Светлогорские чтения / Первые Светлогорские чтения / Болбас В.И.
К списку >>
Болбас В. І.
ВАЙСКОВЫЯ ПАДЗЕІ НА ТЭРЫТОРЫІ СВЕТЛАГОРСКАГА РАЁНА
Ў СЯРЭДЗІНЕ ХVIІ СТАГОДДЗЯ
Звесткі пра вайсковыя падзеі і перамяшчэнні войскаў на тэрыторыі цяперашняга Светлагорскага раёна ў сярэдзіне ХVIІ ст. датычаць у асноўным вайны паміж Маскоўскім царствам і Рэччу Паспалітай 1654 – 1667 гг., а таксама больш ранніх казацкіх набегаў на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ).
Большая частка цяперашняга Светлагорскага раёна ўваходзіла тады ў Бабруйскую воласць (Бабруйскае староства), якая ў 1565 г. «была ўключана ў Рэчыцкі павет Менскага ваяводства…» ВКЛ [1].
Звесткі пра вайсковыя выправы тых часоў сталі даступнымі для беларускіх чытачоў у 2008 г. пасля публікацыяў у часопісе «Aрхэ Пачатак» працаў польскіх гісторыкаў.
Так, польскі гісторык Вітальд Бярнацкі ў сваёй працы «Паўстанне Хмяльніцкага: ваенныя дзеянні ў Літве ў 1648 – 1649 гг.» апісвае паход ваяводы віленскага, вялікага гетмана літоўскага князя Януша Радзівіла (1612 – 1655) па землях Светлагоршчыны пры падрыхтоўцы да бітвы з казацкімі аддзеламі былога палкоўніка рэестравых казакаў Рэчы Паспалітай Станіслава Міхала Крэчэўскага – знакамітай Лоеўскай бітвы. Палкоўнік Крэчэўскі быў пасланы на паўднёвыя землі ВКЛ з Украіны Багданам Хмяльніцкім.
Вось як гэта апісана ў аўтара пасля таго, як 27 чэрвеня 1649 года Я. Радзівіл пасля абеду ў в. Брожа каля Бабруйску рушыў далей на поўдзень.
«28 чэрвеня князь Януш Радзівіл дайшоў да Казімеравай Слабады, дзе стаяла харугва (рота – В. Б.) драгунаў лікам 100 жаўнераў на чале з капітанам Маенам. …Каб везці артылерыю па вузкіх балоцістых дарогах, патрабаваліся намаганні коней і людзей. Вылучаныя дадаткова жаўнеры ішлі спераду, каб пры неабходнасці пашырыць ці выраўняць дарогу, засыпаць фашынай выбоіны, і збоку ці ззаду, каб падштурхнуць ляфэты ці вазы, якія загразлі ў балоцістых каляінах. На ноч Януш Радзівіл спыніўся ў вёсцы Парычы на рацэ Бярэзіне, у двары, што належаў літоўскаму харужаму Яну Пацу. …29 чэрвеня Радзівіл выехаў з Парычаў, спыніўся на абед у Дудзічах. …На начлег князь затрымаўся ў Чарковічах» [2, с. 149].
Тут неабходна адзначыць наступнае: дзе была «вёска і маёнтак Дудзічы ў Рэчыцкім павеце пры дарозе з Даманавіч да Мазыра», згаданыя аўтарам у тэксце? Вёска Дудзічы сапраўды існавала і зараз існуе каля Калінкавічаў. Да яе ад Парычаў прыкладна 65 км. Відавочна, што яна не магла быць месцам прыпынку Я. Радзівіла. Выехаўшы раніцою з Парычаў, немагчыма прайсці з вайсковым абозам такую адлегласць і на начлег вярнуцца ў Чарковічы (гэта сучасная в. Чыркавічы Светлагорскага раёна). Адсюль выснова: абедаў князь Радзівіл не ў Дудзічах калінкавіцкіх, а ў цяперашніх Здудзічах Светлагорскага раёна. Існаванне гэтага селішча ў той час пазначана ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі [1].
Далей паведамляецца, што 1 ліпеня Я. Радзівіл прыехаў у Горваль (зараз веска ў Рэчыцкім раёне) [2, с. 150]. Вёска Казімерава Слабада, згаданая ў тэксце, – гэта сучасная в. Каралева Слабада Светлагорскага раёна, на месцы якой, паводле С. Я. Рассадзіна, быў горад Казімір (польск. Казімеж) [4].
В. Бярнацкі пад апісаннем гэтага этапу маршу Я. Радзівіла падае 3 спасылкі на архіўныя крыніцы.
Цяпер, што датычыць вайны паміж Маскоўскім царствам і Рэччу Паспалітай 1654 – 1667 гадоў. Іншы польскі гісторык, Конрад Бабятынскі, у сваёй працы «Ад Смаленску да Вільні» падае дакладную дату знішчэння горада Казіміра войскамі атамана Івана Залатарэнкі ў 1655 г.:
«Углыб Вялікага Княства Літоўскага накіроўваліся шматлікія раз’езды, дэзарганізуючы тыл арміі, якая асаджала Магілёў. Януш Радзівіл ня меў адпаведных сілаў, каб стрымаць іх, і таму казакі беспакарана спусташалі тэрыторыі паміж Дняпром і Бярэзінай. 22 сакавіка яны спалілі Бабруйск і Каралеўскую Слабаду, захапілі шмат палонных» (выдзелена намі – В. Б.) [3, с. 302].
К. Бабятынскі пры гэтым падае 2 спасылкі на архіўныя крыніцы.
СПІС ЛІТАРАТУРЫ
1. Насевіч, В. Бабруйская воласць / В. Насевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Мінск, 1993. – Т. 1. – С. 255.
2. Бярнацкі, В. Паўстанне Хмяльніцкага: ваенныя дзеянні ў Літве ў 1648 – 1649 гг. / В. Бярнацкі // ARCHE Пачатак. – 2008. – № 1–2. – С. 45–222. Доступ праз Інтэрнет: http://arche.by/attachment/000000005.pdf Дата доступу: 12.05.2010.
3. Бабятынскі, К. Ад Смаленску да Вільні / К. Бабятынскі // ARCHE Пачатак. – 2008. – № 7–8. – С. 188–365.
4. Рассадзін, С.Я. Гербовый привилей 1643 г. на магдебургию городу Казимежу в старостве Бобруйском / С.Я. Рассадзін // Беларускі археаграфічны штогоднік. – Мінск, 2001. – Вып. 2. – С. 215–223.
12.05.2010.