Новости

Лепшы горад Светлагорск.
У рамках інтэрактыўнай праграмы "Мой родны Светлагорскі край", прысвечанай 61-ай гадаўшчыне са дня аснавання горада Светлагорска, хочацца расказаць пра нашага земляка, працоўная дзейнасць якога непарыўна звязана з гэтым горадам.
Лепшы горад – Светлагорск!
У маладой гісторыі Светлагорска ёсць нямала людзей, якія пакінулі свой след. Адзін з іх – Міхаіл Ільіч Мітраховіч. Яго імя вельмі часта ўспамінаюць гараджане старэйшага пакалення. Ён не толькі быў сведкам нараджэння Светлагорска, але і будучы старшынёй гарвыканкама, прымаў самы актыўны ўдзел ва ўсім, што спрыяла яго развіццю.
Нарадзіўся Міхаіл Ільіч у 1926 годзе ў в. Казлоўка Парыцкага ( зараз Светлагорскага) раёна ў шматдзетнай сям’і калгаснікаў, у якой было чацвёра дзяцей. Пасля заканчэння Казлоўскай пачатковай школы працягваў вучобу ў Парыцкай сярэдняй школе. Дарэчы, у школе лічыўся адным з лепшых вучняў. Але далейшай вучобе перашкодзіла вайна. На той час ён скончыў толькі 7 класаў.
У гады вайны Міхаіл разам з бацькамі жыў у родный вёсцы. Успамінаючы тыя часы, ён расказваў, як падчас адступлення немцаў у 1944г. яны з бацькам некалькі месяцаў скіталіся як бежанцы, паколькі нельга было прыйсці дадому. Вярнуўшыся пасля вызвалення ў родную вёску, яны ўбачылі, што іх хата сгарэла, таму давялося будаваць новае жыллё. Пасля вызвалення Парыцкага раёна некаторы час Міхаіл працаваў сакратаром Казлоўскага сельскага Савета. У жніўні 1944-га быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Спачатку прайшоў навучанне ў запасным палку ў горадзе Кіраве Смаленскай вобласці. А ў верасні быў накіраваны ў вайсковую частку зенітнай артылерыі, якая знаходзілася ў Гомелі.
Пасля заканчэння вайны частка, у якой служыў Міхаіл, была расфарміравана і накіравана ў Баку. Тут сяржант Мітраховіч праслужыў да 1946 года. Потым быў Далёкі Усход, горад Благавешчанск.
У 1948 годзе камандзір самаходнай гарматы зброі Міхаіл Мітраховіч быў дэмабілізаваны. Вярнуўся ў родныя мясціны. Спачатку працаваў загадчыкам хаты-чытальні ў Казлоўцы.
Далей была праца ў якасці загадчыка аддзела райкама камсамола, потым другім, а затым першым сакратаром райкама камсамола.
Для таго, каб зразумець прычыну хуткага кар’ернага росту М.І.Мітраховіча, дастаткова прачытаць радкі з пісьма, у свой час дасланага маці Міхаіла камандаваннем вайсковай часткі: “Не было выпадку, каб тое, што даручалася Вашаму сыну, было не выканана. Нездарма сярод таварышаў склалася прымаўка: “Калі патрэбна зрабіць справу, даручыце сяржанту Мітраховічу”
Асабістая адказнасць, высокая патрабавальнасць у першую чаргу да сябе былі адметнай рысай яго характару. У 1954г. Міхаіл скончыў Парыцкую сярэднюю школу і паступіў у Гомельскі педагагічны інстытут. Правучыўшыся на гістарычным факультэце, у 1960г. атрымаў дыплом, у якім было напісана “Настаўнік гісторыі”.
Яго добрасумленныя адносіны да справы былі заўважаны, і з 1954 па 1961 год ён працуе загадчыкам аддзела, затым сакратаром і другім сакратаром Парыцкага райкама партыі.
У 1961г. Міхаіл Мітраховіч быў накіраваны ў Чачэрск. Тут давялося працаваць старшынёй райвыканкама. Доўжылася праца ў Чачэрску па снежань 1962г.
Пасля ўтварэння Светлагорскага раёна Міхаіл Ільіч пераязджае на пастаяннае месца жыхарства ў Светлагорск. Некаторы час працуе старшынёй камітэта партыйна-дзяржаўнага кантроля.
12 красавіка 1965г. ён быў прызначаны на пасаду старшыні гарадскога выканаўчага камітэта. Бадай, ніхто з кіраўнікоў горада не быў на гэтай пасадзе так доўга, як ён – цэлых 17 гадоў. Міхаіл Ільіч добра памятае той момант, калі Светлагорск афіцыяльна набыў статус горада. Адразу ж паўстала пытанне, якое датычылася генеральнага плана забудовы. Ён быў распрацаваны Белдзяржпраектам і прадугледжваў будаўніцтва 1-га, 2-га, 3-га мікрараёнаў, а таксама цэлюлозна-картоннага камбіната, завода зборнага жалезабетона і шэрага іншых прадпрыемстваў. Планавалася, што ў Светлагорску будзе жыць 100 тысяч чалавек. У першыя гады жыцця маладога горада, у сувязі з недахопам жылля, былі пабудаваны 1800 так званых “времянок” – невялічкіх хатак з печчу. Зразумела, яны ўступалі па камфортнасці тагачасным кватэрам, але на той момант дазволілі часткова вырашыць жыллёвую праблему. У наступныя гады штогод будавалася 800-900 кватэр. Усяго за час працы М.І.Мітраховіча на пасадзе старшыні гарвыканкама было пабудавана 15.500 кватэр.
Калі ў 1965г. у Светлагорску пражывала 10 тыс. Чалавек, то ў 1982-м – ужо 50 тысяч. У 1966 годзе ў горад прыбылі першыя нафтавікі. Праз 10 год пачалося праектаванне 4-га “Юбілейнага” мікрараёна. У 1965 годзе была пракладзена толькі одна дарога, зробленая з булыжніка падчас будаўніцтва Васілевіцкай ДРЭС. За 20 гадоў было пабудавана 45 кіламетраў дарог: вуліца Леніна, 50 год Кастрычніка, Завадская, Луначарскага, Сацыялістычная, Авіяцыйная. І гэта быў толькі пачатак… У першыя гады будаўніцтва Светлагорска прырост насельніцтва штогод складаў 5000 чалавек. З’явілася вялікая патрэба ў дзіцячых садках і школах.
За 17 гадоў працы Міхаіла Ільіча на пасадзе старшыні гарвыканкама было пабудавана 20 дзіцячых садкоў і 7 школ. Характэрна, што к 1980 году Светлагорск быў забяспечаны дзіцячымі дашкольнымі ўстановамі на 100%. Акрамя гэтага шмат увагі старшыня гарвыканкама ўдзяляў маштабнаму будаўніцтву спартыўных аб’ектаў, бальніц, раддома, прадпрыемстваў гандлю, фабрыкі агародніны і шматлікіх іншых устаноў. У кожнай такой справе М.І.Мітраховіч прымаў самы актыўны ўдзел.
У 1982г. Міхаіл Ільіч перайшоў на іншую працу: ён стаў намеснікам дырэктара Светлагорскага цэлюлозна-папяровага завода па эканамічных пытаннях, а потым на працягу 4-х гадоў працаваў намеснікам дырэктара па кадрах і быту.
12 ліпеня 2016г. ён адзначыў свой 90-гадовы юбілей. Пайшоў з жыцця 5лістапада 2016г.
За сваю працоўную дзейнасць Міхаіл Ільіч Мітраховіч быў удастоены розных узнагарод, у ліку якіх ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971г.), два ордэны «Знак Пашаны» (1974г, 1981г.), медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» (1946г.), медаль «Ветэран працы» (1986г.), две Ганаровыя граматы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
За вялікі ўнёсак у развіццё Светлагорска ў 1998 годзе яму было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Светлагорска».
Атрымаць яго – значыць застацца ў сэрцах светлагорцаў.