ПАРИЧИ
СПРАВОЧНО - ИНФОРМАЦИОННЫЙ ПОРТАЛ Г.П. ПАРИЧИ

Светлогорские чтения / Первые Светлогорские чтения / Романцов В.А.

К списку >>


Раманцоў В. А.

АЛЯКСАНДР ШЫМАНОЎСКІ – ЭТНОГРАФ З ЧЭРНІНА
(ДА 160-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ)


Аляксандр Нічыпаравіч Шыманоўскі (1850 – 1918) – беларускі этнограф і фалькларыст, які нарадзіўся 31 жніўня 1850 г. ў сяле Чэрнін Чэрнінскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Светлагорскі раён Гомельскай вобласці). Ён з’яўляецца аўтарам рукапіснага зборніка «Мінская губерня і яе народная творчасць у сувязі з апісаннем народных свят і абрадаў» (1898, руск. м.) і кнігі «1799 – 1899. А. С. Пушкін. Аб знаходжанні яго ў Кішынёве ў сувязі з папярэднім і наступным жыццём» (Кішынёў, 1900, руск. м.).
А. Шыманоўскі з’явіўся на свет ў сям’і святара мясцовай праваслаўнай царквы Нічыпара Фёдаравіча і яго жонкі Кацярыны Андрэяўны. Шыманоўскія – старадаўні беларускі шляхецкі род, які карыстаўся гербам «Юнак». У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай і ўключэння ў 1793 г. тэрыторыі Менскага ваяводства ў склад Расійскай Імперыі новыя ўлады правялі гэтак званыя «разборы шляхты». Кожны беларускі шляхціч павінен быў дакументальна падцвердзіць сваё паходжанне. У выніку такога «разбору» чэрнінскія Шыманоўскія былі пазбаўлены свайго высокага звання [1]. Бацькі А. Шыманоўскага былі адукаванымі людзьмі, высакароднае выхаванне яны імкнуліся даць і свайму сыну. Пачатковую адукацыю Аляксандр атрымаў у Чэрнінскім народным вучылішчы, дзе на той час займаліся дзеці з 14 навакольных вёсак [2], потым скончыў Мазырскую мужчынскую поўную гімназію (адкрылася ў 1859 г.).
Вучоба А. Шыманоўскага ў гэтай навучальнай установе адбывалася ў досыць складаны час, звязаны з паўстаннем 1863 г. ў Беларусі, Літве і Польшчы.
Галоўная ўвага ў гімназіі надавалася выхаванню «преданности Государю и Отечеству», гэта значыць – Расійскай Iмперыі. Выкладчыкі гімназіі павінны былі весці ўрокі толькі на рускай мове. Гэта выклікала пэўныя цяжкасці: многія выкладчыкі і гімназісты былі спаланізаванымі беларусамі альбо палякамі. У сувязі з нарастаннем рэвалюцыйных настрояў у грамадстве ў 1861 г. дырэктару гімназіі было загадана ўважліва сачыць, каб гімназісты не ўдзельнічалі ў палітычных дэманстрацыях. За гэта неадкладна выключалі з навучальнай установы. Гімназісты мусілі выходзіць з дому пасля 19 гадзін толькі з пісьмовага дазволу, які заносіўся ў спецыяльны журнал. Навучэнцы ў адказ на гэтыя абмежаванні парвалі журнал. Чатыры чалавекі былі выключаны. Калі ў 1863 г. высветлілася, што группа вучняў рыхтуе зброю, мае ружжы і нажы, пачаліся новыя выключэнні. Выключаныя хадзілі па горадзе ў «мяцежнай вопратцы», спрабавалі набыць зброю. У сакавіку 1863 г. ў Мазыры і павеце было аб’яўлена ваеннае становішча. З 1864 г. настаўнікамі ў гімназіі прызначаліся толькі расейцы [3].
Сістэма адукацыі ў Расійскай Імперыі на беларускіх землях кіравалася палітыкай русіфікацыі, самадзяржаўе не прызнавала наяўнасць беларускага этнасу, яго мовы і культуры, а гэту тэрыторыю называла «Паўночна-Заходнім краем». Зразумела, што тагачаснае навучанне не магло даць нашаму земляку паўнавартаснага ўяўлення аб сваёй Радзіме, не спрыяла набыццю ведаў аб культуры, мове яе народа. Аднак А. Шыманоўскі за гады навучання самастойна адшукаў шлях да родных каранёў, зацікавіўся вуснай народнай творчасцю і прышоў да высновы, што беларусы – гэта самабытны этнас.
Адметнай падзеяй у жыцці А. Шыманоўскага стала паступленне ў 1870 г. на гісторыка-філалагічны факультэт самага прэстыжнага ў Расійскай Імперыі Санкт-Пецярбургскага імператарскага універсітэта (пасля падзелу Рэчы Паспалітай усе яе вышэйшыя навучальныя ўстановы цягам часу былі закрытыя расійскімі ўладамі). Там ён атрымаў спецыяльнасць філолага, выкладчыка рускай мовы і славеснасці.
У часы навучання ў гімназіі, а потым ва ўніверсітэце Шыманоўскі захапіўся творчасцю рускага паэта Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, дасканала вывучаў яго творы. У нашага земляка была запаветная мара пабываць у месцах, дзе жыў вялікі паэт. Таму ў 1874 г. пасля заканчэння універсітэта А. Шыманоўскі паклапаціўся, каб месцам яго працы стаў г. Кішынёў (Бесарабская губерня), дзе калісьці адбываў ссылку А. С. Пушкін [2].
З Кішынёва А. Шыманоўскі неаднаразова прыязджае на Радзіму ў в. Чэрнін. У адзін з такіх адпачынкаў ён вырашае напісаць кнігу, у якой будуць сабраны беларускія песні, казкі, прымаўкі, павер’і, загадкі разам з апісаннем абрадаў і календарных свят. Як ён пазней сам напіша ў прадмове да кнігі: «тое, што складае актыўнае жыццё беларуса Мінскай губерні ўвогуле, а ў прыватнасці – Бабруйскага і Ігуменскага  паветаў» [4]. Ігумен – гэта сучасны г. Чэрвень у Мінскай вобласці.
У 1898 г. кніга пад назовам «Мінская губерня і яе народная творчасць у сувязі з апісаннем народных свят і абрадаў» была завершана, але да нашага часу не надрукавана і захоўваецца ў архіве Расійскага геаграфічнага таварыства ў Санкт–Пецярбурзе ў выглядзе трох сшыткаў [5]. Толькі за савецкім часам быў выдадзены зборнік, які сабраў апісанне беларускіх вясельных абрадаў, у тым ліку і запісаных нашым земляком [6, с. 230–264]. Даследчык творчасці А. Шыманоўскага, навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі В. Скідан яшчэ на пачатку 1990-х гг. падрыхтаваў манаграфію аб А. Шыманоўскім, але кніга да гэтага часу не пабачыла свет.
Аўтар гэтага артыкула ў 1992 г. пазнаёміўся з рукапісным зборнікам А. Шыманоўскага [7]. Частка зборніка (апісанне свят і абрадаў, найбольш цікавыя творы вуснай народнай творчасці) была перапісана, а потым перакладзена аўтарам артыкула на беларускую мову. Вялікіх высілкаў для гэтай працы не спатрэбілася: матэрыял быў запісаны А. Шыманоўскім рускімі літарамі, але па-беларуску. У 2003 г. была зроблена спроба надрукаваць пераклад у светлагорскай газеце «Регион-вести» [4; 8], але пасля некалькіх публікацый выданне спыніла своё існаванне.
Рукапісны зборнік «Мінская губерня і яе народная творчасць у сувязі з апісаннем народных свят і абрадаў» складаецца з прадмовы, 12 раздзелаў (523 старонкі), карты Мінскай губерні, ёсць у ім ліст да былога выкладчыка Санкт-Пецярбургскага універсітэта прафесара Уладзіміра Ламанскага, які на той час узначальваў Рускае геаграфічнае таварыства [9, с. 227], з просьбай паспрыяць у выданні кнігі. Справа ў тым, што гэта арганізацыя разаслала ва ўсе куткі Расійскай Імперыі праграму збірання фальклорных матэрыялаў і змяшчала іх час ад часу ў сваім часопісе. Аднак не ўсе дасланыя матэрыялы друкаваліся ў сувязі з палітыкай, якую праводзіла расійскае самадзяржаўе ў адносінах да новых тэрыторый.
З прадмовы да кнігі мы даведваемся, што А. Шыманоўскі «да навучальнага ўзросту сам жыў гэтым жыццём, прымаў жывы ўдзел ва ўсіх абрадах, гульнях народа ў розныя перыяды года», яго памяць «захавала жывымі звычаі, абрады, прымхі, забабоны і нават песні» [4]. Аляксандр Нічыпаравіч патлумачыў сваю цікавасць да гэтай тэмы глабальнымі пераменамі, якія адбываюцца ў жыцці беларускіх сялян.
«З кожным прыездам на Радзіму, – піша ён, – складальнік гэтага зборніка заўважаў, як у маладым пакаленні пачынала ўсё мяняцца ў штодзённым жыцці, як пачало падаць у значнай ступені значэнне абрада, як звычаі пачалі змяняцца і нават не выконвацца ў шматлікіх выпадках, казкі – забывацца, а песні – усё радзей і радзей гучаць, адным словам, пачаўся нейкі пералом у жыцці, паварот да чагосьці новага» [4].
У прадмове А. Шыманоўскі падкрэслівае самабытнасць беларускага народа, ужывае слова «беларус», якое з 1840 г. было забаронена ў справаводстве Расійскай Імперыі. Не інакш як выклікам у адрас палітыкі расійскага самадзяржаўя можна разумець напісаныя нашым земляком радкі: «...беларус усё больш і больш пачынаў прыходзіць да зліцця з агульнарускаю вялікаю сям’ёй, пачынаў адчуваць сябе не адзінцом сярод іншых народнасцей свайго краю, якія адрозніваліся ад яго верай і мовай». У гэтых радках утрымліваецца думка, што беларусы на той момант не злучыліся з агульнарускай сям’ёю і адрозніваліся ад іншых народаў як вераю, так і моваю. Аўтар адзначае, што пры запісванні матэрыялаў «стараўся дакладна перадаць усе фанетычныя асаблівасці, а дзе ясна была заўважна гукавая барацьба, там яна дакладна адзначана». Шыманоўскі адкрыта гаворыць аб існаванні ў мове беларусаў уласнай фанетычнай сістэмы: «Ёсць песні, дзе беларуская фанетыка саступае вялікарускай» [4]. Вядома, што такая «крамольная» кніга не мусіла быць на той час надрукавана, таму і лягла на доўгія гады на паліцу. А ў савецкі час з яго татальнай барацьбой супраць хрысціянства сабраны А. Шыманоўскім матэрыял, дзе расказваецца аб рэлігійных святах, тым больш не мусіў зацікавіць ваяўнічых атэістаў-бальшавікоў.
Зборнік «Мінская губерня і яе народная творчасць у сувязі з апісаннем народных свят і абрадаў» каштоўны для нашага раёна тым, што частка матэрыялу запісана ў в. Чэрнін. А. Шыманоўскі назваў прозвішчы асоб, якія дапамагалі ў зборы вуснай народнай творчасці. Сярод іх родная сястра Пелагея Нічыпараўна Шыманоўская (па мужу Густава), якая працавала настаўніцай у Чэрнінскім народным вучылішчы [2], сваяк протаіярэй Рыгор Шыманоўскі і аднавясковец Сямён Друзік.
У 1900 г. здзейснілася мара нашага зямляка напісаць кнігу аб рускім паэце А. С. Пушкіне. У Кішынёве выйшла ў свет кніга А. Шыманоўскага «1799 – 1899. А. С. Пушкін. Аб знаходжанні яго ў Кішынёве ў сувязі з папярэднім і наступным жыццём», у якой былі змешчаны цікавыя факты, апісаны эпізоды з кішынёўскага перыяду жыцця і творчасці вялікага рускага паэта. Выданне было прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння А. С. Пушкіна. Па ацэнках даследчыкаў, кніга стала адзінай змястоўнай працай аб творчасці вялікага рускага паэта з усіх, надрукаваных у Бесарабіі (Малдове).
А. Шыманоўскі ўзяў шлюб з Ганнай Аруцюнаўнай Ускат – дачкой небагатага вясковага купца, якая была армянкай па нацыянальнасці. У іх нарадзіліся трое дзяцей: сыны Аляксандр (1883) і Фёдар (1885), дачка Вольга (1888).
27 гадоў А. Шыманоўскі аддаў працы на ніве адукацыі ў Кішынёўскай 1-ай мужчынскай гімназіі. Прайшоў шлях калежскага асэсара (1879), надворнага дарадцы (1880), калежскага дарадцы (1883) і стаў стацкім дарадцам (1887). За выдатныя поспехі і старанне быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава III ступені (1879), II ступені (1895), ордэнам Святой Анны III ступені (1889), II ступені (1896), адмысловым срэбным медалём [10, с. 117]. 15 ліпеня 1899 г. А. Шыманоўскі выйшаў на пенсію, якая грашыма складала 600 рублёў у год. У тым жа годзе папячыцель Адэскай вучэбнай акругі прапанаваў нашаму земляку настаўнічаць яшчэ тры гады. Аднак 1 жніўня 1901 г. А. Шыманоўскі звольніўся з працы па ўласным жаданні. Відаць, што Аляксандру Нічыпаравічу прапанавалі іншы занятак, бо адразу пасля звальнення са службы Кішынёўскі земскі сход абраў яго ганаровым міравым суддзёй по гораду Кішынёву пажыццёва. А 8 лютага 1913 г. былы выкладчык на паседжанні гарадской Думы закрытым галасаваннем атрымаў пасаду таварыша (намесніка) дырэктара гарадскога банка тэрмінам на 4 гады.
Важная падзея ў жыцці нашага земляка адбылася 24 сакавіка 1914 г. За асабліва высокія заслугі Бесарабскі дваранскі дэпутацкі сход зацвердзіў А. Шыманоўскага ў спадчынным дваранстве [1]. Так наш зямляк аднавіў званне шляхціча (двараніна), якое калісьці насіў яго род.
Жыццё А. Н. Шыманоўскага абарвалася трагічна. У 1918 г. ён быў забіты бальшавікамі ля ўласнага дому па вуліцы Леоўская (паміж Пушкінскай і Сінодзіеўскай) ў Кішынёве [2].


СПІС ЛІТАРАТУРЫ

1. Маслюкоў, Т. Філолаг в вёскі Чэрнін / Т. Маслюкоў // Светлагорскія  навіны. – 1995. – 2 верасня. – С. 2.
2. Скідан, В. Аляксандр Шыманоўскі / В. Скідан // Светлагорскія навіны. – 1992. 14 кастрычніка. – С. 2. –  17 кастрычніка. – С. 2.
3. Бобр, А. Мазырская гімназія / А. Бобр, Я. Фарбераў // Памяць: Мазыр. Мазырскі раён / Уклад. М. А. Копач, В. Р. Феранц – Мн: Мастацкая літаратура, 1997. – С. 88–89.
4. Шыманоўскі, А. Мінская губерня і яе народная творчасць у сувязі з апісаннем народных свят і абрадаў // Регион-вести. – 2003. – № 39. – С. 3. – № 47 – С. 3. – № 48. – С. 3.
5. Архіў Расійскага геаграфічнага таварыства. – Фонд 20. – Воп. 1. – Адз. зах. 8.
6. Вяселле. Абрад. – 2-е выд. –  Мн., 2004.
7. Раманцоў, В.А. А. Н. Шыманоўскі / В.А. Раманцоў, Н.У. Федзюкова // Светлагорскія навіны. – 1993. – 8 верасня. – С. 3.
8. Гл.: Шыманоўскі, А. Купалле // Регион-вести. – 2003. – № 29 – С. 2; Маслюкоў, Т. Фальклор даследваў наш зямляк // Регион-вести. – 2003. – № 37 – С. 5.
9. Скідан, В. Па слядах збіральніка фальклора / В. Скідан // Полымя. – 1977. – № 3. – С. 227–234.
10. Скідан, В. Вучоны з вёскі Чэрнін / В. Скідан // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. – Мн: Полымя, 2000. – У 2-х кн. – Кн. 1. – С. 116–118.

25.05.2010.




Warning: Unknown: write failed: Disk quota exceeded (122) in Unknown on line 0

Warning: Unknown: Failed to write session data (files). Please verify that the current setting of session.save_path is correct (/tmp) in Unknown on line 0