ПАРИЧИ
СПРАВОЧНО - ИНФОРМАЦИОННЫЙ ПОРТАЛ Г.П. ПАРИЧИ

Светлогорские чтения / Вторые Светлогорские чтения / Маслюкоў Т. В., Мухамедава Н. Р.

К списку >>


Маслюкоў Т. В., Мухамедава Н. Р.

МАЛАВЯДОМЫЯ ФОТАДАКУМЕНТЫ АБ ЧЫГУНКАХ БЕЛАРУСІ 1919 – 1921 гг.

Вывучэнню гісторыі чыгунак Беларусі даследчыкі надаюць належную ўвагу [1]. Аднак фотадакументаў па перыяду 1919 – пачатку 1920-х гг., які наступіў за І сусветнай вайной, апублікавана няшмат. У гэтым артыкуле мы ставім за мэту даць характарыстыку невядомай у Беларусі калекцыі, якая маецца ў г. Чэлябінску (Расія).  
У Чэлябінскім абласным краязнаўчым музеі захоўваюцца дакументы і матэрыялы з асабістага архіва інжынера-будаўніка Паўла Іванавіча Іскоскава (1888 – 1976), пад кіраўніцтвам якога ўзведзены многія значныя ў Чэлябінску аб’екты [2]. Матэрыялы былі знойдзены ў будынку музея па вул. Каслінскай, 15 і аформлены старшым навуковым супрацоўнікам У. С. Бажэ 13 снежня 1983 г. Хутчэй за ўсё, яны былі атрыманы пасля 1976 г. вучоным сакратаром музея Н. Я. Савінай ад дачкі Іскоскава – Алы Паўлаўны Іскоскавай.
Сярод перададзеных ёю дакументаў – 4 альбомы фатаграфій. Здымкі адлюстроўваюць у асноўным аднаўленне чыгуначных мастоў у 1919 – 1921 гг., разбураных на тэрыторыі Беларусі падчас Першай сусветнай вайны і іншых ваенных дзеянняў тых часоў (малюнак 1).


У чэрвені 2008 г. у музей звярнулася Чэлябінскае тэлебачанне з просьбай прадставіць матэрыялы аб П. І. Іскоскаве ў сувязі з яго 120-гадовым юбілеем. Для ўдакладнення звестак, якія тычацца сям’і Іскоскавых, у музей была запрошана пляменніца Іскоскава – Ірына Іванаўна Іскоскава. Ад яе былі атрыманы вусныя каментарыі да фатаграфій і звесткі аб сям’і. На цяперашні час у Чэлябінску пражывае толькі пляменніца Іскоскава, а яго ўнукі жывуць у Маскве.
Па матэрыялах VI навукова-практычнай канферэнцыі «Прыродная і культурная спадчына Урала», якая прайшла ў Чэлябінскім музеі ў 2008 г., на сайце музея былі размешчаны 11 фотаздымкаў з калекцыі П. І. Іскоскава [3]. Сярод іх – здымкі, зробленыя пры аднаўленні мастоў на р. Бярэзіна, Заходняя Дзвіна і Мышанка. На здымак, які зроблены на Бярэзіне, звярнуў увагу жыхар г. Светлагорска (да 1961 г. – г. п. Шацілкі) Гомельскай вобласці У. Папоў – рэдактар навін мясцовага тэлебачання. Ён правільна суаднёс фота з мясцовасцю і вызначыў, што яно знята ля Шацілак (малюнак 2).

Па яго прапанове напрыканцы 2009 г. на адным з сайтаў чыгуначнай тэматыкі дадзены здымак размясціў і пракаментаваў А. Скуратаў [4]. Гэта паспрыяла таму, што аб матэрыялах П. І. Іскоскава стала вядома ў Беларусі.
П. І. Іскоскаў нарадзіўся ў Чэлябінску, у 1916 г. скончыў інжынерна-будаўнічае аддзяленне Пецярбургскага політэхнічнага інстытута. У 1916 – 1919 гг. працаваў памочнікам начальніка ўчастка шляху Аляксандраўскай чыгункі на станцыі Вязьма (Смаленская губерня, зараз Смаленская вобласць, Расія). Затым быў прызначаны начальнікам Галаўнога цягніка № 3 Народнага камісарыята шляхоў зносін РСФСР па аднаўленні мастоў (1919 – 1922 гг.). Спрошчана такі цягнік называўся «галаўны атрад рамонту мастоў», ці «гарам». Сярод дакументаў маецца «Спіс аўтарскіх работ Іскоскава Паўла Іванавіча». Ён складзены ад рукі на аркушы школьнага сшытка ў лінейку, напісаны самім П. І. Іскоскавым:
«Масты на Заходнім фронце.
1. Аднаўленне чыгуначнага маста праз р. Прыпяць каля ст. Калінкавічы Заходняй чыгункі. 1919 г.
2. Тое самае. Масты праз р. Бярэзіну каля станцыі Шацілкі Заходняй чыгункі. 1919 г.
3. Мост праз Заходнюю Дзвіну горада Полацка і паромная пераправа для чыгункі. 1920 г.
4. Тое самае. Аднаўленне маста праз р. Нёман каля ст. Ваўкавыск Заходняй чыгункі. 1920 г.
Праектаваў на месцы. Аўтар праекта і начальнік работ па аднаўленню. 1919 г.»
Агульная колькасць фотаздымкаў у альбомах П. І. Іскоскава – каля 200. Яны выраблены ў звычайным для таго часу манахромным (чорна-белым) выкананні. Відавочна, што ўсе здымкі зняты прафесійнымі фатографамі, якія працавалі ў цягніку па аднаўленні мастоў. Відавочна таксама, што здымкі рабіліся ў асноўным з дакументальнымі мэтамі, верагодна, для справаздач аб ходзе аднаўлення. Можна меркаваць, што частка вырабленых асобнікаў паступала П. І. Іскоскаву альбо набывалася ім і затым была захавана інжынерам.
Фатаграфіі маюць высокую якасць і добрую захаванасць. На групавых здымках (нават з вялікай колькасцю людзей) пры павелічэнні добра бачныя твары. Можна ў падрабязнасцях разгледзіць дэталі форменнага адзення, чыгуначнай тэхнікі, абсталявання, надпісы на лакаматывах і вагонах і г. д.
На некаторых здымках маецца штамп фатографа і тлумачальныя надпісы, зробленыя П. І. Іскоскавым (на руск. мове). На зваротным боку здымкаў надпісы не выяўлены.
Здымкі можна згрупаваць: 1) па магчымасці вызначэння даціроўкі; 2) па змесце; 3) па магчымасці вызначэння месца, якое адлюстравана на фота.
Па магчымасці вызначэння даціроўкі фота варта размеркаваць на 2 групы: а) здымкі, па якіх маюцца звесткі аб годзе фатаграфавання; б) здымкі, звесткі аб годзе фатаграфавання якіх адсутнічаюць.
Да першай групы адносяцца фота, якія надпісаны П. І. Іскоскавым. Большасць надпісаў змяшчаюць год фатаграфавання, напрыклад: «р. Вілія. – 1919 г.» (захоўваем асаблівасці правапісу і стылю арыгінала). На здымку маста ля в. Шацілкі надпісаны больш падрабязныя звесткі: «Мост на р. Бярэзіна, адв. 178.22 саж. лініі Жлобін – Калінкавічы. Пачаты “1” жніўня. Закончаны “20” верасня 1921 г.» (малюнак 3).

Скарачэнні: «адв.» – «адверсце», адлегласць паміж берагавымі асновамі маста; «саж.» – сажняў. (Заўважым, што даты не супадаюць з годам аднаўлення маста ля Шацілак, які названы ў вышэйпададзеным спісе аўтарскіх работ. Магчыма, мост аднаўляўся двойчы.) Да гэтай групы адносяцца і фота, на якіх час хоць і не пазначаны, але якія па змесце суадносяцца з суседнімі здымкі з паметкамі. Дадатковую інфармацыю для даціроўкі дае пара года, якая адлюстравана на здымках.
Да другой групы адносяцца фота, даціроўка якіх не пазначана і патрабуе дадатковай працы. Напрыклад, паметкі П. І. Іскоскава нехарактэрныя для здымкаў, якія маюць штамп: «фатограф 3-га Эксп. чыгуначн. атраду КУТУЗАЎ» (малюнак 4).

Магчыма, усе яны адносяцца да нейкага аднаго перыяду. Разам з тым, маюцца здымкі як без штампа, так і без надпісу.
Па змесце вылучаюцца 3 групы здымкаў: а) разбураныя масты, часам – з групамі людзей (малюнак 5);

б) праца па аднаўленні мастоў (малюнак 1); в) групы людзей, мерапрыемствы, групавыя партрэты (малюнкі 6, 7).


Па магчымасці вызначэння месца фатаграфавання здымкі можна падзяліць таксама на 3 групы: а) з дакладна вызначаным месцам фатаграфавання; б) з прыблізна вызначаным месцам; в) месца фатаграфавання якіх не вызначана.
Да першай з названых груп адносяцца здымкі, на якіх месца фатаграфавання пазначана П. І. Іскоскавым, і яно дакладна суадносіцца з пэўным геаграфічным пунктам. Да такіх здымкаў адносіцца, напрыклад, фота маста на р. Бярэзіна на лініі Жлобін – Калінкавічы (малюнак 3). Гэтая лінія перасякае Бярэзіну ў адным месцы – ля Шацілак, якія ў той час былі вёскай Парыцкай воласці Бабруйскага павету БССР. Як і ў выпадку з вызначэннем даціроўкі, да гэтай групы адносяцца і фота, на якіх месца хоць і не пазначана, але змест якіх суадносіцца з суседнімі здымкамі з паметкамі.
Да другой групы можна аднесці фота, на якіх П. І. Іскоскаў пазначыў месца фатаграфавання, але неабходна правесці дадатковую працу, каб суаднесці яго з дакладным геаграфічным пунктам. Напрыклад, на адным са здымкаў пазначана: «р. Унеча. лініі Бранск – Гомель. – 1919 г.». Аднак дадзеная чыгуначная лінія перасякае р. Унечу ў 2 пунктах: ля г. Унеча і ля в. Робчык Унечскага раёна (Бранская вобласць, Расія).
Большасць здымкаў, якія атрымалася суаднесці з мясцовасцю, зняты ў Беларусі. Здымкі зроблены на р. Бярэзіна, Вілія, Заходняя Дзвіна, Мышанка і інш.
Разгледжаная намі калекцыя фотадакументаў істотна пашырае кола крыніц па гісторыі чыгунак Беларусі. Дадзеныя здымкі могуць таксама служыць ілюстрацыямі ў публікацыях аб перыядзе 1919 – 1920-х гг.

30.08.2011.

ІЛЮСТРАЦЫІ

Малюнак 1 – Агульны выгляд работ па аднаўленні маста. У поўным маштабе здымка на берагах бачны чыгуначныя саставы аднаўленчага атрада
Малюнак 2 – Аднаўленне маста праз р. Бярэзіну ля в. Шацілкі. У поўным маштабе здымка на супрацьлеглым беразе бачны састаў аднаўленчага цягніка
Малюнак 3 – Аднаўленне маста праз р. Бярэзіну ля в. Шацілкі. У поўным маштабе здымка бачны надпісы на паравозе і вагоне
Малюнак 4 – Штамп фатографа
Малюнак 5 – Група людзей ля разбуранага маста праз р. Мышанку. У поўным маштабе здымка бачны надпіс з назвай ракі на шыльдзе
Малюнак 6 – Група людзей ля маста. У поўным маштабе здымка бачны твары людзей
Малюнак 7 – Фотапартрэт групы людзей (фрагмент здымка). П. І. Іскоскаў стаіць з правага боку


СПІС ЛІТАРАТУРЫ

1.    Киштымов А. Этапы железнодорожного строительства на Беларуси [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/almanach/07/07kisztymov.htm – Дата доступу: 30.08.2011.
2.    Челябинский областной краеведческий музей. ОФ 5301, НВ 4673, А 5195.
3.    Мухамедова Н.Р. К 120-летию Павла Ивановича Искоскова – главного инженера треста «Челябпроект», строителя Кировского моста (из фондов ЧОКМ) [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.chelmuseum.ru/index.php?gl_page=139 – Дата доступу: 30.08.2011.
4.    Восстановление ж/д моста через р. Березина [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.railwayz.info/photolines/showphoto.php?ph_id=5283 – Дата доступу: 30.08.2011.

30.08.2011.

SUMMARY

Masliukou Telman Viktaravich, Mukhamedova Nagima Ramazanovna. Little-known Photographic Documents of the Railways of Belarus (1919 – 1921).
In the Chelyabinsk Regional Local History Museum (Russia) there are about 200 photos unknown in Belarus, which  portray the restoration of railway bridges over the rivers of Biarezina, Vilija, Zahodniaja Dzvina and others in the period between 1919 and 1921. This collection significantly expands the range of sources of information on the history of railways of Belarus. It may serve as illustrative material for publications about that period.

РЕЗЮМЕ

Маслюков Тельман Викторович, Мухамедова Нагима Рамазановна. Малоизвестные фотодокументы о железных дорогах Беларуси 1919 – 1921 гг.
В Челябинском областном краеведческом музее (Россия) хранится около 200 фотоснимков, неизвестных в Беларуси, о восстановлении железнодорожных мостов в 1919 – 1921 гг. на р. Березина, Вилия, Западная Двина и др. Эта коллекция существенно расширяет круг источников по истории железных дорог Беларуси, а также может служить иллюстрационным материалом для публикаций о данном периоде.



Warning: Unknown: write failed: Disk quota exceeded (122) in Unknown on line 0

Warning: Unknown: Failed to write session data (files). Please verify that the current setting of session.save_path is correct (/tmp) in Unknown on line 0