто ўславіў асобу Пушчына), які ў 1910 г. у кніжцы «Парыцкае жаночае Святой Марыі Магдаліны вучылішча духоўнага ведамства (з нагоды 50-гадовага юбілея вучылішча)» [10] прысвяціў М. Пушчыну асобную главу [10, с. 31–37], дзе ён намаляваў гераічна-ўзнёслы вобраз гэтага чалавека.
Трэба разумець, што кніга стваралася пры падтрымцы сям’і Пушчыных, спадчыннікаў М. Пушчына, якія да таго былі і ганаровымі папячыцелямі вучэльні, і цалкам зразумела, што па-іншаму напісаць П. Пароменскі не меў маральнага права. Чаму менавіта ён, чалавек не тутэйшы, стаў аўтарам кнігі? Адказ просты. Ён быў дасведчаны навуковец, адукаваны чалавек, выпускнік Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, правадзейны сябра Санкт-Пецярбургскага імператарскага археалагічнага інстытута, і як ніхто іншы падыходзіў на гэтую ролю.
Падзеі 1917 – 1921 гг., здаецца, павінны былі пахаваць «пушчынскую спадчыну» на тэрыторыі Светлагорскага раёна, а разам з ёй і гераічны вобраз М. Пушчына. Але міф аказаўся жывучы, ён захаваўся ў агульнасавецкім і беларускім савецкім гістарычным навуковым дыскурсе. Ведалі пра яго перш-наперш дзекабрыстазнаўцы (кшталту акадэміка М. В. Нечкінай – напрыклад, глядзіце падрабязную біяграфію М. Пушчына ў грунтоўным біяграфічным слоўніку «Дзекабрысты» [7]), спецыялісты па сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі XIX ст. і адмене прыгону – такія, як К. І. Кернажыцкі [11], М. Б. Фрыдман [12], В. М. Бусько [13].
А адкрывальнікам ці пераўтваральнікам міфа для жыхароў раёна трэба лічыць Я. Л. Бравер, старэйшага навуковага супрацоўніка Цэнтральнага дзяржаўнага архіва БССР (цяпер Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь), якая ў сваім допісу ў газету «Агні камунізму» за 1969 г. [14, с. 4] паведаміла аб тых матэрыялах з гісторыі роду, якія ёсць у фондах архіва, у загалоўку і ў канцы артыкула акцэнтаваўшы ўвагу на М. Пушчыне як жыхару мястэчка Парычы. Яна памылкова палічыла, што Міхаілу ў 1865 г. было 67 год (блытаючы з датай нараджэння яго брата, насамрэч яму было 65). Але астатнія звесткі былі цалкам слушныя. І яны былі падхоплены С. Н. Прачом, на той час адказным сакратаром раённай газеты.
Менавіта ён стаў натхнённа папулярызаваць асобу М. Пушчына і род Пушчыных у цэлым, напісаўшы стос артыкулаў у раённым друку і навуковай перыёдыцы [15; 9], склаўшы звароты ва ўстановы і арганізацыі, каб высветліць акалічнасці жыцця Пушчына. Знайшоў кнігу П. Пароменскага, аб чым паведамляе афіцыйны ліст з Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна за № 50 ад 25 студзеня 1983 г., які захоўваецца ў мясцовым музеі. Менавіта яму мы павінны дзякаваць за такія тапонімы, як плошча Братоў Пушчыных

 

і вуліца М. І. Пушчына ў Парычах, за добраўпарадкаванне магілы Міхаіла і Марыі Пушчыных.
Таксама маюць дачыненне да распаўсюджвання міфа такія аўтары, як У. Я. Мігай, А. У. Русіновіч, П. Ванін, А. Ілімовіч, І. Р. Катляроў, У. А. Баравік, Ю. Кажамяка, У. П. Кохна [4, 16–19 і інш.].
Ненаўмысна, па недасведчанасці, але ўсё ж такі далучыўся да гераізацыі і аўтар гэтага артыкула ў адной са сваіх папярэдніх прац [20, c. 97]. Там са слоў П. Пароменскага апавядалася пра пахаванне М. Пушчына. Ухваліўшы, як цяпер аказваецца – памылкова, уяўленую П. Пароменскім чалавечнасць і чуласць да мясцовага люду з боку Пушчына. Трэба заўважыць, што тут удзячнасць Пушчыным і уласна М. Пушчыну за стварэнне вучэльні перабольшылі дакументальныя сведчанні, і ўраджэнец Віцебшчыны П. Пароменскі падае пажаданае за рэальнае, не будучы асабіста знаёмым ні з Марыяй Якаўлеўнай, ні з Міхаілам Іванавічам Пушчынымі.
Першым даследчыкам, які выказаў ідэю аб крытычным пераасэнсаванні ролі М. Пушчына ў рэгіянальным вымярэнні, быў журналіст, публіцыст і краязнаўца В. А. Раманцоў. Ён у сваім эсэ «Пушчыны-дзекабрысты, мае землякі!!!» [21] зрабіў спробу пераасэнсавання месца роду Пушчыных у мясцовым краязнаўстве і грамадска-палітычнай думцы. Аўтар, на нашу думку, мае рацыю, але ў эсэ не хапае дакладных спасылак, сур’ёзнасці аргументацыі выказаных думак і сістэмнасці аналізу менавіта асобы М. Пушчына, бо праблема, якая пастаўленая аўтарам эсэ, больш шырокая.
Каб развеяць міфы пра М. Пушчына, нам падаецца, трэба пракаментаваць спрэчныя моманты, датычныя яго асобы, і зрабіць гэта з апорай на фундаментальныя даследаванні і вядомыя нам як апублікаваныя, так і архіўныя крыніцы, якія дазволяць скласці больш адпаведнае рэчаіснасці ўяўленне аб ім.
Пры гэтым мы не ставім пад суменне зроблены ім і яго жонкай уклад на карысць эканомікі, транспартнай сеткі, царквы і царкоўнага жыцця, а таксама сістэмы адукацыі края, але гэтыя факты збольшага агульнавядомыя і агульнадаступныя, і не варта на іх засяроджваць увагу. Дастаткова паглядзець працу П. Пароменскага [10] і кнігу «Памяць» [22, с. 49–60, 67–70, 77–85], дзе на гэты конт дастаткова звестак. Мы падаём перш-наперш кампраметуючыя звесткі дзеля таго, каб парушыць стэрэатып аб падзеле асоб на «герояў» ды «злодзеяў», забыцца на манахромнае ўспрыманне асобы, і прытрымліваемся думкі, што ў кожным чалавеку хапае і «белага» і «чорнага», заклікаем разглядаць асобу комплексна.
2. Пушчын і дзекабрызм. Няма ніякіх падстаў лічыць М. Пушчына ідэйным і апантаным дзекабрыстам, які мог бы планаваць штосьці супраць самаўладдзя. Як даводзіць «Алфавіт членам былых зламысных тайных таварыстваў да справы, праведзенай высока заснаванай 17 снежня 1825 года следчай камісіяй, укладзены ў 1827 годзе» («Алфавит членам бывших злоумышленных тайных обществ к делу, произведенному высочайше учреждённою 17 декабря 1825 года  следственною комиссией, составленный в 1827 году») [7, с. 213], і па ўспамінах барона А. Я. Розэна [8, с. 334], ён толькі за 2 дні да выступлення на Сенацкай плошчы даведаўся пра планы змоўшчыкаў.
Ды і наступныя паводзіны яго не надта ўражваюць. Вось дакумент: прашэнне М. Пушчына на імя імператара Мікалая I ад 8 чэрвеня 1826 г., якое было выяўлена пскоўскім прафесарам Я. П. Івановым у Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі ў Маскве і якое яго яскрава характарызуе:  «Я быў упэўнены, што хтосьці распусціў ілжывую чутку і што быць не можа, каб Гаспадар Цэсарэвіч і з нейкай ганарыстасці быць аднаго меркавання з людзьмі, якіх лічыў значна разумней за сябе, падаваў голас на тое, каб памкнуцца на плошчу, тады як да сораму невуцтва свайго ніякай канстытуцыі (дзекабрыстаў – заўвага аўтара) ніколі нават і не чытаў».
Далей М. Пушчын тлумачыць свае паводзіны на плошчы, дзе знаходзіўся сярод змоўшчыкаў: «...але так што ўжо па дурасці сваёй заблытаўся, то па слабасці розуму свайго не ведаў, як адхіліць сябе ад гэтай справы, і як бы страшыўся абвясціць прама свой цвёрды намер не ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Калі асабіста Ваша Вялікасць ганаравалі спытаць мяне, то цяпер паведаміў, што ведаў аб змове, таму што не асмеліўся інакш сказаць... У Камітэце (следчым – заўвага Я. Іванова), саромеючыся паказаць сябе ў сучасным выглядзе, уклаў сабе ў галаву, што павінен апраўдвацца... Наконт ліста Назімаву (12 снежня Пушчын пісаў Назімаву ў Пскоўскую губерню, дзе той знаходзіўся на адпачынку, і прасіў яго прыехаць у сталіцу – заўвага аўтара) павінен паведаміць, што Рылееў сказаў мне, што робіць Назімаў, напішы яму, каб ён прыехаў. Назімаў жа пісаў мне перш, што хутка будзе, і я напісаў яму так, каб узбудзіць яго цікаўнасць і прымусіць яго прыехаць; не паведаміў гэтага ў Камітэце, баючыся, каб не палічылі яго прыналежным да таварыства (Паўночнага – заўвага аўтара), як і мяне палічылі». Далей М. Пушчын тлумачыць чыннік дадзенага прашэння неабходнасцю палегчыць сваё сумленне [23].
Таксама шмат розначытанняў з рэальнасцю маецца па пытанні суровасці пакарання М. Пушчына. Як фармулюецца вырак, глядзіце ў прыведзенай кароткай біяграфіі. Услед за працамі С. Прача [напр., 9, с. 16] замацавалася думка, што дваранства яму вярнулі толькі падчас амністыі 1856 г., хаця тады быў канчаткова ліквідаваны кантроль тайнай паліцыі і зняты цэйтлік «недобранадзейны». Не ўлічваецца і практыка прымянення дадзенага пакарання. С. Прач і яго аднадумцы ацэньваюць з пазіцыі свайго (савецкага) часу сэнс слова «разжалаванне». Для аб’ектыўнасці разгляду дастаткова заглянуць у адпаведны артыкул «Энцыклапедыі Бракгауза і Эфрона» [24]. Яна даводзіць, што разжалаваным у радавыя не мог надавацца чын унтэр-афіцэра, яны не мелі права на адпачынак, звальняцца ў запас, выпраўляцца ў камандзіроўкі («Збор ваенных пастаноў», кн. VII, арт. 60, 556, 634, 727). За выключэннем толькі выпадкаў выдатнага подзвігу, мелі магчымасць атрымаць афіцэрскі чын не іначай, як пасля спецыяльнага дазвалення імператара, у якім даводзілася, што панесенае пакаранне не перашкаджае набыццю афіцэрскага чыну ці ўзнагароды кшталту ордэна. Прычым гэтае прашэнне разжалаваны меў права падаць толькі праз 3 гады пасля вынясення пакарання [22]. Зыходзячы з акалічнасцей біяграфіі Пушчына, бачна, што ён у 1830 г. ужо адноўлены ў дваранстве і правах грамадзянскіх, акрамя магчымасці жыць у Маскве і Санкт-Пецярбургу, тайнага нагляду паліцыі і вольнага выезду за мяжу.
Падсумоўваючы сказанае, заўважым, што 3-гадовы тэрмін у параўнанні з пакараннем хаця б таго ж Івана Пушчына, малы і няжорсткі. Да таго ж на Каўказе яго не надта абцяжарвалі ў службе, пра што магчыма меркаваць з Пушкінскага «Падарожжа ў Арзрум» [25], дзе той сустрэў Пушчына, а таксама з успамінаў самога М. Пушчына [26].
3. Стаўленне да людзей, асабістыя якасці і перакананні. Больш агіды выклікае Пушчын у пытаннях адносін да «маўклівай большасці» землякоў (азначэнне савецкага медыевіста А. Я. Гурэвіча). Гэтая думка грунтуецца на значнай колькасці яго меркаванняў, зафіксаваных дакументальна, хаця насуперак гэтаму ў грамадскай думцы і крязнаўчай і навуковай літаратуры яго адносіны падаюцца ў ружовых колерах. Але, каб не падацца галаслоўнымі, прывядзём некалькі яго выказванняў.
Вось як ён выказаўся аб сваіх сялянах і мясцовых яўрэях у інвентары Парыцкага маёнтка ад 20 студзеня 1845 г. (аб акалічнасцях вакол дадзенага інвентару гл. артыкул «Парыцкі рэгіён па матэрыялах фамільнага фонду Пушчыных у ІРЛІ РАН: да гісторыі стварэння фонду» [27]): «Заўважная адметнасць сялян наогул усяго тутэйшага краю – гэта бяздзейнасць, лянота, няруплівасць і п’янства. Рэдка сустракаецца стараннасць у адносінах да працы як на панскай гаспадарцы, так і ўласна на сваёй. Селянін не можа абысціся без прымусу і найпільнейшага нагляду. Мноства габрэяў, якія напоўнілі гэты край, можна прыпадобніць раку, які распаўсюджвае сваю галіну, глыбока пушчаную, і смяротна ўражвае ёю. Самыя лепшыя здагадкі паралізуюцца габрэямі. Нягледзячы на нармалёвы кошт віна, урадам усталяваны, габрэі паўсюдна прадаюць віно танней і тым прываджваюць да сабе сялян, прымаюць скрадзеныя рэчы, і селянін часта цягне да іх апошні хлеб, апошняе сваё сена, таму што габрэі даказваюць яму ясна як дзень, што пан павінен пракарміць як яго (селяніна), так і вала яго. Габрэі думаюць за селяніна, таму што ў апошняга паралізавана цалкам здольнасць думаць…» [28, арк. 5].
Шмат падобнага ў поглядах на яўрэйскае пытанне М. Пушчын мае з пэўнымі асобамі з найноўшай гісторыі. Вось што ён піша ў сваёй «Запісцы аб уладкаванні быту габрэйскага насельніцтва ў Заходніх губернях Расіі» [12 лютага 1859 г.], якая захоўваецца ў Рукапісным аддзеле ІРЛІ РАН (малюнак 3): «Габрэяў неабходна сабраць у цэнтры паселішчаў, у гарады і мястэчкі (выдзяленне аўтара); дзеля адукацыі і выхавання іх юнацтва адкрыць рэальныя школы і майстэрні пад наглядам давераных ад урада асоб. Частку скрынкавага з іх збору вярнуць на стварэнне фабрык і рамесных устаноў» [27, арк. 1–2]. У гэтым дакуменце ён таксама выяўляе іншыя стэрэатыпныя для антысеміта думкі наконт яўрэйства і ўскосна погляд на мясцовых сялян. «Не прызнаючы вучэння Хрыстова, збліжаныя з сялянамі, яны зацямняюць іх паняцці рэлігійныя і абцяжарваюць духоўную, а ўслед таго і маральную іх адукацыю» [29, арк. 1]. Ён лічыць, што ўсе яўрэі вымагальнікі, якія абавязкова павінны быць адцягнуты ад гандлю віном [29, арк. 1].
Не менш ксенафобскія ён меў і палітычныя перакананні. У якасці ілюстрацыі прывядзём тэкст напісанага яго ўласнай рукою «Прашэння дваран Мінскай губерні да Гасудара Імператара Аляксандра II па пытанні аб умацаванні за Расіяй Заходняга краю» [1863 г.]: «У цяперашні час, як ва ўрадных поглядах, так і ва ўсведамленні грамадскім, выпрацавалася тая ісціна, якая ясна паказвае шлях для поўнага і непарушнага замацавання за Расіяй Паўночна-Заходняга краю ён выяўлены неаднаразова, цвёрдым намерам В.[ашай] І.[мператарскай] В.[ялікасці] рознымі мерамі дасягнуць яго “обрусения”.
З поўным блаславеннем прад Высокім Памкненнем В.[ашай] І.[мператарскай] В.[ялікасці] да выгоды нашай “любезнай Айчыны”, мы, невялікая колькасць Рускіх дваран землеўладальнікаў Мінскай губерні, гатовыя ўсімі здольнасцямі нашымі садзейнічаць усякай справе, Вамі наканаванай, і спажыць усе магчымыя меры дзеля дасягнення вялікай мэты. Але, не маючы да таго дастатковых сродкаў, просім Вашу Вялікасць, даць нам зброю для дзеяння, і тады мы, насаджэнне Вялікай Кацярыны, пры дапамозе Божай і ласкі Найвышэйшай В.[ашай] І.[мператарскай] В.[ялікасці] выканаем Грамадзянскі абавязак наш, пакладзём правільны і цвёрды пачатак той справе, накіраваўшы яго адпаведна мясцовым умовам і запатрабаванням» [30].
У навуковай літаратуры і грамадскай думцы такая ідэалогія атрымала назву «заходнерусізм», прадстаўнікі якога на Беларусь і беларусаў глядзелі скептычна, не прызнаючы іх самастойнасці. У сувязі з гэтым ужыванне ў дачыненні да нашых зямель назвы «Паўночна-Заходні край», «Заходні край» у апошняй цытаце сімптаматычае і яскрава прэзентацыйнае.
Самае цікавае, што ён меў пэўныя разыходжанні і спрэчкі нават з прадстаўнікамі праваслаўнага духавенства. Вось што мы чытаем у дзённіку мінскага архіепіскапа Міхаіла за 8 верасня 1860 г.: «з Пушчыным адбылася ў мяне малая спрэчка аб плаце за кожную навучэнку па 12 рублёў» [31, с. 121].
4. Пушчын і аграрная рэформа 1861 г. Не менш скажона апісваюцца ў краязнаўчай літаратуры і мясцовай публіцыстыцы адносіны М. Пушчына да аграрнай рэформы 1861 г. Як і ў іншых аспектах, датычнасць да працы Маскоўскай губернскай камісіі па рэалізацыі аграрнай рэформы 1861 г. [8, с. 333–335] у вачах мясцовага люду з’яўляецца дастатковай падставай лічыць М. Пушчына вызваліцелем сялян, дэмакратычнай і ліберальнай асобай. Пры гэтым не бяруцца да ўвагі яго меркаванні і думкі па праблеме, нават не ставілася пытанне аб тым, да якога лагера (кансерватараў ці лібералаў) ён належыў, па змоўчанні ён запісваўся да другога лагера.
Як ён сапраўды ставіўся да адмены прыгону – гэта таямніца, вартая асобнага вывучэння і разгляду. Зыходзячы з прац М. Фрыдман, В. Бусько і папер самога М. Пушчына, мы можам меркаваць аб наступным.
М. Пушчын увайшоў у склад камісіі для абароны правоў памешчыкаў і сябе ў тым ліку. В. Бусько прыводзіць думку М. Фрыдман  аб меркаваннях М. Пушчына, які ўхваляў тое, што сяляне маглі атрымаць зямлю толькі на ўмовах выкупу, што дазволіла б памешчыкам «ператварыць сваю гаспадарку і дало б земляробству патрэбнае развіццё» [13, с. 19; 12, с. 88]. Сам Пушчын, як нам стала вядома, лічыў, што не варта даваць шмат сенакосаў у рукі сялян; нягледзячы на нарматывы, пазначаныя ў адпаведнай інструкцыі, ён заклікаў паменшыць велічыню сенакосаў для сялян [32]. Улічваючы яго стаўленне да мясцовых сялян, прыведзеныя раней факты даюць нам падставу казаць, што М. Пушчын не лічыў сябе сялянскім дабрадзеем і вызваліцелем ад прыгону, не быў лібералам па перакананням, вырашаючы ўсюды свае карысныя прыватныя інтарэсы. Што, канешне, не дадае геройскасці яго асобе, але пралівае святло на рэальны стан рэчаў ва ўчынках, думках і памкненнях гэтага чалавека.
Высновы. Вобраз-міф аб М. І. Пушчыне як чулым і дабрачынным гаспадары ў дачыненні да жыхароў маёнтка, які сфарміраваўся ў гістарычнай навуцы, а таксама грамадска-палітычнай думцы Светлагорскага раёна, хаця і з’яўляецца трывалым, але не мае пад сабою ніякага абгрунтавання. Гэты міф быў створаны з лёгкай рукі блізкага акружэння яго спадчыннікаў, якое выдала пажаданае за гістарычную рэчаіснасць. На падставе крыніц М. Пушчын малюецца ў рэгіянальнай гісторыі як заходнерус, антысеміт і ксенафоб, які непаважліва ставіцца да мясцовага люду. Ці варта яго гераізаваць на мясцовым узроўні і браць за ўзор па жыцці? Мне падаецца, не. Бо гэта было б несумленна ў адносінах да памяці соцень звычайных сялян, землякоў і нашых продкаў непасрэдна. Тым больш не варта залічваць яго ў катэгорыю «землякі», як тое было зроблена ў асобных публікацыях. Вядомы жыхар Парычаў – так, але не болей. Не вартая захавання, на нашу думку, прысутнасць М. Пушчына ў тапаніміцы горада Светлагорска, бо ён не меў да яго (у тым ліку тагачасных Шацілак) дачынення. Але назва вуліцы ў Парычах у яго гонар мае поўнае права на існаванне, месца пахавання павінна быць дагледжана, і гэтага, мяркуем, дастаткова.

СПІС ІЛЮСТРАЦЫЙ
Малюнак 1  – М. Пушчын. Аўтар фота невядомы, 1860-я гг.
Малюнак 2 – Шыльда на будынку Светлагорскай дзіцячай школы мастацтваў аб наданні плошчы, што да яе прылягае, імя братоў Пушчыных
Малюнак 3 – Будынак ІРЛІ РАН (г. Санкт-Пецярбург,  Расія), дзе захоўваецца частка эпісталярнай і гаспадарчай спадчыны М. Пушчына. Фота У. Валахонскага

СПІС ЛІТАРАТУРЫ
1. Фота Михаила Пущина, 1860-е гг. // Санкт-Петербургские ассамблеи [Электронны рэсурс]. – 2008. – Рэжым доступу: http://www.orbis.spb.ru/decabrist/lic/all/213.htm – Дата доступу: 28.03.2008.
2. Музей Пушчыных // Агні камунізму. – 1988. – 30 студзеня. – С. 4.
3. Михаил Иванович Пущин // Земляки : История Светлогорска в лицах. / Сост. Г.И. Захаренко. – Мозырь : Колор, 2001. – С. 90–92.
4. Кохно, В. Предки выстроили храм – мы едва снести его сумели / В. Кохно // Гомельская праўда. – 2005. – 2 верасня. – С. 4.
5. Грыцкевіч, В. Гісторыя і міфы / В. Грыцкевіч – Мінск : БелФранс, 2000. – 205 с.
6. Гронский, А.Д. Кастусь Калиновский: конструирование героя / А.Д. Гронский // Беларуская думка. – 2008. – № 2. – С. 82–87.
7. Декабристы: биографический справочник / Под ред. М.В. Нечкиной. – М. : Наука, 1988.
8. Модзалевский, Б. Пущин Михаил Иванович / Б. Модзалевский // Русскій біографіческий словарь: Притвицъ – Рейсъ / Под наблюденіем председателя Императорского Русского Исторического общества А.А. Половцова. – СПб. : Типографія Императорской Академіи наукъ, 1910. – С. 333–335.
9. Прач, С. Дзекабрысты Пушчыны / С. Прач // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. – 1986. – № 1. – С. 15–16.
10. Пароменский, П. Паричское женское Святой Марии Магдалины училище духовного ведомства (по случаю 50-летняго юбилея училища) / П. Пароменский. – СПб. : Синодальная типография, 1910. – 135 с.
11. Кернажыцкі, К.І. Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з XVII да паловы XIX ст. / К.І. Кернажыцкі. – Мінск : Друкарня БАН, 1931. – 149 с.
12. Фридман, М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии / М.Б. Фрыдман. – Мінск : БДУ, 1958. – 201 с.
13 Бусько, В.Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX – начала ХХ в.: Очерки / Под ред. М.В. Научителя. – Мінск : Наука и техника, 1990. – 144 с.  
14. Бравер, Я. Дзекабрыст Міхаіл Пушчын жыў у Парычах / Я. Бравер // Агні камунізму. – 1969. – 25 верасня. – С. 4.
15. Прач, С.Н. Дзекабрыст Міхаіл Пушчын / С.Н. Прач // Агні камунізму. – 1982. – 8 студзеня. – С. 4.
16. Мігай, У. Пушчынскі раяль / У. Мігай // Агні камунізму. – 1988. – 17 снежня. – С. 4.
17. Катляроў, І. Вяртанне ўдзячнай памяці / І. Катляроў // Агні камунізму. – 1989. – 21 снежня. – С. 4.
18. Баравік, У.А. Сустрэчы з Пушчынымі / У.А. Баравік // Светлагорскія навіны. – 1996. – 6 лістапада. – С. 7.
19. Кажамяка, Ю. Асветніца: Аб дзейнасці М. Я. Пушчынай у Парычах / Ю. Кажамяка // Агні камунізму. – 1991. – 13–18 красавіка.
20. Петухов, А.В. Дворянский род Пущиных и Беларусь / А.В. Петухов // Творчество молодых, 2007 : сборник научных работ студентов и аспирантов (23 мая 2007 г., г. Гомель). – УО «ГГУ им. Ф. Скорины», 2007. – С. 97. – Доступ праз інтэрнэт: http://www.gsu.by/pages/vakolica/publications.html. – Дата доступу: 20.08.2011.
21. Раманцоў, В. Пушчыны-дзекабрысты, мае землякі!!! / В.А. Раманцоў // Рэгіянальны партал – Светлагорск [Электронны рэсурс]. – 19.05.2009. – Рэжым доступу: http://svetlahorsk.belarda.org/index.php?mod=news&id=60. – Дата доступу: 21.09.2011.
22. Памяць. Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. – Мінск : Беларусь, 2000. – Кн. 1. – С. 51–52.
23. Иванов, Е. Два обращения декабристов к Николаю I / Е. Иванов / Псковский хронограф. 2001. № 7 // Псков city [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.pskovcity.ru/hronograf7.htm – Дата доступу: 20.04.2010.
24. Разжалованіе в рядовые // Энциклопедический словарь в 86 т. Т. XXVI (51): Рабочая книжка – Резолюция. – СПб. : издательство Брокгауза и Ефрона, 1899. – С. 158.
25. Пушкин, А.С. Путешествие в Арзрум во время похода 1829 года / А.С. Пушкин // Современник. – 1836. – Т. 1. – С. 17–84. – Доступ праз інтэрнэт: http://www.pushkinskijdom.ru/Default.aspx?tabid=8972 – Дата доступу: 26.07.2011.
26. Пущин, М.И. Встреча с Пушкиным за Кавказом / М.И. Пущин // Пушкин в воспоминаниях современников. – 3-е изд., доп. – СПб. : Академический проект, 1998. – Т. 1–2. Т. 2. – 1998. – С. 97–103. – Доступ праз інтэрнэт: http://feb-web.ru/feb/pushkin/critics/vs2/vs2-097-.htm – Дата доступу: 29.07.2011.
27. Петухоў, А.В. Парыцкі рэгіён па матэрыялах фамільнага фонду Пушчыных у ІРЛІ РАН: да гісторыі стварэння фонду / А.В. Петухоў // Шацілкаўскія чытанні : матэрыялы II гіст.-краязн. канф. (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010 г. / Светлагорскі гіст.-краязн. музей ; уклад. Т.В. Маслюкоў, В.А. Раманцоў. – Светлагорск, 2011. – С. 59–65. – Доступ праз інтэрнэт: http://svetlahorsk.belarda.org/index.php?id=0186 – Дата доступу: 23.07.2011.
28. Пущин, М.И. Тетрадь «Статистика Местечка Паричи», составленная в [20.01.1845 г.] году генерал-майором Михаилом Ивановичем Пущиным / М.И. Пущин // Рукописный отдел Института Русской литературы Российской Академии наук (далее – РО ИРЛИ РАН). – Фонд 248. – Ед. хр. 6268. – 57 л.
29. Пущин, М.И. Записка Об устройстве быта Еврейского населения в Западных губерніях Россіи / М.И. Пущин // РО ИРЛИ РАН. – Фонд 248. – Ед. хр. 6285 (XXXIII б. 5). – Л. 1–2 об.
30. Пущин, М.И. Прошение, его рукою, дворян Минской губерніи къ Государю Императору, Александру II по вопросу об укрепленіи за Россией Западного края / М.И. Пущин // РО ИРЛИ РАН. – Фонд 248. – Ед. хр. 6312 (XXXIII б. 12). – Л. 1–1 об.
31. Янушкевіч, Я. Дыярыуш з XIX стагоддзя: Дзённікі М. Галубовіча як гістарычная крыніца / Я. Янушкевіч. – Мінск : В. Хурсік, 2003. – 350 с.
32. Пущин, М.И. Нормативное отношение сенокоса к пахотным полям, указанное в Инструкции для руководства поверочным комиссиям ошибочно ими понимается / М.И. Пущин // РО ИРЛИ РАН. – Фонд 248. – Ед. хр. 6285 (XXXIII б. 5). – Л. 3, 3 об., 4–4 об.

20.10.2011.

SUMMARY

Petuhou Aliaksandr Vasilievich. Michail Pushchin in the Regional Dimension. Deconstruction of the Hero's Image.
The author has attempted to debunk the historical-heroic myth about M. I. Pushchin as a local hero. The author also considers the genesis of this myth, the motivation and conditions of creation of its  elements.

РЕЗЮМЕ

Петухов Александр Васильевич. Михаил Пущин в региональном измерении: деконструкция героического образа.
Предпринята попытка развенчания историко-героического мифа о М. И. Пущине как местном герое. Рассматривается также генезис данного мифа, мотивация и условия создания тех или иных элементов его конструкции.



Warning: Unknown: write failed: Disk quota exceeded (122) in Unknown on line 0

Warning: Unknown: Failed to write session data (files). Please verify that the current setting of session.save_path is correct (/tmp) in Unknown on line 0