ПАРИЧИ
СПРАВОЧНО - ИНФОРМАЦИОННЫЙ ПОРТАЛ Г.П. ПАРИЧИ

Гостевая книга

26 09 2024::Валентина Петрова для Юлии.
Здравствуйте, Юлия. Напишите подробнее: куда нужно...
13 07 2024::Валентина Петрова для Инны Зубковой.
Здравствуйте, Инна. Согласно базе данных Память...
08 07 2024::Натан Горелик , natangorelik12@gmail.com
Как видно из моей фамилии, мои корни из Паричей, я сын...

Светлогорские чтения / Вторые Светлогорские чтения / Барсук А.Я.

К списку >>


Барсук А. Я.

АРХІТЭКТУРНАЯ СПАДЧЫНА МАЗЫРА

Мазыр мае даволі багатую і разнастайную архітэктурную спадчыну, сярод якой ёсць помнікі віленскага барока, мадэрну, канструктывізму, сталінскага ампіру і інш.
Да самых цікавых будынкаў горада адносіцца комплекс былога кляштара бернардзінцаў: касцёл і жылы корпус; цяпер Свята-Міхайлаўскі сабор (малюнак 1).
Бернардзінскі кляштар быў заснаваны 25 чэрвеня 1645 г. намеснікам Стэфанам Лозкам. Будынкі яго спачатку былі драўляныя і пацярпелі ад пажару ў канцы ХVІІ ст. У 1760 – 1778 гг. маршалак мазырскі Казімір Аскерка «адбудаваў касцёл з грунту» ў стылі позняга барока, які быў асвячоны ў гонар Міхаіла Архангела 16 ліпеня 1775 г. [1, c. 241]. Кляштар складаўся з касцёла і прыбудаванага да яго з усходняга боку жылога корпуса. Ён быў закрыты расійскімі ўладамі пасля шляхецкага паўстання ў 1832 г. і прыстасаваны пад гарадскую бальніцу, а ў 1839 г. аддадзены пад прысутныя месцы. З 1847 г. там размяшчаўся шпіталь. Будынак касцёла быў перададзены праваслаўным вернікам, але ў 1839 г. ён значна пацярпеў ад пажару. У сувязі з гэтым пачалася рэканструкцыя, і ў 1865 г. сабор асвяцілі ў імя архістраціга Міхаіла [2, с. 108].
Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор – помнік архітэктуры барока, 3-нефавы, 2-вежавы. Галоўны фасад раскрапаваны пілястрамі і карнізамі. Уваход аформлены кілепадобным парталам з крывалінейным франтонам.
Пры перабудове верхнія ярусы вежаў барочнага характару замянілі на чацверыковыя званіцы ў стылі позняга класіцызму, завершаныя псеўдарускімі шатровымі купаламі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Прастора інтэр’ера падзелена 4 слупамі на 3 нефы. Цэнтральны неф Свята-Міхайлаўскага сабора перакрыты цыліндрычным скляпеннем, бакавыя – крыжовымі на падпружных арках, абапёрты на слупавыя і насценныя пілястры. Сёння скляпенні аздоблены арнаментальным і сюжэтным фрэскавым жывапісам. На арганныя хоры, якія знаходзяцца над уваходам, вядуць вітыя ўсходы ў тоўшчы фасаднай сцяны. Пад 5-граннай алтарнай часткай, аддзеленай іканастасам, знаходзіцца крыпта. Да нашых дзён захавалася некалькі надмагільных пліт буйнога шляхецкага роду Аскеркаў.
У 30-я гг. ХХ ст. у царкве знаходзілася турма НКУС Палескай вобласці. Па некаторых звестках у крыпце сабора былі растраляны 1892 чалавекі. Пра гэтыя падзеі сведчыць мемарыяльная дошка на храме.
Жылы корпус мае характэрную галерэйную планіроўку, келлі маюць выхад у калідор, асветлены аконнымі праёмамі. Гэта 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У тарцовай частцы размяшчалася вялікая квадратная зала – трапезная, перакрытая цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках.
Помнікам барока з’яўляецца таксама цыстэрцыянскі жаночы кляштар (1743 – 1745 гг., 1893 – 1894 гг.), размешчаны па вул. Гогаля. Таўшчыня сцен касцёла дасягае 1,5 м, па перыметры на вышыні антаблемента знаходзяцца круглыя адтуліны, якія, магчыма, выкарыстоўваліся як байніцы для абароны. У інтэр’еры масіўнасць бакавых сцен зменшана разгрузачнымі арачнымі нішамі, якія адзначаюць месцы прысценных алтароў. Алтарная частка вылучана пілонамі, якія моцна выступаюць. У пачатку ХІХ ст. сцены храма былі ўпрыгожаны фрэскавым жывапісам.  
У межах сучаснай тэрыторыі Беларусі цыстэрцыянскіх кляштароў было толькі тры: два з іх – мужчынскі і жаночы – у Мазыры, у т. зв. Анёльскай даліне (урочышча Кімбараўка). Навагрудскі кашталян, уладальнік зямель у Мазырскім павеце Антоній Аскерка прыкладна ў 1710-я гг. ахвяраваў на будаўніцтва кляштара з касцёлам [3, с. 93].
Па ініцыятыве караля Рэчы Паспалітай, вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІ і прыёра мужчынскага кляштара Бенедыкта Ражанскага быў створаны жаночы драўляны кляштар. Манашкі былі пераведзены з Вільні, дзе да гэтага часу існаваў адзіны ў ВКЛ кляштар цыстэрцыянак. Казімір Сапега падарыў цыстэрцыянкам 30 тыс. злотых. На гэтыя сродкі быў пабудаваны мураваны храм Св. Міхаіла Архангела ў 1743 – 1745 гг. [4]. У 1750 г. (праз 6 год пасля адбудавання) прыстанак пацярпеў ад казакаў падчас гайдамацкіх хваляванняў. Пры кляштары існавала школа для дзяўчынак, дзе выкладалі арыфметыку, музыку, гігіену, французскую і лацінскую мовы. Праіснаваў жаночы прыстанак у Анёльскай даліне да 1883 г. Кляштар быў перададзены праваслаўнаму ведамству, і касцёл рэканструяваны ў 1893 – 1894 гг. пад царкву Св. Троіцы [38, с. 93].
У савецкі час кляштар быў сховішчам, інтэрнатам і спартыўнай базай.
Да сённяшняга дня захаваўся 2-павярховы мураваны будынак, прамавугольны ў плане. Накрыты ён 2-схільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі вокнамі, у прасценках шырокімі лапаткамі. На першым паверсе планіроўка галерэйная з аднабаковым размяшчэннем тыпавых келляў з цыліндрычнымі скляпеністымі перакрыццямі. Апошнім часам доўжыцца рэстаўрацыя, пасля яе заканчэння комплекс павінен набыць той выгляд, які меў у часы свайго росквіту. У 90-я гг. ХХ ст. храм быў асвячоны біскупам – кардыналам Казімірам Свёнтакам. Інтэр’ер святыні адноўлены. Галоўны алтар выкананы сучасным майстрам з Польшчы, а алтарны абраз – копія знакамітага цудадзейнага абраза Маці Божай Юравіцкай, які прыналежыў некалі езуітам. У храме захавалася старажытная драўляная статуя Езуса Хрыста (ХVІІІ ст.).
Яшчэ адзін культавы будынак – былы Дом абароны (к. ХІХ – пач. ХХ ст.) – цяпер Свята-Мікольская царква – помнік архітэктуры канструктывізму, прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак, накрыты высокім дахам, мае асіметрычную аб’ёмную кампазіцыю (малюнак 2). Дамінантай яго галоўнага фасада з’яўляецца аб’ём круглаватай лесвічнай клеткі, завершанай шатром. Над уваходнай лоджыяй – тэраса. Дом меў калідорную планіроўку.
Да помнікаў архітэктуры канструктывізму, што ўключаны ў Нацыянальны рэестр помнікаў гісторыі і культуры, належыць будынак драматычнага тэатра імя І. Мележа, пабудаваны ў 1929 – 1932 гг. з цэглы як клуб-тэатр (малюнак 3). 2-павярховы, асіметрычны ў плане, П-падобны будынак мае размежаваныя відовішчную і клубную часткі, якія аб’яднаны папярочным крылом-пераходам. Уваход у тэатр вырашаны ў выглядзе паўкруглай каланады на галоўным фасадзе. Архітэктура фасадаў заснавана на спалучэнні круглаватага і прамавугольнага аб’ёмаў, на рытме прамавугольных вертыкальных і гарызантальных аконных праёмаў. Відовішчная частка будынка ўключае паўкруглы вестыбюль, фае з паўкруглымі лесвіцамі, глядзельную залу, сцэну і службовыя памяшканні для акцёраў па баках. Месцы ў глядзельнай зале размешчаны амфітэатрам. У будынку працавалі мазырскія тэатры: рабочай моладзі (з 1935 г.), калгасна-саўгасны (1935 – 1938 гг.), Палескі абласны драматычны (1938  – 1941 гг., 1944 – 1946 гг.).
Прыёмы, характэрныя для архітэктуры мадэрну, выкарыстаны ў будаўніцтве былой дзіцячай бальніцы (малюнак 4, на с. 4 вокладкі). Структура будынка адпавядае класічнай планіроўцы палацаў Беларусі ХVІІ – ХVІІІ стст. Пад карнізам размешчаны гарадкі. З усходняга боку да будынка прыбудавана круглая вежа, у якой знаходзіцца лесвіца. Сваімі агульнымі абрысамі шпіталь нагадвае адначасова сярэдневяковы рыцарскі замак з яго зубцамі і вежамі і спячага дракона з востраканцовымі «шыпамі» пінакляў і «луской» фігурнай муроўкі на агульным пясочным колеры.
Прадстаўнік тыповай грамадзянскай архітэктуры ў Мазыры канца ХІХ ст. – 2-павярховы, прамавугольны ў плане дом, першы паверх якога мураваны, а другі – драўляны. Будынак накрыты 4-схільным дахам. Усё дэкаратыўнае аздабленне яго – гэта разныя аконныя ліштвы другога паверха і невялікі дэкор ці без дэкора. Характэрная яго асаблівасць – 3-часткавае чляненне фасада. Вокны размешчаны адпаведна яму: 3 з іх скампанаваны ў цэнтры і па аднаму па баках.
Цікавым з’яўляецца будынак мазырскага турэмнага замка, пабудаванага ў канцы ХІХ ст.
Самы загадкавы будынак у горадзе знешне непрыкметны – дзіцячая спартыўная школа № 1, якая знаходзіцца на былой Замкавай гары – магчыма, гэта мураваная сведка існавання мазырскага замка. Будынак узгадваецца ў дакументах як замкавая скарбніца, адзначаецца планамі горада 1769 г., 1800 г. і 1825 г. [5, с. 19; 6]. Так, план 1800 г. адлюстроўвае цэнтральную частку Мазыра – дзве часткі Замкавай гары. У першай – размяшчаліся «деревянные присутственные места и каменная кладовая для хранения казенных сумм» («драўляныя прысутныя месцы і мураваная кладоўка для захоўвання казённых сум»), у другой – «старинное кладбище и деревянная греко-российская церковь во имя Преображения Господнего» («старадаўнія могілкі і драўляная грэка-расійская царква ў імя Ператварэння Гасподняга»).
«Топографическое описание Минской губернии» пра Мазыр у канцы XVIII ст. сведчыць: «отменных зданий никаких не имеется, за исключением одного бернардинского каменного кляштора и развалившихся двух земляных замков, называемых старым и новым, на коих в старом – одна только деревянная церковь, а в новом – ветхий дом для присутственных мест и при нем каменный архив» («выдатных будынкаў ніякіх няма, за выключэннем аднаго бернардзінскага каменнага кляштара і разваленых двух земляных замкаў, называных старым і новым, на якіх у старым – адна толькі драўляная царква, а ў новым – драхлы дом для прысутных месцаў і пры ім каменны архіў» [7, с. 123].
Такім чынам, архітэктурная спадчына Мазыра патрабуе далейшага даследавання і сістэматызацыі, выяўлення агульных і асаблівых рыс у кантэксце агульнадзяржаўнага і еўрапейскага развіцця.

ІЛЮСТРАЦЫІ

Малюнак 1 – Мазыр. Кляштар бернардзінцаў; цяпер Свята-Міхайлаўскі сабор (XVII ст., барока)
Малюнак 2 – Свята-Мікольская царква, колішні Дом абароны (канструктывізм)
Малюнак 3 – Мазырскі драматычны тэатр імя І. Мележа (канструктывізм)
Малюнак 4 – Будынак колішняй дзіцячай бальніцы (1910 г., мадэрн)

СПІС ЛІТАРАТУРЫ

1.    Габрусь, Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т.В. Габрусь. – Мінск : Ураджай, 2001. – 287 с.
2.    Кулагін, А.Н. Праваслаўныя храмы на Беларусі : Энцыкл. даведнік / А.Н. Кулагін. – Мінск : БелЭн, 2001. – 328 с.
3.    Кулагін, А.Н. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А.Н. Кулагін. – Мінск : БелЭн, 2000. – 216 с.
4.    Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Фонд 1771. – Воп. 1. – Спр. 1. – Арк. 7 адв.
5.    Крукоўскі, А.Я. Горад Мазыр і яго ваколіцы / А.Я. Крукоўскі // Наш край. – 1927. – № 3. – С. 17–28.
6.    НГАБ. – Фонд 1477. – Воп. 1. – Спр. 1662. – Арк. 1.
7.    Егоров, Ю. Градостроительство в Белоруссии / Ю. Егоров. – М. : Гос. издательство по строительству и архитектуре, 1954. – 282 с.   

20.06.2011.

SUMMARY

Barsuk Alena Yauhen’euna. Architectural Heritage of Mazyr.
The town of Mazyr, Homielskaja Voblasc, has unique architectural heritage of civil and cult nature, which are monuments of baroque, modern, constructionism and others. They reflect the main stages of the history of Belarus as a whole and show its regional characteristics. Its most significant historical and cultural monument are included in the National Register of Monuments of History and Culture of the Republic of Belarus. They are men and women Cisterian Monasteries, Bernardine Monastery, Drama Theatre and others.

РЕЗЮМЕ

Барсук Елена Евгеньевна. Архитектурное наследие Мозыря.
Город Мозырь (Гомельская область) обладает богатым и разнообразным архитектурным наследием, которое составляют гражданские и культовые здания – памятники виленского барокко, модерна, конструктивизма и др. Памятники архитектуры города отражают главные вехи в истории Беларуси и показывают региональные черты и особенности градостроительства. Наиболее значимые архитектурные памятники Мозыря включены в Национальный реестр памятников истории и культуры Республики Беларусь. Это мужской и женский монастыри цистерцианцев, бернардинский монастырь, здание Мозырского драматического театра и др.