ПАРИЧИ
СПРАВОЧНО - ИНФОРМАЦИОННЫЙ ПОРТАЛ Г.П. ПАРИЧИ

Светлогорские чтения / Первые Светлогорские чтения / Романцов В.А.

К списку >>


Раманцоў В. А.
ГІБЕЛЬ КАРАБЛЯ «ВІННІЦА» – КЛАСІЧНАЯ ТРАГЕДЫЯ Ў ВАЙСКОВЫМ СТЫЛІ
На пачатку Вялікае Айчыннае вайны Чырвонае Войска атрымлівала ад фашыстоўскай Нямеччыны адну паразу за другой . Яно вучылася ваяваць, як гэта заўсёды бывае на вайне, коштам уласных памылак. Сёння іх жадаюць не заўважаць.
На тэрыторыі Парыцкага раёна (зараз Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці) сапраўднай трагедыяй стала страта ў 1941 г. карабля Бярэзінскага атрада Пінскае вайсковае флатыліі «Вінніца», які загінуў з-за халатнасці камандзіра батальёна 21-ай Арміі Чырвонага Войска. І толькі ў наш час сталі вядомы дакументы, абставіны, якія аднаўляюць сапраўдныя падзеі тых гарачых дзён.
Трагедыю карабля «Вінніца» працягваюць замоўчваюць і сёння. Дзяржаўныя выдавецтвы выразалі матэрыялы, падрыхтаваныя краязнаўцамі для кнігі «Памяць. Светлагорск. Светлагорскі раён», мясцовыя газеты не друкуюць праўдзівыя артыкулы на гэтую тэму.
«У згубы баявога карабля “Вінніца” Бярэзінскага атрада Пінскае вайсковае флатыліі, які загінуў у 1941 г. ў раёне в. Новая Беліца, пастаўленая апошняя кропка. Недалёка ад месца, дзе ён прыняў свой апошні бой, быў адчынены памятны знак – драўляны крыж», – так напісаў аўтар гэтага артыкула ў 2008 г. ў матэрыяле «Памятны знак загінуўшаму караблю», працуючы ў светлагорскай газеце «Ранак-плюс» [1]. Тады аўтару яшчэ не было вядома, што да гэтай тэмы давядзецца вярнуцца: не хацелася б жыць праз замоўчванне трагічных для Чырвонага Войска падзеяў апошняе вайны, асабліва калі яны адбыліся на тэрыторыі малой радзімы – Светлагорскага раёна. Не варта, каб моладзь выхоўвалі на чарговай хлусне. Няўжо так цяжка сказаць, дзе быў гераізм, а дзе ён надуманы?
Мусіць, прыдуманы гераізм і быў патрэбны падчас Другое сусветнае вайны, каб перемагчы ворага. Але вайна даўно скончылася. Прыйшоў час ачышчэння ад мітаў, час пабудовы і выяўлення сапраўднага гераізму, які, безумоўна, на той апошняй вайне быў.
Ужо стоячы 15 ліпеня 2008 г. ў в. Новая Беліца Светлагорскага раёна пад толькі што ўсталяваным крыжам з нагоды гібелі «Вінніцы», на якім была прымацаваная шыльдачка з прозвішчамі чатырох загінулых чырвонафлотцаў, аўтар гэтага артыкулу ведаў, што карабель падбілі свае. Ведала аб гэтым і цяперашні дырэктар Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея Л. Грабко. Настаяльнік царквы Св. Марыі Магдаліны гарадскога пасёлка Парычы іярэй Дзмітрый Шылёнак сказаў аўтару гэтага артыкула, што не варта аб такой праўдзе зараз распавядаць: няхай будзе так, як будзе.
Першымі сказаць праўду, як загінуў карабель «Вінніца» класа «манітор» каля в. Новая Беліца, пабаяліся ў выдавецтве «Беларусь», якое рэдагавала кнігу «Памяць. Светлагорск. Светлагорскі раён». Адпаведны абзац быў выкінуты з кнігі. Адшукаў і напісаў гэтую праўду светлагорскі краязнаўца, на час складання кнігі – капітан унутранай службы Ул. Дз. Бурачонак.
«Працуючы над кнігай “Памяць. Светлагорск. Светлагорскі раён”, – паведаміў ён аўтару гэтага артыкула, – я распавёў пра абставіны гібелі манітора “Вінніца”, аднак гэта інфармацыя не была надрукавана па незалежных ад мяне прычынах».
Другой пабаялася распавесці праўду гібелі «Вінніцы» раённая дзяржаўная газета «Светлагорскія навіны». Яе рэдактар Ул. Кохна не прапусціў у друк артыкул Ул. Бурачонка, у якім падрабязна тлумачылася, як зусім не гераічна загінуў у 1941 г. карабель «Вінніца».
Можна ў гэты спіс уключыць і аўтара гэтага артыкула. Але 15 ліпеня 2009 г. аўтар не ведаў падрабязнасцей гібелі «Вінніцы», каб нешта напісаць у газеце «Ранак-плюс», і  крыніц, на якія можна было б спаслацца. А калі б і ведаў, гэты матэрыял наўрад ці надрукавалі бы. У Беларусі па-ранейшаму баяцца праўды апошняе вайны.
У тыя ліпеньскія дні 1941 г. немцы рваліся на Маскву, выконваючы план «Барбароса» па хуткаму захопу сталіцы СССР. Баі завязаліся за Смаленск (Расія). Каб адцягнуць увагу варожых войскаў на галоўным накірунку, камандаванне Заходняга фронту загадала нанесці 13 ліпеня 1941 г. контрудар у правы фланг варожай групоўкі армій «Цэнтр» сіламі 63 і 66 стралковых карпусоў 21 арміі у накірунку г. Бабруйска (цяпер Магілёўскай вобл.). 63 корпус наступаў трыма стралковымі дывізіямі з-за Дняпра на гг. Рагачоў, Жлобін (цяпер Гомельская вобл.) і далей на Бабруйск. 66 корпус наступаў з поўдня, з раёну г. п. Парычы, смешна сказаць, усяго адной стралковай дывізіяй і адным палком уздоўж правага берага Бярэзіны. Гэта была 232 стралковая дывізія, якая вяла ў 1941 г. баявыя дзеянні на тэрыторыі цяперашняга Светлагорскага раёна. Па Бярэзіне яе падтрымліваў атрад Пінскае вайсковае флатыліі.
Па звестках Ул. Бурачонка, раніцою 11 ліпеня 1941 г. падраздзяленні капітана Долбіна і лейтэнанта Максімава 800 стралковага палка сумесна з байцамі Парыцкага знішчальнага батальёна і партызанамі Рэчыцкага атрада А. Б. Міклашэвіча выбілі з Парычаў нямецкі бронеатрад. Да 13 ліпеня савецкім войскам на гэтай дзялянцы супрацьстаялі баявыя групоўкі аховы 53 нямецкага вайсковага корпуса ў складзе трох дывізій, якія месціліся ў вв. Брожа, Ворсічы (сучаснага Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці), Забалацце, Тумараўка, Краснаўка сучасных Калінкавіцкага і Светлагорскага раёнаў. Асноўныя сілы корпуса вялі баі пад Жлобінам. Задача груповак аховы (бронеатрадаў) была ў выстаўленні варты, якая сачыла за перамяшчэннем савецкіх войскаў, каб тыя не ўдарылі ў правы фланг корпуса. 13 ліпеня гэтыя падраздзяленні замянілі тры пяхотныя дывізіі 43 вайсковага корпуса, перакінутага з-пад г. Слуцка (Мінская вобл.).
Раніцою 13 ліпеня 1941 г. ў вызваленых Парычах адбылася нарада прадстаўнікоў камандавання 487 стралковага палка 232 стралковай дывізіі, Бярэзінскага атрада Пінскае вайсковае флатыліі і Рэчыцкага партызанскага атрада А. Б. Міклашэвіча. Абмяркоўваўся загад камандавання Заходняга фронту нанесці контрудар у правы фланг групоўкі армій «Цэнтр» у накірунку Бабруйска.
Далей версія, якая афіцыйна замацаваная ў вайсковай літаратуры (хроніка баявых дзеянняў Бярэзінскага атрада Пінскае вайсковае флатыліі), і наша, безумоўна, розняцца. Прывяду сапраўдную версію гібелі «Вінніцы», згодна з дакладной запіскай за № 415 намесніка начальніка асобага аддзела НКУС 21 арміі палкоўніка Агеенкава, адрасаванай 26 ліпеня 1941 г. пад грыфам «цалкам сакрэтна» сакратару ЦК КП(б)Б Беларусі Эйдзінаву і намесніку наркама НКУС БССР Духовічу [2].
На паседжанні 13 ліпеня 1941 г. ў Парычах камандзір 487 стралковага палка маёр Ганчарык загадаў кіраваць аперацыяй камандзіру батальёна Рабікаву, «якога ў прысутнасці камісара палка Пелюшэнюка, свайго памагатага па страявой частцы маёра Сакалова і іншых камандзіраў папярэдзіў і праінструктаваў, што аперацыя будзе праходзіць сумесна з Пінскай флатыліяй і партызанскім атрадам, і тут жа даў Рабікаву ўказанне праінфармаваць увесь асабовы і камандны склад, які будзе прымаць удзел у аперацыі» [2].
У раён в. Новая Беліца была паслана батарэя пад камандаваннем малодшага лейтэнанта Ламакіна, якога Рабікаў забыў праінфармаваць аб сумесных дзеяннях з Пінскай флатыліяй.
«Ламакін, заўважыўшы замаскіраваныя башні караблёў, – гаворыцца далей у дакладной запісцы, – прыняў іх за нямецкія танкі і адкрыў агонь» [2].
Канешне, пераблытаць карабель, які плыве па рацэ, з нямецкімі танкамі можа толькі чалавек, які, па-першае, ніколі іх не бычыў, па-другое, які ніколі не сутыкаўся з ворагам у баях. Падобных трагічных памылак хапала і ў фашыстоўцаў.
«Флатыліяй, – гаворыцца далей у дакуменце пад грыфам “цалкам сакрэтна”, – быў адкрыты агонь у адказ па батарэі, іншым часткам 487 стралковага палка і атрада Міклашэвіча, якія знаходзіліся на беразе. У выніку перастрэлкі з каманды флатыліі было 5 чалавек забіта і 5 чалавек паранена» [2].
Далей у дакуменце гаворыцца, што «матэрыяламі следства злачынных дзеянняў з боку Сакалова не ўстаноўлена, асноўным жа вінаватым з’яўляецца камандзір батальёна Рабікаў. Па гэтаму пытанню намі вядзецца дадатковае следства» [2].
Ул. Бурачонак не сумняваецца, што ў гэты дзень 13 ліпеня і загінуў манітор «Вінніца». Але знішчэнне карабля да гэтага часу прыпісваецца немцам і фігуруе ў літаратуры пад датай 15 ліпеня 1941 г., што выглядае цалкам нелагічна.
Па-першае, загад аб наступу на Бабруйск быў дадзены па Заходняму фронту 13 ліпеня 1941 г. Калі ўзяць на веру дату 15 ліпеня, то атрымліваецца, што Бярэзінскі атрад не выканаў загад і два дні 13 і 14 ліпеня не прымаў ніякіх дзеянняў для наступу, бо згодна з афіцыйнай хронікай атрада, ў гэтыя дні баявыя дзеянні не вяліся. За такія рэчы кіраўніцтва Бярэзінскага атрада было б расстраляна. Але ў дакладной запісцы, прыведзенай вышэй, гаворыцца аб удзеле Бярэзінскага атрада Пінскай флатыліі ў наступу на Бабруйск менавіта 13 ліпеня 1941 года. Заўважце, дакумент дакладна зазначае: «Флатыліяй (курсіў мой – В. Р.) быў адкрыты агонь у адказ па батарэі» [2]. Стралялі ў адказ ўсе маніторы, якія выходзілі ў рэйд: «Вінніца», «Смаленск», «Жытомір» і больш дробныя караблі. Хто ж тады хлусіць: сакрэтны дакумент ці афіцыйная хроніка? Хлусіць афіцыйная хроніка, а гэта значыць, што «Вінніца» загінула 13 ліпеня.
Дарэчы, у кнізе «Памяць. Светлагорск. Светлагорскі раён», глава «Так пачыналася вайна» дакладна напісана, што наступ на Бабруйск 63 і 66 стралковымі дывізіямі пачаўся 13 ліпеня 1941 г., але ў нашай мясцовасці ён спыніўся каля вв. Новая Беліца (з-за страты «Вінніцы»?), Коўчыцы-2 і на поўдзень ад в. Ворсічы [3, с. 233]. «Камандзір дывізіі (не ўказваецца якой – В. Р.) палкоўнік Пузікаў аддаў загад Бярэзінскаму атраду прарвацца да в. Стасеўка і знішчыць варожую пераправу» – напісана ў кнізе ўсё пад той жа датай 13 ліпеня.
А вось у раздзеле «Подзвігі маракоў-дняпроўцаў» гэтай самай кнігі паведамляецца, што першы бой караблёў Пінскай флатыліі «з танкамі, артылерыяй і авіяцыяй ворага» адбыўся 15 ліпеня каля в. Новая Беліца. Аўтар матэрыяла, капітан 1-га рангу, доктар гістарычных навук І. Лакціёнаў першапачаткова напісаў гэты раздзел для кнігі «В боях за Белоруссию» («У баях за Беларусь») [4, с. 242 – 244]. Ну і хто ж зноў хлусіць?
Па-другое, пад датай 15 ліпеня ў афіцыйнай хроніцы фігуруюць 4 забітых і 2 параненых на «Вінніцы» [5], у дакладной запісцы пад датай 13 ліпеня – 5 загінулых і 5 параненых [2]. І няхай лічбы розняцца, але ў літаратуры мы знойдзем тольку адну звестку аб стратах на «Вінніцы» ў ліпені 1941 г. Таму тут больш даверу сакрэтнаму дакументу, што гэта адбылася менавіта 13 ліпеня 1941 г.
А вось І. Лакціёнаў па колькасці загінулых, наогул, называе рэкордную лічбу – «загінула палова асабовага складу» [4, с. 243]. Паводле крыніц, каманда «Вінніцы» ў 1941 г. мела колькасць 18 чалавек (па іншых дадзеных 44 чалавекі – магчыма, гэта агульная колькасць разам з дэсантным падраздзяленнем). Значыць, паводле названага аўтара, іх загінула не меней за 9 і не болей за 22 чалавекі?
Можна зразумець, чаму ў выдавецтве «Беларусь» выкінулі абзац, у якім было напісана, як насамрэч загінуў манітор «Вінніца». Бо гэтая праўда ніяк не стасуецца з раздзелам «Подзігі маракоў-дняпроўцаў» І. Лакціёнава [4]. Якія тут подзвігі, калі свая артылерыя памылкова расстраляла свой карабель – толькі маракоў загінула 4 чалавекі і 2 было паранена. Але І. Лакціёнаў – доктар гістарычных навук, прафесар! А Ул. Бурачонак усяго толькі краязнаўца, які адшукаў новыя дакументы. І іх не хочуць заўважаць, бо давядзецца перапісываць афіцыйную хроніку дзеянняў Бярэзінскага атрада Пінскае флатыліі. І наогул усе баявыя дзеянні як па сушы, так і па вадзе ў раёне сучаснага Светлагорскага, Калінкавіцкага раёнаў у перыяд з 13 па 15 ліпеня 1941 г.
Цяпер прааналізуем афіцыйную хроніку баявых дзеянняў Бярэзінскага атрада Пінскае вайсковае флатыліі [5].
«Названыя маніторы (“Вінніца”, “Смаленск”, “Жытомір” – В. Р.) замест прызначанага тэрміна ў 22 гадзіны 14 ліпеня засяродзіліся ў раёне Парычаў толькі раніцай 15 ліпеня», – гаворыцца ў ёй, што цалкам супярэчыць сакрэтнаму дакументу, які мы прывялі вышэй. Караблі ў ім наступалі на Бабруйск 13 ліпеня.
«15 ліпеня. У 16 гадзін 10 хвілін па маніторы “Вінніца” з паўночна-заходняй ускраіны в. Новая Беліца вораг адкрыў кулямётны агонь. У 16:12 з лесу з поўночна-заходняй ускраіны в. Новая Беліца адкрыла агонь 76-мм батарэя ворага. Маніторы адкрылі агонь у адказ па батарэі і засадам ворага. У 16:30 батарэя ворага замоўкла, а яго засады паспешна адыходзілі, пераследуемыя агнём з караблёў. У 16:40 маніторы спынілі абстрэл варожых пазіцый. Іх агнём было знішчана дзве 76-мм гарматы ворага і забіта звыш 100 непрыяцельскіх салдат і афіцэраў. Наш дэсант узяў у палон 6 салдат і захапіў мінамётную батарэю ворага. У выніку бою манітор “Вінніца” атрымаў 6 трапленняў (чатыры 77-мм і два 45-мм снарада). Страты склалі 4 забітых (памагаты камандзіра – лейтэнант Кабанец Аляксандр Нікітавіч, рулявые  – чырвонафлотцы Кабанчанка Ф. Е., Лукашук Уладзімір Аўдзеевіч, сігнальнік Лебядзінскі М. Д.) і 2 параненых (матарысты – чырвонафлотцы Уродлівы А. Т., Пашкоў І. Е.). Трапленне снарада ў балер руля вывяла кіраванне з ладу, з прычыны гэтага манітор “Вінніца” сёў на мелізну», – гаворыцца ў афіцыйнай хроніцы [5].
Відавочна, што тут апісаныя падзеі 13 ліпеня 1941 года – перастрэлка манітора «Вінніца» з батарэяй Ламакіна – перамяшаныя з больш позднімі. Няўжо «Вінніца» расстраляла две гарматы і знішчыла звыш 100 сваіх вайскоўцаў?
Як сведчаць дакументы, гібель «Вінніцы» затармазіла наступ частак 232 стралковай дывізіі Чырвонага Войску ўздоўж Бярэзіны.
Страта манітора «Вінніца» стала вялікай трагедыяй для асабовага складу Бярэзінскага атрада. На жаль, пакуль не атрымалася адшукаць страты артылерыстаў падраздзялення малодшага лейтэнанта Ламакіна.
І яшчэ адзін пераканаўчы факт. У дзённіку Рэчыцкага партызанскага атрада А. Б. Міклашэвіча ёсць запіс ад 13 ліпеня 1941 г.,  у якім гаворыцца, што адбылася артперастрэлка паміж падраздзяленнямі Чырвонага Войску і караблямі Пінскае флатыліі, у выніку якіх загінулі партызаны Мароз і Пётр Іванавіч Пацеенка. Тут жа паведамляецца, што у выніку артабстрэлу страчаны баявы карабель. Такія звесткі ўтрымліваюцца ў неапублікаваным матэрыяле Ул. Бурачонка, з якім азнаёміўся аўтар гэтага артыкула. Ул. Бурачонак прыводзіць і архіўную спасылку на дзённік: НАРБ, фонд 3943, воп. 1, спр. 2.
«Гэтым караблём мог быць толькі манітор “Вінніца”, – выказаў сваё меркаванне аўтару гэтага артыкула Ул. Бурачонак, – які ішоў на чале группы ў той дзень. Трагічны лёс гэтага карабля ні ў якім выпадку не прыніжае гераізм маракоў Пінскае вайсковае флатыліі ў 1941 годзе».


СПІС ЛІТАРАТУРЫ

1. Романцов, В.А. Памятный знак погибшему кораблю / В.А. Романцов  // Ранак-плюс. – 2008. – № 30. – С. 1. – Доступ праз Інтэрнет: http://www.ranak.by/plus/viewrp.php?id=3374 – Дата доступа: 25.05.2010.
2. НАРБ. – Фонд 4. – Воп. 1. – Спр. 2. – Арк. 148а–149а. Цыт. па копіі, захоўваемай у Светлагорскім гіст.-краязн. музеі.
3. Бурачонак, Ул.Дз. Так пачыналася вайна / Ул.Дз. Бурачонак, У.А. Папок // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мн: Беларусь, 2000. – У 2-х кн. – Кн. 1 – С. 229–236.
4. Лакціёнаў І. Подзвігі маракоў-дняпроўцаў / І. Лакціёнаў // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мн: Беларусь, 2000. – У 2-х кн. – Кн. 1 – С. 242–244.
5. Пинская военная флотилия // Боевая летопись Военно-Морского Флота. 1941 – 1942. – Москва: Военное издательство, 1983. – С. 336–344.

25.05.2010.




Warning: Unknown: write failed: Disk quota exceeded (122) in Unknown on line 0

Warning: Unknown: Failed to write session data (files). Please verify that the current setting of session.save_path is correct (/tmp) in Unknown on line 0