ПАРИЧИ
СПРАВОЧНО - ИНФОРМАЦИОННЫЙ ПОРТАЛ Г.П. ПАРИЧИ

Светлогорские чтения / Первые Светлогорские чтения / Марфина В.У.

К списку >>


В. У. Марфіна
ПАЛЕААНТРАПАЛАГІЧНЫЯ ЗНАХОДКІ – ВАЖНАЯ КРЫНІЦА ГІСТАРЫЧНАЙ ІНФАРМАЦЫІ АБ СТАРАЖЫТНЫХ ПАПУЛЯЦЫЯХ ЧАЛАВЕКА
Палеаантрапалагічны матэрыял, атрыманы ў выніку археалагічных раскопак, уяўляе сабою важную крыніцу гістарычнай і біялагічнай інфармацыі аб насельніцтве мінулых эпох. Даследаванні айчынных і замежных антраполагаў пераканаўча паказалі, што шкілетныя рэшткі чалавека могуць служыць каштоўнай гістарычнай крыніцай не толькі для высвятлення пытанняў паходжання старажытнага насельніцтва, але і для вывучэння прыродных і сацыяльных умоў (экалогіі) яго існавання. Сучасныя метады даследавання дазваляюць вызначыць узроставы і палавы склад пахаваных у магільніку людзей, ахарактарызаваць асаблівасці іх фізічнага тыпу, выявіць захворванні, траўмы і анамаліі, якія адбіліся на структурных асаблівасцях шкілета, вызначыць некаторыя групавыя фактары крыві і нават па мікраэлементнаму складу касцей ахарактарызаваць асноўны рацыён харчавання [1–7]. Некаторыя структурныя характарыстыкі адлюстроўваюць рэакцыю арганізма на фактары стрэсу [8] і г. д. Распрацаваны спецыяльныя метады аднаўлення твару па чэрапе, заснаваныя на карэляцыйных сувязях структурных асаблівасцяў шкілета паміж сабою і з мяккімі тканкамі [9]. Змена генетычна абумоўленых расавых асаблівасцяў, устойлівых да ўздзеяння фактараў знешняга асяроддзя, адлюстроўвае прыток на вызначаную тэрыторыю насельніцтва – носьбіта нехарактэрных для абарыгенаў рыс. У генафондзе насельніцтва захоўваюцца сляды старажытных міграцыйных працэсаў, абумоўленых рознымі гістарычнымі падзеямі. Параўнальны аналіз характэрных расавых прыкмет на краніялагічных серыях, якія прадстаўляюць розныя этнатэрытарыяльныя групы насельніцтва ў розныя гістарычныя перыяды, дазваляе ўдакладніць шэраг пытанняў этнагенетычных працэсаў.
Вывучэнне біялагічных асаблівасцяў старажытнага насельніцтва з пахаванняў, якія адносяцца да розных гістарычных перыядаў, – асноўная задача палеаантрапалогіі. Гэты напрамак навукі зарадзіўся ў рамках параўнальнай анатоміі раней за іншыя раздзелы антрапалогіі. Па меры распрацоўкі і ўдасканалення метадаў і праграмы даследаванняў сфарміраваліся асноўныя раздзелы палеаантрапологіі: краніялогія – вывучэнне асаблівасцяў будовы чэрапа ў краніялагічных калекцыях, і астэалогія – вывучэнне касцей посткраніяльнага шкілету ў выкапнёвых людзей [10, 11].
На пачатку 1930-х гг. Г. Ф. Дэбец упершыню даследаваў курганныя мужчынскія краніялагічныя серыі XI – XIV стст. з тэрыторыі Беларусі, згрупаваўшы матэрыял паводле тэрытарыяльнага прынцыпу (з былых тэрыторый полацкіх крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў). Ён адзначыў істотную масіўнасць, асабліва нашчадкаў полацкіх крывічаў, і прыйшоў да высновы, што, мяркуючы па сярэднегрупавым велічыням прыкмет, назіраецца значнае антрапалагічнае падабенства гэтых серый паміж сабою і з храналагічна адначасовым насельніцтвам памежжа з Прыбалтыйскай тэрыторыяй [12]. У далейшым, параўноўваючы храналагічна разначасовыя краніялагічныя серыі з тэрыторыі былога СССР, Г. Ф. Дэбец паказаў, што пачынаючы з эпохі мезаліту ў накірунку да сучаснасці паступова скарачаецца падоўжаны дыяметр чэрапа і пашыраецца яго папярочны дыяметр, у выніку чаго чэрап замест падоўжанай (даліхакраннай) формы набывае больш акруглую (брахікранную). Гэтаму працэсу ён даў назву «брахікефалізацыя». Акрамя таго, паступовае памяншэнне масіўнасці чэрапа і шкілета ў цэлым, у выніку чаго шкілет становіцца больш тонкім і лёгкім (грацыльным), ён назваў «грацылізацыяй». Усю сукупнасць падобных змен фізічнага тыпу людзей у часе Г. Ф. Дэбец назваў «эпахальнай» [13].
У 1960-я – 1970-я гг. І. І. Салівон былі атрыманы ў выніку раскопак і даследаваны краніялагічныя серыі з беларускіх сельскіх могільнікаў XVIII –XIX стст. Параўнанне іх з матэрыяламі серыі з грунтовага могільніка XI – XII стст. г. Навагрудка і курганоў вакол яго (раскопкі Ф. Д. Гурэвіч і К. В. Паўлавай), а таксама серый з курганоў Брэсцкай вобласці (раскопкі Т. М. Каробушкінай), дазволіла ўсталяваць высокую ступень міжпакаленнай пераемнасці паводле комплексу асноўных расавадыягнастычных прыкмет паміж групамі старажытнага і блізкага да сучаснасці насельніцтва [14–20]. Выяўлена значнае падабенства фізічнага тыпу розных тэрытарыяльных груп блізкага да сучаснасці карэннага насельніцтва Беларусі. Аднак, нягледзячы на адсутнасць статыстычна значных адрозненняў паміж лакальнымі серыямі, прасочваецца ў выглядзе тэндэнцыі пэўная геаграфічная накіраванасць зменлівасці комплексу краніялагічных прыкмет. У накірунку з паўднёвага захаду на паўночны усход памяншаюцца вышынны і папярочны дыяметры мазгавога аддзела чэрапа, скулавая шырыня і дакрыяльны паказальнік, павялічваюцца вышыня твару і назамалярны вугал. У гэтым кірунку становіцца некалькі меншай брахікраннасць (кароткагаловасць) серый, шырокатварасць у спалучэнні з некаторай сплошчанасцю пераносся і твару на ўзроўні арбіт [19]. У гэтым праяўляюцца рысы падабенства з некаторымі фіна-вугорскімі групамі Паволжа. Гэтую з'яву можна растлумачыць захаваннем у генетычнай памяці насельніцтва старажытнага антрапалагічнага пласта.
Варта адзначыць, што сярод краніялагічных серый XI – XIV стст. на тэрыторыі Беларусі не назіралася аднастайнасці. Сустракаліся лакальныя папуляцыі як з перавагай масіўных [12, 17], так і адносна грацыльных (тонкаскладзеных) краніялагічных варыянтаў [20, 21].
Параўнанне краніялагічных матэрыялаў XVIII – XIX стст. з матэрыяламі пачатку II тыс. н. э. дазволіла ўпершыню выявіць аналагічны адзначанаму Г. Ф. Дэбецам характар змен у часе марфалагічных асаблівасцяў насельніцтва на тэрыторыі Беларусі [22]. У далейшым І. І. Салівон на матэрыялах па сучасным насельніцтве быў ўсталяваны такі самы кірунак міжпакаленнай трансфармацыі формы галавы аж да канца XX ст., што дазволіла аргументаваць мікраэвалюцыйны характар працэсу [23]. І. І. Салівон ўпершыню даследавала зубную сістэму краніялагічных серый XVIII – XIX стст. і серыі XI – XII стст. з г. Наваградка. Выяўлены рэдукцыйныя структурныя змены зубоў, абумоўленыя скарачэннем альвеалярнай дугі з прычыны эпахальнай грацылізацыі тваравага аддзелу. Змены праяўляюцца як у скарачэнні велічыні бугаркоў, аж да іх знікнення на некаторых верхніх і ніжніх карэнных зубах, так і ў памяншэнні іх падоўжнага і папярочнага дыяметраў, а таксама і ў некаторых іншых перабудовах. У далейшым, вывучыўшы зменлівасць зуба-сківічнай сістэмы ў сучаснага насельніцтва і параўнаўшы яе характар з зуба-сківічнай сістэмай у старажытнага насельніцтва, У. У. Гатальскі паказаў узмацненне рэдукцыйнага працэсу за апошняе дзесяцігоддзе XX стагоддзя, пацвердзіўшы яго мікраэвалюцыйны характар [24].
Г. Чэснісам і І. Чаквіным былі ўпершыню даследаваны дыскрэтна вар’іруючыя прыкметы на краніялагічных калекцыях з тэрыторыі Беларусі і апісаны іх тэрытарыяльныя варыяцыі ў параўнанні з аналагічнымі з тэрыторыі Літвы [25].
Па меры паступлення новых матэрыялаў з археалагічных раскопак, В. А. Емяльянчык былі атрыманы дадатковыя звесткі аб тэрытарыяльнай і часовай зменлівасці старажытнага насельніцтва нашай рэспублікі. Была таксама пашырана праграма краніялагічнага даследавання, якая дазволіла выявіць на шкілетным матэрыяле прыкметы экалагічнага стрэсу. Былі прааналізаваны паказальнікі смяротнасці ў розных груп насельніцтва Беларусі эпохі сярэднявечча і новага часу, а таксама частоты сустракальнасці такой прыкметы, як cribra orbitalia – гіперастозныя змены косці на верхняй унутранай паверхні арбіт, якія развіваюцца ў раннім дзяцінстве ў выніку захворвання анэміяй, абумоўленай павышанай патагеннай нагрузкай і непаўнацэнным харчаваннем [8].
У гістарычнай антрапалогіі пры аналізе біялагічных асаблівасцяў шкілетных рэштак з пахаванняў розных гістарычных перыядаў прынята кіравацца не толькі ўніфікаванымі праграмамі і метадамі даследавання структурных асаблівасцяў касцявога матэрыялу і статыстычнай яго апрацоўкі, але і ўніфікаванымі падыходамі да апісання крыніц матэрыялу (месца і аўтар раскопак, гістарычны перыяд пахавання, пахавальны інвентар, этнічная прыналежнасць).
Пры рэканструкцыі палеадэмаграфічнай структуры папуляцыі, якая пакінула дадзены могільнік, важна вызначэнне полу і ўзросту пахаваных. Даволі выразна палавыя адрозненні адлюстроўваюць структурныя асаблівасці чарапоў [10].
Пры вызначэнні ўзросту важна звярнуць увагу на ступень і лакалізацыю зарастання чарапных швоў. Косці чэрапа злучаны паміж сабою пры дапамозе заходзячых адзін за адзін тонкіх касцявых адросткаў – швоў. У працэсе індывідуальнага развіцця некаторыя косці фарміруюцца непасрэдна са злучальнай тканкі, іншыя праходзяць яшчэ і храстковую стадыю. Ад індывідуальных асаблівасцяў працэсу акасцянення залежыць утварэнне дадатковых касцявых швоў і касцявых астраўкоў на чэрапе. Аблітэрацыя (зарастанне) чарапных швоў, у выніку чаго межы іх злучэння становяцца невыразнымі, пачынаецца ў мужчын ва ўзросце 20 – 30 гадоў, у жанчын – у сярэднім на некалькі гадоў пазней. Тэрміны і парадак зарастання асобных швоў моцна вар’іруюць індывідуальна. У сувязі з тым, што ў адрозненне ад іншых млекакормячых у чалавека зарастанне швоў пачынаецца з унутранай паверхні чэрапа, больш дакладнае вызначэнне ўзросту дае ацэнка стану швоў на ўнутранай паверхні чарапной каробкі. Дакладнасць вызначэння ўзросту гэтым спосабам дапускае памылку ў сярэднім да 10 гадоў. Ад індывідуальных асаблівасцяў арганізма залежыць ступень выражанасці працэсаў, якія ўплываюць на паскарэнне, альбо запаволенне яго тэмпаў. Раней іншых зарастае клінавата-патылічнае шво (на аснаванні чэрапа), затым стрэлападобны (паміж цемяннымі касцьмі), вянечны (паміж лускай лобнай косці і цемяннымі касцямі), ламбдападобны (паміж лускай патылічнай косці і цемяннымі) і інш. Цалкам швы зарастаюць у глыбокай старасці, ды і то не ва ўсіх.
Дадатковыя звесткі аб узросце індывіда падае стан зубной сістэмы. На дзіцячых чарапах узрост вызначаецца паводле ступені прарэзвання малочных зубоў, а пасля 5 гадоў – улічваецца стан замены малочных зубоў на сталыя. Распрацаваны спецыяльныя табліцы стадый прарэзвання і змены малочных зубоў [10]. Узрост дарослых індывідаў вызначаецца таксама па ступені сцёртасці каронкі сталых зубоў для кожнага зуба асобна. У 1955 г. М. М. Герасімаў склаў для зубнога шэрагу верхняй сківіцы табліцу, якая ўлічвае ступень сцёртасці [9].
Не заўсёды значная сцёртасць некаторых або ўсіх зубоў сведчыць аб пажылым узросце індывіда. Яна залежыць ад характару харчавання (цвёрдая, грубая ежа), апрацоўкі зубамі цвёрдых матэрыялаў, адсутнасць зуба, калі ўзмацняецца нагрузка на зубы-антаганісты. Частковае выпадзенне зубоў суправаджаецца атрафіяй адпаведнага ўчастку дзясны – альвеалярнага адростка сківіцы, а поўнае іх выпадзенне прыводзіць да вытанчэння бакоў сківіцы і змене вугла нахілу ніжняй сківіцы, пры якім ён становіцца больш тупым, падбародак жа мацней выступае наперад. Такія змены характэрныя для старэчага ўзросту.
Палавыя адрозненні праяўляюцца і ў будове касцей посткраніяльнага шкілету, але найбольш дакладна палавую прыналежнасць пахаванага ў сталым узросце можна вызначыць па тазавых касцях [11]. Пры гэтым варта ўлічваць, што палавую прыналежнасць па касцявых рэштках магчыма вызначыць толькі ў полаваспелых асобін.
У перыяд росту і фарміравання арганізму ўзровень акасцясцянення  посткраніяльнага шкілета (паступовае замяшчэнне храстковай тканіны на касцявую) з’яўляецца важным паказчыкам біялагічнага ўзросту. У сталага індывіда, у якога сфарміравалася касцявая сістэма, біялагічны ўзрост найбольш дакладна вызначаецца на гарызантальных распілах або рэнтгенаграмах доўгіх трубчастых касцей па ступені змен іх губчатага рэчыва. На практыцы часцей ўлічваюць узроставыя змены знешняй паверхні асобных касцей.
Пачатковыя праявы старэння касцёва-сустаўнага апарата вызначаюцца па ступені зношанасці сустаўных храсткоў – у сустаўных канцах спачатку адкладаюцца солі (абвапнаванне), а затым касцянеюць фібрынозныя і храстковыя элементы. На канцах сустаўных паверхняў з’яўляюцца краявыя касцявыя разрастанні. Чым старэйшы ўзрост, тым выяўленасць іх мацнейшая. Гэтыя змены раней за ўсё пачынаюцца ў дыстальных міжфалангавых – ніжніх пальцавых суставах і суставах пазваночніка. Замест круглявых абрысаў на аснаваннях канцавых фаланг кісці з’яўляюцца краявыя касцявыя разрастанні, вострыя выступы. У старэчым узросце рэзка звужваюцца сустаўныя шчыліны. Касцёва-сустаўны апарат у жанчын пачынае старэць у сярэднім на 5 – 10 гадоў раней, чым у мужчын. Узроставыя змены структуры косці прыводзяць таксама да таго, што з-за вывядзення з арганізма кальцыя пасля 50 гадоў кампактныя пласцінкі (вонкавы пласт) і губчатае рэчыва (унутраны пласт) трубчастай косці разрэджваюцца (астэапароз). Косць становіцца тонкай, порыстай, далікатнай і лёгкай, вага яе памяншаецца.
На касцявым матэрыяле вызначаецца не пашпартны ўзрост, а біялагічны, які адлюстроўвае тэмпы росту або старэння арганізма. Пры вызначэнні ўзросту ад 1 да 21 года ў асноўным кіруюцца звесткамі аб паслядоўных стадыях акасцянення (замяшчэнне храстка касцявой тканінай) асобных касцей і іх сегментаў у працэсе фарміравання арганізма [11]. Паслядоўнасць акасцянення доўгіх трубчастых касцей такая, што ў розныя тэрміны зрастаецца сярэдні аддзел з іх верхнім і ніжнім аддзеламі.
Аснаваннем для вызначэння ўзросту служаць тыя змены, якія перажывае арганізм на працягу жыццёвага цыклу. Раней ужо адзначалася, што біялагічны ўзрост не супадае з пашпартным, апярэджваючы або адстаючы ад яго. Адрозненні могуць скласці 4 – 5 гадоў. Звычайна вылучаюць 6 перыядаў, заснаваных на комплекснай ацэнцы крытэрыяў біялагічнага ўзросту – стане зубной сістэмы і ступені зарастання швоў чэрапа: infantilis I (першы дзіцячы) – верхняй мяжой служыць з’яўленне першага сталага моляра (да 6 – 7 гадоў); infantilis II (другі дзіцячы) – да з'яўлення другіх сталых моляраў (да 14 гадоў); juvenis (юнацкі) – да закрыцця асноўна-патылічнага сінастозу (да 18 – 22 гадоў); adultus (малады) – да пачатку сінастазіравання чарапных швоў (да 30 – 35 гадоў); maturus (спелы) – ад пачатку сінастазіравання швоў да значнай іх аблітэрацыі; адзначаецца вялікая сточанасць каронак зубоў (да 54 гадоў); senilis (старэчы) - характарызуецца амаль поўным зарастаннем швоў, назіраецца значная атрафія альвеалярнага адростка на верхняй сківіцы або альвеалярнага краю - на ніжняй (старэй 54 гадоў).
Параўнальны аналіз астэалагічных матэрыялаў аб насельніцтве розных гістарычных перыядаў дазваляе выявіць не толькі расавыя адрозненні па даўжыні цела і яго прапорцыях, спалучэнне асаблівасцяў шкілета ў межах адной расы з экалагічнай сітуацыяй у рэгіёне, а таксама зменлівасць у часе структурных асаблівасцяў шкілета на вызначанай тэрыторыі. Методыка вымярэнняў розных касцей посткраніяльнага шкілета падрабязна выкладзена ў працы В. П. Аляксеева і іншых працах [26 – 29]. Часцей за ўсё вызначаюць падоўжаныя і папярочныя памеры, акружнасці доўгіх трубчастых касцей канечнасцяў, паколькі гэта дазваляе судзіць аб масіўнасці касцей. Па спецыяльна распрацаваных формулах можна разлічыць прыблізную даўжыню цела пахаванага індывіда. Прыкладам могуць служыць табліцы і формулы, складзеныя М. Тротэр і Г. Глэзер для высакарослага еўрапеоіднага і негроіднага насельніцтва [11], а таксама К. Пірсанам асобна для мужчынскіх і жаночых шкілетаў. Велічыні, вылічаныя з улікам даўжыні некалькіх касцей, больш дакладныя, чым атрыманыя на падставе памераў асобнай косці. Формулы К. Пірсана ўжываюцца для насельніцтва з сярэднім ростам (165 см для мужчын). У высакарослай групе яны даюць заніжаныя, а ў нізкарослай – завышаныя лічбы.
Палеаантрапалагічная расавая праграма даследавання ўключае візуальную (краніяскапічную) ацэнку прыкмет, якія немагчыма вымераць, г. зн. неметрычных, якія ацэньваюцца па адпаведных балавых шкалах, і памерную (краніяметрычную), у аснову якой пакладзена распрацаваная Р. Марцінам (1928) спецыяльная методыка вызначэння розных памераў чэрапа і касцей посткраніяльнага шкілета [30]. Па сукупнасці краніяскапічных і краніяметрычных прыкмет існуюць адрозненні паміж папуляцыямі, якія адносяцца да розных расавых варыянтаў.
Індывідуальная зменлівасць будовы чэрапа праяўляецца ў разнастайных варыянтах формы і суадносінаў касцей. Магчыма з’яўленне нетыповых (анамальных) швоў на лобнай, патылічнай, цемянной, скулавай касцях, устаўных костак у швах, дадатковых адтулін для крывяносных сасудаў. Варыяцыі швоў і адтулін на чэрапе ўпершыню ўключыў у праграму даследаванняў Д. М. Анучын (1880). Для вырашэння праблем этнагенезу і папуляцыйнай генетыкі чалавека гэтыя прыкметы сталі шырока выкарыстоўвацца на пачатку 1970-х гадоў [9, 10]. Перад звычайнымі метрычнымі (вымяральнымі) прыкметамі неметрычныя (дыскрэтна вар’іруючыя) маюць тую перавагу, што ў значнай ступені абумоўлены генетычна і могуць быць выяўлены нават на вельмі фрагментарным матэрыяле.
У этнагістарычным плане палеаантрапалагічныя даследаванні на Еўразійскім кантыненце дазваляюць абгрунтаваць высновы аб накірунку старажытных міграцыйных плыняў, аб генетычным укладзе іншаэтнічнага  насельніцтва, улічваючы комплекс прыкмет, што дыферэнцыруюць мангалоідную і еўрапеоідную расы. Мангалоідная раса адрозніваецца ад еўрапеоіднай комплексам прыкмет: выражанай сплошчанасцю твару на ўзроўні арбіт і на ўзроўні скул, сплошчанасцю пераносся, слабым выступаннем насавых касцей, шырокай грушападобнай адтулінай, высокай частатой сустракальнасці лапатападобных разцоў і выражаных форм зацёку эмалі. У сувязі з пранікненнямі мангалоідных груп з-за Урала на тэрыторыю Усходняй Еўропы ў розныя гістарычныя перыяды і рознай інтэнсіўнасцю змешвання з еўрапеоідным насельніцтвам, гэтыя прыкметы мазаічна размяркоўваюцца і сярод розных груп сучаснага насельніцтва дадзенай тэрыторыі.
Расавыя асаблівасці ацэньваюць таксама на падставе аданталагічных прыкмет. Ацэньваецца форма прыкуса, лапатападобнасць на лінгвальнай паверхні разцоў, лінгвальны бугарок на паверхні верхніх і ніжніх разцоў і клыкоў, бугарок Карабеллі на лінгвальнай паверхні першага верхняга карэннага зуба, міжкарнявы зацёк эмалі вызначаецца на верхніх і ніжніх карэнных зубах, рэдукцыйны комплекс, які адлюстроўвае працэс грацылізацыі зуба-сківічнага апарата, скарачэнне памераў зубоў і бугаркоў у моляраў: рэдукцыя верхняга латэральнага разца, рэдукцыя першага верхняга моляра.
Выкарыстанне апісаных методык дазваляе ахарактарызаваць антрапалагічныя асаблівасці лакальных груп старажытнага насельніцтва Беларусі. Праведзена палеаантрапалагічнае даследаванне матэрыялу з пахаванняў каля вёскі Каралева Слабада-2 Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці, якія адносяцца да XVIІ стагоддзя. Усяго маецца тры пахаваных, якія належылі да карэннага насельніцтва рэгіёна.
Аналізуючы біялагічныя асаблівасці касцявых рэштак, кіраваліся ўніфікаванымі праграмамі і метадамі даследавання структурных асаблівасцяў касцявога матэрыялу.
Пры рэканструкцыі палеадэмаграфічнай структуры папуляцыі, якая пакінула магільнік, важна выначэнне полу і ўзросту пахаваных. Структурныя асаблівасці чарапоў даволі выразна адлюстроўваюць палавыя адрозненні.
Прыкметы палавой прыналежнасці на чэрапе № 1 добра выражаны і дазваляюць вызначыць яго як жаночы. Чэрап добрай захаванасці, што дазволіла пры аналізе матэрыялу выкарыстаць як апісальны, так і вымяральны метады. Вызначаны ўзрост – малады (adultus – да 30 – 35 гадоў, г. зн. да пачатку зарастання чарапных швоў). Форма чэрапа – пентаганоід (характарызуецца моцным развіццём і рэзкім выступаннем цемянных і лобных бугроў, якія і вызначаюць пяцікутную форму чарапной каробкі). Чэрап мезагнатны (адзначаецца ўмеранае выступанне сківіцы, невялікі альвеалярны прагнатызм).
Паводле вызначанага расава-дыягнастычнага комплексу (назамалярны вугал, зігамаксілярны вугал, сплошчанасць пераносся, выступанне насавых касцей, лапатападобнасць разцоў і інш.) чэрап мае прыкметы,  характэрныя для еўрапеоіднага насельніцтва.
Выяўлены рэдка сустракаемыя асаблівасці: у вянечным шве справа і злева па дзве ўстаўныя костачкі, множныя ўстаўныя косці ўздоўж усяго ламбдападобнага шва, у латэральным кірунку расчапленне лускі патылічнай косці з абодвух бакоў.
Чэрап № 2 (пахаваны ў яме, галавой уніз) – дэфармаваны, косці тваравага аддзела чэрапа не захаваліся. Чэрап масіўны, на патылічнай частцы моцна выяўленая выйная лінія, захаваўся буйны і доўгі смочкападобны адростак, што дазваляе вызначыць чэрап як мужчынскі.
Падставай для вызначэння ўзросту паслужыла ступень аблітэрацыі (зарастання) швоў чэрапа. На чэрапе цалкам зарасло стрэлападобнае шво і ў значнай ступені вянечнае і ламбдападобнае, што дазволіла вызначыць узрост чэрапа № 2 як сталы (maturus – ад 33 да 54 гадоў, г. зн. ад пачатку сінастазіравання швоў да значнай іх аблітэрацыі). Форма чарапной каробкі ў вертыкальным становішчы эліпсоідная, г. зн. найбольшая шырыня знаходзіцца прыблізна на сярэдзіне контуру чэрапа.
У сувязі з адсутнасцю касцей тваравага аддзела чэрапа вызначэнне комплексу расава-дыягнастычных прыкмет не ўяўляецца магчымым. Звесткі аб зубной сістэме таксама адсутнічаюць.
Чэрап № 3 – маюцца фрагменты цемянной косці, частка насавой і скулавай касцей (з левага боку), фрагмент верхняй сківіцы і ніжняя сківіца. Паводле захаванага фрагменту арбіты і ніжняй сківіцы чэрап вызначаны як жаночы. Косці чэрапа вельмі вытанчаныя, што дае падставу вызначыць узрост як старэчы (senilis – ад 55 гадоў і старэй, характарызуецца амаль поўным зарастанием швоў).
Па захаваных касцях пераносся, глыбокай клыкавай ямцы, даволі вузкай грушападобнай адтуліне чэрап належыць да еўрапеоіднага насельніцтва.
На чэрапе № 2 выяўлены сляды захворвання: у верхняй сківіцы над коранем правага ікла вялікае паглыбленне – следства перанесенага гнойнага запаленчага працэсу.
Звесткі аб зубной сістэме: на ніжняй сківіцы захавалася сем пярэдніх зубоў, усе заднія зубы адсутнічаюць, паверхні зубоў і альвеалярныя атжылкі сцёртыя, што яшчэ раз гаворыць аб старэчым узросце пахаванага.
Падводзячы вынікі, адзначым важнасць палеаантрапалагічных дадзеных у вывучэнні гістарычнай абумоўленасці фарміравання антрапалагічнага складу старажытных папуляцый, што нярэдка дазваляе прадставіць у рэтраспектыве дадатковыя звесткі аб шляхах старажытных міграцый, інтэнсіўнасці ўкладання мігрантаў у генафонд карэннага насельніцтва, гэта значыць удакладніць некаторыя пытанні этнагенетычных праблем.
Палеаантрапалагічны матэрыял XVIІ ст. з пахаванняў каля вёскі Каралева Слабада-2 Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці з’яўляецца ўнікальным і ўводзіцца ў навуковае абарачэнне ўпершыню.
Нягледзячы на недастаткова добрую захаванасць касцявога матэрыялу са старажытных пахаванняў з-за асаблівасцяў кліматычных умоў у нашай рэспубліцы, а таксама хімічнага складу глеб і грунтавых вод, паступовае назапашванне астэалагічных матэрыялаў дазволіць на падставе паглыбленага, усебаковага яго вывучэння ўдакладніць своеасаблівасць палеадэмаграфічных працэсаў і шэраг пытанняў біякультурнай адаптацыі лакальных папуляцый у розныя гістарычныя перыяды.


СПІС ЛІТАРАТУРЫ

1.    Анучин, Д.Н. О некоторых аномалиях человеческого черепа и преимущественно об их распределении по расам / Д.Н. Анучин // Известия Общества любителей естествознания, антропологии и этнографии. – М., 1880. – Т. 38. – Вып. 3. – 120 с.
2.    Козинцев, А.Г. Дискретно-вариирующие признаки на человеческих черепах I тыс. до н. э. из Минусинской котловины / А.Г. Козинцев // Архив анатомии, гистологии и эмбриологии. – 1973. – Т. 62. – № 4. – С. 53–59.
3.    Козловская, М.В. Пищевые новации производящего хозяйства / М.В. Козловская // Междисциплинарные исследования в археологии. – М., 2002. – Вып. 1–2. – С. 32–34.
4.    Мовсесян, А.А. Программа и методика исследований аномалий черепа / А.А. Мовсесян, Н.И. Мамонова, Ю.Г. Рычков // Вопросы антропологии. – 1975. – Вып. 51. – С. 69–81.
5.    Мовсесян, А.А. Фенетический анализ в палеоантропологии / А.А. Мовсесян. – М., 2005. – 271 с.
6.    Пашков, В.И. Очерки судебно-медицинской остеологии / В.И. Пашков. – М., 1963. – 142 с.
7.    Рохлин, Д.Г. Болезни древних людей: Кости людей различных эпох – нормальные и патологические изменения / Д.Г.  Рохлин. – М.–Л., 1965. – 301 с.
8.    Емельянчик, О.А. Cribra orbitalia как маркер анемического стресса в исследованиях ископаемых популяций с территории Беларуси / О.А. Емельянчик // Актуальные вопросы антропологии. – Минск, 2006. – С. 177–184.
9.    Герасимов, М.М. Восстановление лица по черепу: Современный ископаемый человек / М.М. Герасимов // Труды Института этнографии АН СССР. – М., 1955. – Т. 28. – 586 с.
10.    Алексеев, В.П. Краниометрия: Методика антропологических исследований / В.П. Алексеев, Г.Ф. Дебец. – М., 1964. – 240 с. – Доступ праз Інтэрнет: http://books4study.info/text-book3783.html – Дата доступа: 16.05.2010.
11.    Алексеев, В.П. Остеометрия: Методика антропологических исследований / В.П. Алексеев. – М., 1966. – 250 с. – Доступ праз Інтэрнет: http://sci-lib.com/book000029.html – Дата доступа: 16.05.2010.
12.    Дэбец, Г.Ф. Чарапы Люцынскага магiльнiку i старажытных славян Беларусi i месца апошнiх у палеаантрапалогii Усходняй Еўропы / Г. Ф.  Дэбец // Працы секцыi археалогii Iнстытута гiсторыi Беларускай акадэмii навук. – Мiнск, 1932. – Т. 3. – С. 69–80.
13.    Дебец, Г.Ф. Палеоантропология СССР / Г. Ф. Дебец // Труды Института этнографии. – М., 1948. – Т. 4. – 392 с.
14.    Cалiвон, I.I. Новыя антрапалагiчныя матэрыялы да праблемы паходжання беларускага народа / І.І. Салівон // Весцi АН БССР. Сер. грамад. навук. – 1969. – № 2. – С. 74–80.
15.    Саливон, И.И. Краниологическая характеристика населения Белоруссии XVIII – XIX вв. в связи с некоторыми вопросами происхождения белорусского народа / И.И. Саливон // Сов. этнография. – 1969. – № 4. – С. 40–53.
16.    Саливон, И.И. Палеоантропология Белоруссии и вопросы происхождения белорусского народа (по краниологическим материалам II тыс. н. э.) / И.И. Саливон. – Минск, 1969. – 25 с.
17.    Cалiвон, I.I. Кранiологiчна характеристика середньовiчного населення м. Новогрудка / І.І. Салівон // Матерiали з антрапалогiï Украïни. – Киïв, 1971. – Вип. 5. – С. 92–110.
18.    Саливон, И.И. Роль древнего населения в формировании некоторых антропологических особенностей населения Белоруссии / И.И. Саливон // Glasnic antropoloskog drustva Jugoslavije. – Beograd, 1975. – Sv. 12. – С. 99–110.
19.    Саливон, И.И. Антропологическая характеристика населения Белоруссии II тыс. н. э. по палеоантропологическим материалам / И.И. Саливон // Очерки по антропологии Белоруссии. – Минск, 1976. – С. 18–102.
20.    Cалiвон, I.I. Кранiялогiя насельнiцтва беларускага Панямоння па матэрыялах каменных магiльнiкаў / І.І. Cалiвон, А.В. Квяткоўская, А. І. Кушнiр // Весцi АН БССР. Сер. грамад. навук. – 1989. – № 3. – С. 73–81.
21.    Коробушкина, Т.Н. Сельское население среднего Побужья IX – XIII вв. / Т.Н. Коробушкина, И.И. Саливон // Советская археология. – 1990. – № 3. – С. 138–149.
22.    Саливон, И.И. Динамика некоторых морфологических особенностей у населения Белоруссии / И.И. Саливон // Glasnic antropoloskog drustva Jugoslavije. – Beograd, 1986. – Sv. 23. – С. 45–51.
23.    Саливон, И.И. Межпоколенная изменчивость некоторых структурных особенностей черепа у населения Беларуси в свете эпохальных процессов / И.И. Саливон // Вестник антропологии. – М., 1998. – Вып. 4. – С. 103–114.
24.    Гатальский, В.В. Межпоколенная и эпохальная изменчивость особенностей зубочелюстной системы в популяциях Белоруссии / В.В. Гатальский. – Минск, 2000. – 19 с.
25.    Чеснис, Г. Использование неметрических краниологических признаков в этногенетических исследованиях (по палеоантропологическим материалам X–XVI вв. с территории БССР) / Г. Чеснис, И. Чаквин // Glasnic antropoloskog drustva Jugoslavije. – Beograd, 1986. – Sv. 23. – С. 53–59.
26.    Тегако, Л.И. Основы антропологии / Л.И. Тегако, О.В. Марфина. – Минск, 2008. – 381 с.
27.    Тегако, Л.И. Основы антропологии и экологии человека / Л.И. Тегако, И.И. Саливон. – Минск, 1997. – 328 с.
28.    Тегако, Л.И. Основы современной антропологии / Л.И. Тегако, И.И. Саливон. – Минск, 1989. – 250 с.
29.    Тегако, Л.И. Практическая антропология / Л.И. Тегако, О.В. Марфина. – Ростов/нД, 2003. – 315 с.
30.    Martin, R. Lehrbuch der Anthropologie in systematischer Darstellung / R. Martin. – Jena, 1928. – T. 1–2. – 309 с.


16.05.2010.



Warning: Unknown: write failed: Disk quota exceeded (122) in Unknown on line 0

Warning: Unknown: Failed to write session data (files). Please verify that the current setting of session.save_path is correct (/tmp) in Unknown on line 0