Литературное творчество паричан / Бондарева Тамара
К списку >>Генеральскі шынель.
Крыху пераваліла за поўдзень. Сонца, прaбіваючыся праз лісцце яблыні, пад якой стаяў стол, зіхацела на розных прысмаках, ды на прыгожых чарках, што стаялі тут жа. За абедам, як заўседы, калі з’яджаліся ўсе да хаты, было шумна. Сыны нешта даказвалі адзін другому, маці завіхалася ля стала, дачка дапамагала, але асноўны гвалт стаяў ад малых, а іх было чацьвера.
Толькі стары Іван сядзеў моўчкі да з-пад касматых броваў глядзеў на усіх. Сення, можна сказаць, ім з Аксінняй, пашанцавала. Усе тут: і дзеці, і ўнукі са сваімі маладымі жонкамі, і нават праўнукі. Малыя хлопцы, тыя зранку ўсе за дзедам бегалі – то пакажы, то раскажы што-небудзь. І дзед паказваў, расказваў – любіў ен пагаварыць. Ды што казаць, майстар быў расказаць, ды і не проста расказаць, а кожнага чалавека розным голасам паказаць, а калі трэба, дык і акцэнт ўставіць.
Вось і зараз ўнукі чапіліся: «Дзед, як было на вайне?..» Толькі праўнучка Волечка, сядзеўшая на руках ў сваей матулі, з асцярожнасцю паглядала на дзядулю, на яго касматыя бровы і густую сівую шавялюру.
Дзед хітравата паглядзеў на хлапчукоў і запытаў: - А ці ведаеце, як я быў генералам?
- Не, дзед, - зашумелі малыя, - раскажы…
Сыны моўчкі пераглянуліся – пайшло-паехала.
- Не чулі,- спытаў Іван, - дык слухайце… Было гэта падчас вызвалення Беларусі. Часці нашай дывізіі уз’ядналіся з асноўнымі часткамі першага Беларускага фронту. Баі працягваліся. А мы стаялі на ўскраіне Шацілак, чакалі перафармавання. Салдаты ў свабодную гадзіну лапілі бялізну, падшывалі гімнасцеркі, шынялі, словам, прыводзілі сябе ў парадак.
Даведаліся, што я магу не блага шыць, і вельмі хутка я зрабіўся заўзятым шаўцом. Недзе нават швейную машыну знайшлі, паставілі ў крайняй хаце ля вакна. І работы з’явілася шмат. Сядзеў я цяпер там днямі нешта перашываючы, падганяючы.
Трапіў неяк да мяне генеральскі шынель. Самога генерала я не бачыў, але чуў, што чалавек ен быў добры і справядлівы. Вось надвячоркам закончыў я прасаваць генеральскі шынель, раптам чую – недзе далека прагучалі выбухі, затым бліжэй, яшчэ бліжэй. Выглянуў у вакно – праехала машына з салдатамі.
Каля штабнай зямлянкі стаяў матацыкл – значыць сувязны тут. Дай думаю пайду празнаю ў чым справа, ды і шынель заадно ад’ютанту аддам. Выйшаў з хаты і, каб не несці шынель у руках, накінуў на плечы. Іду па вуліцы, а насустрач калона, і малады такі лейтэнантік бяжыць. Параўняўшыся са мною – супыніўся і калона супынілася.
Лейтэнант як закрычыць: - Таварыш генерал! Рота прыбыла ў распалажэнне дывізіі, дакладае лейтэнант Сідарэнка.
- Я збянтэжыўся, думаю - чаго гэта ен.?
І тут да мяне дайшло – на плячах жа ў мяне генеральскі шынель, і ен думае, што я генерал. Я напусціў на сябе важны выгляд і сказаў яму звярнуцца ў штабную зямлянку да намесніка. Недзе зусім блізка зноў пачуліся выбухі. Шарэнга салдат неяк схамянулася.
Зусім яшчэ мабыць былі неабстрэляныя.
«Ну нічога, хлопчыкі – ўсе яшчэ наперадзе», - падумаў я.
- Дазвольце ійсці! – пракрычаў лейтэнант.
- Ідзіце, - важна сказаў я і так сама пайшоў далей.
Але, адышоўшы метраў дзесяць шанель я скінуў. Пабыў, думаю, крыху генералам і досыць. Тут зноў пачалася страляніна, выбухі зусим близка. Я хуценька аддаў генеральскі шынель і да сваіх у роту.
Тут ўспомніў, што каля швейнай машыны застаўся мяшок з паўбоханам хлеба, якім я збіраўся пачаставаць сення сваіх. Бягом да хаты. Падбег і, не верачы сваім вачам, супыніўся. Замест хаты была яма. Пакуль я пабыу генералам , кіраваў салдатамі, сюды трапіў снарад. Ад нечаканасці я нават апусціўся на нейкі пянек.
Вось так…. Чаго толькі не здараецца на вайне… Можа да генеральскага шынеля я і не дарос, а ўсе ж у сарочцы мабыць-такі нарадзіўся.
За сталом было ціха. Хлапчукі сядзелі нейкія надта сур’езныя, быццам бы самі пабывалі там, у той далекай жудаснай вайне. Нават сыны перасталі усміхацца.
А сонца зіхацела ў кронах дрэў. Ды маленькая Волечка мірна і ціха спала на руках у маці, толькі слабы ветрык шавяліў яе рыжаватыя валаскі.
Стары Іван зачаравана глядзеў на абедзвух. Маці ціха гойдала дачку, шчасліва усміхаючыся і падстаўляючы твар ветрыку – ну ні даць ні ўзяць – мадона з той карціны, што вісіць у пакоі дачкі. Ну што ж, мабыць дзеля гэтага і трэба было жыць, сцярпеўшы ўвесь цяжар мінуўшай вайны.