Светлогорские чтения / Вторые Светлогорские чтения / Клімовіч Т. В
К списку >>Клімовіч Т. В.
СВЯТОЧНЫ СТРОЙ СЯЛЯНКІ XI – XII стст. З БЕЛАРУСКАГА ПАДНЯПРОЎЯ. СПРОБА РЭКАНСТРУКЦЫІ
Прапануем спробу рэканструкцыі святочнага строю сялянкі XI – XII стст. з беларускага Падняпроўя. Касцюм узноўлены з выкарыстаннем матэрыялаў археалагічных раскопак радзіміцкіх курганоў каля в. Гадзілавічы (Гадзілавіцкі с/с) і Юдзічы (Доўскі п/с) Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. (малюнак 1, на с. 2 вокладкі).
Святочнае адзенне сялянкі XI – XII стст. складалася з кашулі і панёвы. Кашуля шылася з даматканага лёну, упрыгожвалася вышыўкай. Яна выканана ў тэхніцы лічбавай гладзі (малюнак 2).
Панёва – старажытны від паяснога жаночага адзення. Яна рабілася на вертыкальным ткацкім станку (малюнак 3).
Дзве полкі панёвы сшыты пры дапамозе дэкаратыўнага злучальнага шва, краі апрацаваны пяцельным швом (малюнак 4).
Выявы паневы можам бачыць на малюнку, які ўпрыгожвае створкавы бранзалет са Стараразанскага скарбу другой паловы XII – першай трэці XIII ст., знойдзенага ў 1966 г. (малюнак 5) [1, с. 11]
. Гэты архаічны від адзення захаваўся ў складзе традыцыйных строяў у некаторых рэгіёнах Беларусі (Неглюбскі строй).
Важная дэталь адзення – пояс. Ён выконваў не толькі эстэтычныя функцыі, але і выкарыстоўваўся як абярэг. Лічылася, што пояс утрымлівае душу ў целе, акрамя таго, у сялянскім асяроддзі яшчэ ў пач. XX ст. выйсці без пояса на людзі было непрыстойным. Пояс выкананы з ваўнянай пражы ў старажытнай тэхніцы ткацтва на «бердзечцы» (малюнак 6, на с. 3 вокладкі)
. Да пояса прымацоўваўся нож (малюнак 7), кісет.
Галаўны ўбор замужняй жанчыны абавязкова павінен быў закрываць валасы. У той час насілі шапачкі, якія вырабляліся на аснове бяросты, абцягваліся тканінай (малюнак 8).
Ачэлле галаўнога ўбору ўпрыгожвалася вышыўкай, бісерам. Фрагменты падобнага галаўнога ўбору на аснове бяросты былі выяўлены падчас раскопак курганоў каля в. Юдзічы [2, с. 18]. На чэрапе захаваліся фрагменты бяросты, пакрытыя ў асобных месцах тканінай палатнянага перапляцення. Каля скроняў на стужках прымацаваны сяміпромневыя скроневыя кольцы (малюнак 9),
якія характэрны для радзімічаў.
Абутак прадстаўлены мяккімі чаравікамі (малюнак 10).
Яны сшыты з трох дэталяў вываратным швом. Да нагі чаравік прымацоўваўся скуранай папружкай. Жаночыя чаравікі багата ўпрыгожваліся вышыўкай. Яна выканана ваўнянымі ніткамі швом «назад іголкай». Верхняя частка чаравіка з падобным арнаментам была знойдзена падчас раскопак культурнага пласта XII ст. у г. Ноўгарад, Расія [3, с. 218]. На ногі апраналіся панчохі, вязаныя пры дапамозе касцяной іголкі (малюнак 11).
Тэхніка ігольчастага пляцення была шырока распаўсюджана ў сярэдневякоўі па ўсёй Еўропе. На тэрыторыі Усходняй Еўропы вядомы знаходкі рукавіцы XIII ст. з Віцебска [4, с. 546], панчох з г. Белавозера (цяпер г. Белаазёрск Валагодскай вобл., Расія) [5, с. 59].
Упрыгожанні ў старажытнасці насілі не толькі і не столькі для прыгажосці, колькі ў якасці амулета, абярэга.
Маніста з бісеру з 15 біэліпсоіднымі падвескамі (малюнак 12)
была выяўлена ў кургане XI ст. каля в. Юдзічы [4, с. 669]. Гэтыя падвескі характэрны для радзімічаў. Яны былі знойдзены і падчас раскопак курганнага могільніка XI – XII стст. каля г. Чавусы Магілёўскай вобл. [4, с. 639].
Лунніца – упрыгожанне ў выглядзе паўмесяца. Вядома многім народам Еўропы і Азіі з канца бронзавага веку. Ва ўсходніх славян лунніцы былі шырока распаўсюджаны ў эпоху Старажытнай Русі. На тэрыторыі Беларусі знойздены падчас раскопак большасці археалагічных помнікаў таго часу. Маніста з лунніцамі (малюнак 13),
упрыгожанымі насечкамі ў выглядзе трохкутнікаў, а таксама манетападобнымі прывескамі з выявай галавы быка (малюнак 14), была знойдзена падчас раскопак курганнага могільніка X – XII стст. каля в. Гадзілавічы [4, с. 148].
Рукавы кашулі збіраліся пры дапамозе пласціністых бранзалетаў (малюнак 15). Шырокія пласціністыя бранзалеты, упрыгожаныя пуансонным арнаментам, сустракаюцца ў паўночных раёнах арэала рассялення радзімічаў. Напрыклад, падчас раскопак курганнага могільніка XI ст. каля в. Калодзецкая (зараз не існуе) Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. [4, с. 639]. Рукі ўпрыгожваў персцень з завязанымі канцамі і пуансонным арнаментам.
ІЛЮСТРАЦЫІ
Малюнак 1 – Рэканструкцыя святочнага строю сялянкі XI – XII стст. з беларускага Падняпроўя
Малюнак 2 – Вышыўка рукава і падола кашулі
Малюнак 3 – Вертыкальны ткацкі станок (Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей)
Малюнак 4 – Панёва
Малюнак 5 – Выява панёвы на бранзалеце са Стараразанскага скарбу другой паловы XII – першай траціны XIII ст., знойдзенага ў 1966 г.
Малюнак 6 – Пояс
Малюнак 7 – Паясны нож
Малюнак 8 – Шапачка на аснове бяросты
Малюнак 9 – Сяміпромневыя скроневыя кольцы
Малюнак 10 – Скураныя чаравікі
Малюнак 11 – Панчохі, вязаныя касцяной іголкай
Малюнак 12 – Копія маністы XI ст. з кургана каля в. Юдзічы
Малюнак 13 – Копія маністы X – XII стст. з кургана каля в. Гадзілавічы
Малюнак 14 – Копія маністы X – XI стст. з кургана каля в. Гадзілавічы
Малюнак 15 – Пласціністыя бранзалеты з пуансонным арнаментам
СПІС ЛІТАРАТУРЫ
1. Макарова, Т.И. Черневое дело Древней Руси / Т.И. Макарова. – М. : Наука, 1986. – 156 с. – Доступ праз інтэрнэт: http://www.twirpx.com/file/299279/ – Дата доступу: 2.07.2011.
2. Сабурова, М.А. О женских головных уборах с жёсткой основой в памятниках домонгольской Руси / М.А. Сабурова // Краткие собщения Института археологии. – М., 1975. – Вып. 144. – С. 18–22. – Доступ праз інтэрнэт: http://gridni.org/biblio/archeology/costumes-and-accessories/saburova-about-womens-headgear.html – Дата доступу: 23.06.2011.
3. Колчин, Б.А. Новгород Великий / Б.А. Колчин, Е.А. Рыбина. – М., 1986. – с.
4. Археалогiя i нумiзматыка Беларусi. Энцыклапедыя. – Мінск : БелЭн, 1993.
5. Голубева, Л.А. Весь и славяне на Белом Озере Х – ХIII вв. / Л.А. Голубева. – М. : Наука, 1985. – с.
2.07.2011.
SUMMARU
Klimovich Tatsiana Viktarauna. The Festive Peasant Woman Сostume of XI – XII Centuries from Belarusian Padniaprovje Region. Reconstruction Attempt.
An attempt is undertaken to reconstruct a Radzimičy woman's costume of the XI – XII centuries, оn materials of excavations of Radzimičy barrows at villages Hadzilavičy and Judzičy in Rahačouski Rajon of Homielskaja Voblasc, with the maximum use of materials (flax, wool, leather, silk) and technologies (weaving, embroidery, needle knitting, moulding, etc.) of that epoch. The festive clothes of the peasant woman from Belarusian Padniaprovje region consisted of a chemise and poneva (homespun skirt). The clothes were supplemented with a head-dress, footwear, a belt and ornaments, creating a complete costume.
РЕЗЮМЕ
Климович Татьяна Викторовна. Праздничный костюм крестьянки XI – XII вв. из белорусского Поднепровья. Опыт реконструкции.
Предпринята попытка воссоздания костюма радимичанки XI – XII вв. по материалам раскопок радимичских курганов у деревень Гадиловичи и Юдичи Рогачёвского р-на Гомельской обл., с максимальным использованием материалов (лён, шерсть, кожа, шёлк) и технологий (ткачество, вышивка, игольчатое плетение, литьё и др.) той эпохи. Праздничная одежда крестьянки состояла из рубахи и понёвы. Они дополнялись головным убором, обувью, поясом и украшениями, создавая целостный костюм