ПАРИЧИ
СПРАВОЧНО - ИНФОРМАЦИОННЫЙ ПОРТАЛ Г.П. ПАРИЧИ

Светлогорские чтения / Вторые Светлогорские чтения / Лысенка П. Ф., Лысенка Ф. П.

К списку >>


Лысенка П. Ф., Лысенка Ф. П.

ТУРАЎ – СТАРАЖЫТНАЯ КАЛЫСКА БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ

«Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну», – пісаў амаль сто гадоў таму народны пісьменнік Якуб Колас у вядомай аповесці «Дрыгва».
Прыпяць – гэта самая буйная рака, Амазонка Палесся – сваімі прытокамі аб’ядноўвае велізарную тэрыторыю паўднёвай і цэнтральнай Беларусі. Яе ніжняе цячэнне на ўсходзе сыходзіць за межы нашай рэспублікі. На захадзе вярхоўі Прыпяці каля Пінска паварочваюць на поўдзень і ахопліваюць украінскую Валынь. На поўначы Ясельда, Лань, Случ, Пціч уключаюць у басейн Прыпяці шырокія тэрыторыі цэнтральнай Беларусі. Правыя прытокі Прыпяці – Славечна, Сцвіга, Гарынь, Стаход – звязваюць з Прыпяццю паўночныя раёны ўкраінскай Валыні.
У старажытнасці Прыпяць была асноўным шляхам зносін на велізарнай тэрыторыі балоцістага Беларускага Палесся, што спрыяла засяленню гэтай тэрыторыі адзіным этнічным насельніцтвам.
У канцы I тыс. н. э. шырокую тэрыторыю Усходняй Еўропы засяляла вялікая група ўсходніх славян з 12 асобных плямёнаў. Каля Ноўгарада Вялікага пражывалі славені, каля Пскова, Полацка, Смаленска – крывічы, паміж Прыпяццю і Дзвіной жылі дрыгавічы, басейн Сожа засялялі радзімічы, па Ацэ жылі вяцічы, па Дзясне – севяране, па сярэднім Дняпры – паляне, на захад ад іх – драўляне, на захад ад Гарыні – валыняне (раней – дулебы, бужане), па Днястры і Бугу – ціверцы і вулічы. У канцы IX ст. большасць гэтых плямёнаў была аб’яднана ў адзіную дзяржаву з цэнтрам у Кіеве, якая стала называцца Вялікае Княства Кіеўскае.
Да аб’яднання ў складзе Вялікага Княства Кіеўскага ўсходнеславянскія плямёны знаходзіліся на стадыі разлажэння племяннога ладу. Найбольш развітыя ўсходнеславянскія плямёны (паляне, драўляне, дрыгавічы, славені, палачане) мелі «сваё княжение». Усе ўсходнеславянскія плямёны аб’ядноўвала іх агульнае этнічнае паходжанне: «...се бо токмо Словенеск язык в Руси Поляне, Деревляне, Новегородци, Полочане, Дьрьговичи, Северо, Бужане, зане седять па Бугу, послеже Волыняне…» [1, слп. 8]. Галоўная прыкмета, якая аб’ядноўвае гэтыя ўсходнеславянскія плямёны ў адну групу, – гэта іх моўная, этнічная прыналежнасць. Аднак ёсць і адметныя прыкметы, якія падзяляюць гэтыя плямёны: «...имеяхуть бо обычая свая, и законы отец своих, и предания, кождо своя норов...» [1, слп. 10].
У летапісе няма дакладнага ўказання на рассяленне плямёнаў. Археалагічнымі даследаваннямі выяўлены характэрныя племянныя жаночыя ўпрыгожанні. У дрыгавічоў такімі ўпрыгожаннямі былі металічныя ажурныя пацеркі. Па распаўсюджванні такіх пацерак у курганных пахаваннях удакладнены межы рассялення дрыгавічоў. Усходняя мяжа іх рассялення – Днепр, заходняя мяжа – Заходні Буг і на 70 км на захад (Драгічын Надбужны). Паўночная мяжа – Гародна (Гродна), Заслаўе, Лагойск, Барысаў. Паўднёвая мяжа – сучасная мяжа з Украінай да Гарыні, а далей – па лініі Роўна – Луцк. Займаліся дрыгавічы земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам. Развіты былі розныя рамёствы і промыслы (металургія, апрацоўка жалеза, каляровых металаў, косці, скуры, каменю, дрэва, прадзенне, ткацтва). На тэрыторыі рассялення дрыгавічоў сталі ўзнікаць гарады (Тураў, Бярэсце, Пінск, Слуцк, Клецк, Гродна). Дрыгавічы жылі на апошняй стадыі разлажэння першабытнаабшчыннага ладу, яны мелі «свае княжения» і сваіх князёў з мясцовай родаплемянной вярхушкі. Гэта была першая стадыя, пачатковы протадзяржаўны ўзровень улады.
Дрыгавічы пазней за іншыя плямёны трапілі ў залежнасць ад вялікіх кіеўскіх князёў і не ўдзельнічалі ў паходах на Візантыю ў 907 і 912 гг. Толькі візантыйскі імператар Канстанцін Багранародны ў сярэдзіне X ст. у сваёй працы «Аб кіраванні дзяржавай» (948 – 952 гг.) згадвае дрыгавічоў у ліку плямёнаў, якія плацілі даніну вялікаму князю кіеўскаму. Племянным цэнтрам у дрыгавічоў у гэты час з’яўляўся Тураў. Такая племянная форма дзяржаўнай улады была ў суседзяў дрыгавічоў – драўлян (князь Мал) і ў больш позні час – у вяцічаў (XI ст., князь Хадота). У велізарнай Кіеўскай дзяржаве ў канцы I тыс. н. э. падначаленне плямёнаў, якія ўваходзілі ў яе склад, фактычна абмяжоўвалася выплатай даніны і ўдзелам у вялікакняжацкіх паходах.
Вялікі князь кіеўскі Уладзімір Святаславіч, заняўшы Кіеў у 980 г., сур’ёзную ўвагу звярнуў на ўмацаванне цэнтральнай улады вялікага князя кіеўскага. У рознапляменнай «ласкутнай» Кіеўскай дзяржаве ён стварыў адзіны ідэалагічны цэнтр – пантэон паганскіх багоў на чале з Перуном, у склад якога ўваходзілі Хорс, Дажбог, Стрыбог і Мокаш. Гэта быў адзіны дзяржаўны пантэон багоў для ўсёй Кіеўскай дзяржавы. У Кіеве, «на холму вне двора теремнаго» было ўстаноўлена свяцілішча (капішча) гэтым багам. Відавочна, падобныя кіеўскаму пантэоны будаваліся і ў іншых племянных цэнтрах, падпарадкаваных Кіеву. Падобнае свяцілішча выяўлена ў Ноўгарадзе Вялікім на Рурыкавым гарадзішчы. Такое ж свяцілішча выяўлена ў 1993 г. на вакольным горадзе старажытнага Турава.
Аднак для ўмацавання цэнтральнай улады вялікага князя кіеўскага стварэнне адзінага пантэона багоў аказалася недастатковым. Разумны, рашучы і дзейны вялікі князь кіеўскі Уладзімір Святаславіч для згуртавання розных плямёнаў Кіеўскай дзяржавы і ўзмацнення цэнтральнай улады кіеўскага вялікага князя прадпрымае дадатковыя меры. У першую чаргу ён вырашыў замяніць пантэон паганскіх багоў адзінай дзяржаўнай рэлігіяй, якая б асвятляла вярхоўную ўладу вялікага князя кіеўскага. У 988 г. па загаду Уладзіміра Святаславіча на тэрыторыі Кіеўскай дзяржавы ўводзіцца адзіная дзяржаўная рэлігія – хрысціянская па візантыйскім праваслаўным абрадзе (малюнак 1 – на с. 1 вокладкі).


Другім мерапрыемствам па ўмацаванні цэнтральнай дзяржаўнай улады была так званая адміністрацыйная рэформа 988 г. Па гэтай рэформе ўлада племянных князёў з мясцовай родаплемянной вярхушкі замянялася ўладай сыноў вялікага князя кіеўскага, пастаўленых на чале ранейшых племянных княжанняў. Пры гэтым строга выконваўся закон старшынства, па якім старэйшыя з 12 сыноў Уладзіміра Кіеўскага атрымлівалі найбольш важныя і значныя княствы. Найбольш важнае княства і Ноўгарад Вялікі атрымаў старэйшы сын Уладзіміра Вышаслаў. Другое па значэнні княства – Полацкае атрымаў другі сын Уладзіміра – Ізяслаў. Трэці сын Уладзіміра – Святаполк атрымаў Тураўскае княства. Вылучэнне Турава трэцяму па старшынстве сыну Уладзіміра Святаполку падкрэслівае важнае значэнне Турава ў сістэме княстваў Старажытнай Русі.
Пры чарговых раздзелах Вялікага Княства Кіеўскага высокае значэнне Тураўскага княства падкрэсліваецца яго вылучэннем старэйшым сынам. У 1054 г. вялікі князь кіеўскі Яраслаў Уладзіміравіч аддаў Тураўскае княства старэйшаму сыну Ізяславу, Чарнігаўскае княства – другому сыну Святаславу, Пераяслаўскае княства – трэцяму сыну Усеваладу.
У 1125 г. пасля смерці вялікага князя Уладзіміра Манамаха Тураўскае княства атрымаў яго трэці сын Вячаслаў.
Значэнне Тураўскага княства падкрэсліваецца таксама пераходам чатырох тураўскіх князёў на кіеўскі вялікакняжацкі прастол (Святаполк у 1015 г., Ізяслаў Яраславіч у 1054 г., Святаполк Ізяславіч у 1093 г., Вячаслаў Уладзіміравіч у 1139 г., 1154 г.).
Значэнне Турава і Тураўскага княства падкрэсліваецца яго частымі згадкамі ў летапісе. Тураў з’яўляецца адным з самых старажытных гарадоў Беларусі. Старэйшы за яго толькі Полацк (862 г.). Упершыню Тураў згадваецца ў летапісе ў 980 г. У далейшым летапісцы згадваюць Тураў 28 разоў. Гэта значна больш, чым многія іншыя важныя гарады (Полацк – 20 разоў). Тураўскае княства згадваецца летапісам 8 разоў (3 – княства, 5 – воласць). Горад Тураў згадваецца 4 разы. Тураўскія князі, старэйшыя сыны сярод Яраслававых нашчадкаў – асноўныя прэтэндэнты на Кіеўскі вялікакняжацкі прастол у XI ст.
У XII ст. пасля смерці вялікага князя кіеўскага і тураўскага Святаполка Ізяславіча (1113 г.) рэзка змяніўся лёс Тураўскага княства. Новы вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах, маючы 12 дзяцей, у тым ліку 9 сыноў, захацеў забяспечыць у першую чаргу іх новымі ўладаннямі і не перадаў Тураўскае княства нашчадку Святаполка Ізяславіча, яго сыну Яраславу Святаполчычу. З 1113 па 1157 г. Тураўскае княства і яго асобныя тэрыторыі-гарады служаць для прызначэння іх у надзелы сынам вялікага князя кіеўскага і іх саюзнікам.
У 1158 г. у Кіеве памёр вялікі князь кіеўскі Юры Даўгарукі. Яго сын Барыс, тураўскі князь з 1155 г., з’ехаў на пахаванне бацькі ў Кіеў. Скарыстаўшы яго адсутнасць, Тураў захапіў Юры Яраславіч, унук Святаполка Ізяславіча, ранейшага тураўскага і вялікага князя кіеўскага. Яго бацька Яраслаў Святаполчыч у 1123 г. загінуў у барацьбе з Уладзімірам Манамахам за Тураў. Юры Яраславіч не меў свайго надзелу і быў служылым князем у Юрыя Уладзіміравіча Даўгарукага. Заняўшы Тураў, ён, відавочна, карыстаўся падтрымкай тураўцаў, якім надакучыў пастаянны пераход Турава з адных рук у іншыя. Часовыя князі клапаціліся пра інтарэсы сваіх прыбліжаных і не клапаціліся пра інтарэсы тураўцаў.
Кіеўскія князі – Манамашычы не захацелі мірыцца са стратай Тураўскага княства і адправілі пад Тураў аб’яднаныя дружыны шасці князёў. Аблога Турава працягвалася дзесяць тыдняў – самая працяглая аблога, вядомая па летапісных паведамленнях. Аблога не прынесла ім поспеху. У войсках пачаўся падзёж коней, і яны былі вымушаны зняць аблогу. У 1160 г. пяць паўднёварускіх князёў з роду Манамаха зноў на тры тыдні аблажылі Тураў, і зноў «не оуспевши ему ничтоже, взратишася в свояси…» [1, слп. 492]. Новы вялікі князь кіеўскі Расціслаў Мсціславіч заключыў мір з Юрыем Яраславічам. Тым самым было прызнана аднаўленне на тураўскім прастоле дынастыі тураўскіх Ізяславічаў і адноўлена самастойнасць Тураўскага княства. Аднак ранейшая роля і значэнне Тураўскага княства ўжо не былі адноўлены.
Пры сынах Юрыя Яраславіча адбыўся падзел Тураўскага княства на Тураўскае, Пінскае і Дубровіцкае княствы. Яшчэ раней выдзелілася Клецкае княства. У склад Галіцка-Валынскага княства адышлі Бярэсце, Драгічын Надбужны.
У XIII ст. Тураў і тураўскія князі рэдка згадваюцца летапісам. Асноўны паток нашэсця Батыя прайшоў на поўдзень ад Палесся. У другой палове XIII ст. пачасціліся набегі літоўскіх плямёнаў на тэрыторыі былога Тураўскага княства. У пачатку XIV ст. землі былога Тураўскага княства ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага.
Абагульняючы шлях развіцця дзяржаўнага ладу на шырокай тэрыторыі рассялення дрыгавічоў, варта адзначыць, перш за ўсё, самастойнасць і паслядоўнасць яго развіцця. Формы дзяржаўнага развіцця вынікалі лагічна і паслядоўна з вышэйшай стадыі першабытнаабшчыннага ладу ў перыяд ранняга феадалізму. Развіццё формаў дзяржаўнага ладу на гэтай тэрыторыі не было прыўнесена звонку. Раннія формы дзяржаўнага ладу развіваліся ў дрыгавічоў у форме эвалюцыйнага працэсу і зафіксаваны летапісам у выглядзе племяннога княжання, як і ў іншых найбольш развітых усходнеславянскіх плямёнаў – палян, славен, крывічоў, драўлян.
Развіццё дзяржаўных формаў у дрыгавічоў адбывалася адначасова з такім працэсам у іншых найбольш развітых усходнеславянскіх плямёнаў – палян, крывічоў, славен.
Развіццё і змена палітычных формаў ад племяннога княжання да дзяржаўных формаў раннефеадальнага перыяду ў вобласці грамадска-палітычнага ладу, эканамічнага і культурнага развіцця, у галіне ідэалагічнага развіцця ад паганскага шматбожжа да праваслаўнага хрысціянскага монатэізму (малюнак 2)

у дрыгавічоў адбывалася адначасова з іншымі найбольш развітымі ўсходнеславянскімі плямёнамі. Няма ніякіх зафіксаваных пісьмовымі крыніцамі і матэрыяламі археалагічных даследаванняў фактаў, якія дазваляюць казаць аб адсталасці дрыгавічоў і перадавой ролі ў развіцці палітычных формаў у крывічоў і палачан. Такім чынам, няма падстаў казаць пра перадавую ролю ў стварэнні дзяржаўнасці толькі Полацкага княства. Адначасова з наўгародскімі славенамі, кіеўскімі палянамі, полацкімі крывічамі развіццё дзяржаўнага будаўніцтва адбывалася і на тэрыторыі дрыгавічоў. Адначасова на тэрыторыі Беларусі будаўніцтва дзяржаўных формаў адбывалася і на тэрыторыі Полацкага княства, і на тэрыторыі Тураўскага княства. Таму нельга гаварыць, што Полацкае княства з’яўляецца калыскай беларускай дзяржаўнасці. Калыскай беларускай дзяржаўнасці з’яўляюцца абодва раннефеадальныя княствы – Полацкае і Тураўскае.

Малюнак 1 – Кадзільніца, з археалагічных раскопак 2005 года у г. Тураве (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобл.). Бронза, ХIII ст.  Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


Малюнак 2 – Выява св. Фёдара на кадзільніцы. З археалагічных раскопак 2005 года у г. Тураве (Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл.). Бронза, ХIII ст.  Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


СПІС ЛІТАРАТУРЫ

1. Полное собрание русских летописей. – Т. II. Ипатьевская летопись. – М., 1962.

19.07.2011.

SUMMARY

Lysienka Piotr Fiodaravich, Lysienka Fiodar Piatrovich. Turaŭ – the Ancient Cradle of Belarusian Statehood.
Until recently, the modern national historiography relegated  the role of the Duchy of Turaŭ and overstated the role of the Duchy of Polack during the formation of the early feudal states in the Belarusian lands at the End of the 1st millennium AD. The studies of recent decades in the south of Belarus give a convincing proof that the process of creating forms of states in the resettlement Dryhavičy and Kryvičy walked hand in hand with other more developed Eastern Slavic tribes (Polyany, Siveriany, etc.). Therefore, one should say that the cradle of Belarusian statehood were both the Duchy of Polack and the Duchy of Turaŭ.

РЕЗЮМЕ

Лысенко Пётр Фёдорович, Лысенко Фёдор Петрович. Туров – древняя колыбель белорусской государственности.
До последнего времени в современной отечественной историографии  принижалась роль Туровского княжества и завышалась роль Полоцкого княжества в формировании раннефеодального государства на белорусских землях в конце I тыс. н. э. Материалы исследований последних десятилетий в южной Беларуси убедительно доказывают, что процесс создания государственных форм на территории расселения дреговичей и кривичей шел одновременно и параллельно с другими наиболее развитыми восточнославянскими племенами (полянами, северянами и т. д.). Поэтому следует утверждать, что колыбелью белорусской государственности являлись в равной степени как Полоцкое, так и Туровское княжества.



Warning: Unknown: write failed: Disk quota exceeded (122) in Unknown on line 0

Warning: Unknown: Failed to write session data (files). Please verify that the current setting of session.save_path is correct (/tmp) in Unknown on line 0