ПАРИЧИ
СПРАВОЧНО - ИНФОРМАЦИОННЫЙ ПОРТАЛ Г.П. ПАРИЧИ

Гостевая книга

23 03 2024::Валентина Петрова для Татьяна
Здравствуйте, Татьяна. Да, согласно ОБД мемориал, ваш...
23 03 2024::Валентина Петрова для Геннадия.
Здравствуйте, Геннадий. Высылаю вам фото братской...

Светлогорские чтения / Первые Светлогорские чтения / Дубицкая Н.Я.

К списку >>



Дубіцкая Н. М.
ВЫВУЧЭННЕ ПОМНІКАЎ ЖАЛЕЗНАГА ВЕКУ І РАННЯГА СЯРЭДНЯВЕЧЧА Ў БАСЕЙНЕ НІЖНЯЙ БЯРЭЗІНЫ
Басейн Ніжняй Бярэзіны (у межах сучаснага Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці) быў заселены чалавекам з даўніх часоў. Першапачатковае засяленне гэтай тэрыторыі адбылося ў эпоху мезаліта. Беларускім археолагам У. П. Ксянзовым уздоўж правага берага Бярэзіны, у ніжнім яе цячэнні, выяўлены шэраг помнікаў эпохі мезаліта. Самы старажытны з іх – гэта паселішча каля в. Каралева Слабада, якое належыць да эпохі ранняга мезаліту і датуецца IX тыс. да н. э. Стаянкі мезалітычнага чалавека таксама даследаваны каля вв. Краснаўка, Міхайлаўка, Новая Беліца, г. п. Парычы.
Вывучэнне помнікаў жалезнага веку і ранняга сярэднявечча ў басейне Ніжняй Бярэзіны было пакладзена даследаваннямі аўтара публікацыі. У 1982, 1987 гг. былі праведзены раскопкі на паселішчы каля в. Прудок. Даследавана 292 кв. м пры таўшчыні культурнага пласта 0,6 – 0,8 м. Селішча выяўлена ў 1976 г. У. П. Ксянзовым. Яно знаходзіцца ў 1 – 1,2 км на ўсход ад вёскі, на першай надпоймавой тэрасе правага берага р. Бярэзіны, на беразе старычнага возера.
Культурны пласт паселішча змяшчаў у сябе матэрыялы шэрагу эпох. Самыя старажытныя матэрыялы (кераміка, крэмневы інвентар) належаць да эпохі неаліту і бронзы. Наступны этап засялення звязаны з другой чвэрцю I тыс. н. э. Матэрыялы гэтага этапу прадстаўлены абломкамі ляпных керамічных пасудзін, у тым ліку глянцаваных і з расчосамі, глінянымі праселкамі, жалезнымі вырабамі (долатападобным крэсівам і інш.) (мал. 1). Да гэтага перыяду належаць рэшткі паўзямлянкі з печкай-каменкай, якая размяшчалася ў паўночнай частцы пабудовы. Печ складзена на мацерыку з буйных камянёў без злучнага матэрыялу. Падлога пясчаная.
Трэці перыяд – канец X – XIII стст. У гэты час тэрыторыя селішча значна павялічылася. Знойдзены абломкі ганчарных гаршкоў і місак з хвалістым і лінейным арнаментам. На донцах некаторых гаршкоў захаваліся клеймы (мал. 2: 3). Атрымалася аднавіць амаль поўны профіль гаршка XI ст. (мал. 2: 1). Таксама знойдзены розныя побытавыя рэчы (сланцавыя праселкі), металічныя прылады працы (нажы, лёзы і інш.), упрыгожванні. Цікавай знаходкай з'яўляецца мініяцюрны жалезны нож, даўжыня з чарашком 8 см (мал. 1: 3). Тоўстая спінка, рэзка звужваемае да верха лязо паказваюць, што дадзены нож з'яўляецца мадэллю баявога нажа. Відаць, ён меў рытуальнае прызначэнне. З бронзы выраблены літы нацельны крыж, арнаментаваны складаным рэльефным узорам (апошняя чвэрць XI – першая чвэрць XII стст.) (мал. 1: 9), ложнавітое скроневае кальцо XII – XIII стст. (мал. 1: 10). Знойдзены шкляныя пацеркі: пазалочаная (канец X – пачатак XII стст.) (мал. 1: 11), падвойная «лімонка» з глухога жоўтага шкла (X – XI стст.) (мал. 1: 12). Да XVII ст. належыць абломак белаглінянай люлькі.
Недалёка ад селішча размяшчаюцца сінхронныя па часе апошняму этапу засялення курганныя магільнікі. Адзін з іх знаходзіцца за 1 км на захад ад паселішча, на ўскраіне сучасных могілак. Некалькі курганоў захаваліся ў лесе, за 0,6 км на ўсход ад паселішча.
У 1983 г. былі праведзены раскопкі на селішчы каля в. Дражня. Селішча выяўлена Н. У. Бычковым у 1981 г. Размешчана за 1,5 км на захад ад вёскі, ва ўрочышчы Ліпавы Бугор, якое ўваходзіць у склад урочышча Дубовае, на левым беразе безназоўнага правага прытоку Бярэзіны. Вышыня над поймай да 3 м. Даследавана 244 кв. м. Таўшчыня культурнага пласта 0,3 – 0,6 м.
Асноўным археалагічным матэрыялам з’яўляюцца абломкі ляпных пасудзін. Самы ранні посуд адносіцца да эпохі бронзы. Большасць абломкаў належыць посуду мяжы  першай паловы I тыс. н. э. Асартымент посуду прадстаўлены гаршкамі і міскамі розных памераў. Выяўлены глянцаваны і неглянцаваны посуд. Неглянцаваны посуд складае 97%, прычым 35% яго пакрыта штрыхоўкай (мал. 3).
Адзін з самых цікавых помнікаў у басейне Ніжняй Бярэзіны, на якім праводзіліся археалагічныя раскопкі, – гарадзішча жалезнага веку каля в. Адрубы Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. Гарадзішча знаходзіцца за 0,5 км на паўночны захад ад вёскі, ва ўрочышчы Гарадок, на левым карэнным беразе р. Бярэзіны. Памеры пляцоўкі 100х55 м. Гарадзішча з напольнага боку ўмацавана валам вышынёй да 3,5 м, шырынёй 12 м і ровам. Помнік выяўлены ў 1977 г. У. П. Ксянзовым. Упершыню раскопкі на ўсходняй частцы пляцоўкі гарадзішча праводзіліся Н. М. Дубiцкай у 1983 г. Яны былі працягнуты ў 1997, 2000 – 2006 гг. Усяго даследавана 360 кв. м пры таўшчыні культурнага пласта да 0,7 – 0,8 м. Актыўны ўдзел у правядзенні раскопак прымалі навучэнцы гуманітарнага ліцэя і сярэдніх школ г. Светлагорска (кіраўнік Т. В. Маслюкоў).
Першапачаткова гэта месца было заселена ў эпоху неаліту і бронзавага века, пра што сведчаць знаходкі керамічнага посуду таго часу, крамянёвы наканечнік стралы. У VI – IV стст. да н. э. сюды прыйшлі плямёны мілаградскай культуры, якія збудавалі ўмацаванае паселішча (гарадзішча). На раннюю дату (VI – IV стст. да н. э.) паказваюць знаходкі керамікі з жамчужным арнаментам і скразнымі праколамі (мал. 5), раннія формы посуду і тыпы грузікаў (мал. 4: 1–3). Трэці этап засялення гарадзішча звязаны з прыходам постзарубінецкага насельніцтва, верагодна, у I – II стст. н.э. З гэтым насельніцтвам звязаны знаходкі наканечніка дроціка (мал. 4: 8), керамікі з насечкай і ўцісканнямі па краю венца і пад вонкавым краем венца, подглянцаванага посуду.
Культурны пласт гарадзішча ўтрымоўваў розныя знаходкі з гліны (абломкі керамічнага посуду; тэхнічнай керамікі – тыглі; праселкі; грузікі і грузіла; пацерку); жалеза (зброю – наканечнік стралы і дроціка; прылады працы – серп, нажы, шыла, розныя лёзы; упрыгожванні); розныя рэчы з бронзы (скроневае кальцо, бранзалет, посахападобная шпілька, нашыўкі на адзежу); шкляная пацерка (мал. 4).
Гарадзішча ля вескі Адрубы Жлобінскага раёна належыць да «класічных» мілаградскіх гарадзішчаў. Тым не менш, яно мае шэраг асаблівасцяў, якія, відавочна, звязаны з яго паўночным памежным становішчам. У матэрыяльнай культуры гарадзішча значна выразней, чым на больш паўднёвых помніках, прасочваецца ўплыў суседніх культур (юхнаўскай, культуры штрыхаванай керамікі, адзначана прысутнасць заходніх і паўночна-заходніх традыцый), прычым уплыў гэтых традыцый адзначаецца, пачынаючы з самых ранніх этапаў функцыянавання гарадзішча.

19.05.2010.