Статьи / Шатилковские чтения
К списку статей >>Маслюкоў Т. В.
ПЫТАННІ ХРАНАЛОГІІ КАСЦЁЛА НА НІЖНЯЙ БЯРЭЗІНЕ
Мэтай гэтага артыкула з'яўляецца спроба высветліць некаторыя пытанні пра час і абставіны заснавання касцёлаў у ХVII ст. на землях ніжняга цячэння р. Бярэзіна (акрамя г. Бабруйска), а таксама прывесці малавядомыя дадзеныя з гісторыі паселішчаў, у якіх яны дзейнічалі.
Геаграфічна да Ніжняй Бярэзіны адносяць цячэнне ад упадання ў яе р. Свіслач да вусця [1]. У ХIV ст. па сярэдняму і ніжняму цячэнню Бярэзіны размяшчалася Свіслацкае княства [2], якое спачатку было адным з удзелаў Менскай зямлі. Цэнтрам княства, як лічыцца, была Свіслач – раней мястэчка, цяпер вёска Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, пры ўпаданні р. Свіслач у Бярэзіну [3]. Мяркуецца, што ўжо ў складзе гэтага княства ўзніклі Свіслацкая і Бабруйская воласці, прычым Свіслацкая воласць была яго цэнтральнай часткай [4; 5]. Бабруйская воласць, відавочна, ахоплівала ў княстве паўднёвую частку. Такім чынам, можна заўважыць, што гэтыя дзве воласці амаль цалкам уключалі ў сябе землі Ніжняй Бярэзіны. Аднак тэрыторыя бліжэй да вусця адносілася ў той час да Чарнігаўскай зямлі, якая знаходзілася ў залежнасці ад Арды [6].
У сярэдзіне ХІV ст. Свіслацкае княства увайшло ў Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (ВКЛ) [4]. У яго складзе Свіслацкая і Бабруйская воласці працягвалі існаваць да 1793 г. [5] (а пазней былі ўзноўлены ў зменшаным выглядзе і меліся да 1924 г.). Зараз на Ніжняй Бярэзіне размяшчаюцца землі Асіповіцкага, Бабруйскага, Клічаўскага і Кіраўскага раёнаў Магілёўскай вобласці; Жлобінскага, Светлагорскага і Рэчыцкага раёнаў Гомельскай вобласці [7].
У 1630 г. у Бабруйску ўзнікла рэзідэнцыя Ордэна езуітаў. Адным з вынікаў яе дзейнасці стала заснаванне каталіцкіх касцёлаў і парафій на Ніжняй Бярэзіне. У матэрыяле «Бабруйская езуіцкая рэзідэнцыя», змешчаным у Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (ЭГБ), адзначана: «У 1638 нашчадкі Трызны аддалі езуітам вёску Дваранавічы з уніяцкай царквой, пабудавалі касцёлы ў вёсках Гарбацэвічы і Шацілкі, якія ў 1643 падараваў ордэну шляхціц Пётра Суляціцкі [8].»
Працытаваная фармулёўка не дае адназначнага адказу на два пытанні.
1. Пабудова касцёлаў у Гарбацэвічах і Шацілках адносіцца да 1638 г., ці ў гэтым годзе езуітам былі перададзены толькі Дваранавічы?
2. П. Суляціцкі падараваў Ордэну Гарбацэвічы і Шацілкі, ці толькі Шацілкі? Адлегласць паміж Гарбацэвічамі і Шацілкамі – каля 60 км [9]. Калі ўлічыць, што паміж імі знаходзяцца Парычы, якія ў ХVII ст. ужо былі цэнтрам адной з частак Бабруйскага староства [10], то малаверагодна, што Гарбацэвічы і Шацілкі маглі належаць да аднаго ці сумежных уладанняў. Заўважым, што фундатарамі будаўніцтва касцёлаў у Гарбацэвічах і Шацілках тут названы Трызны.
Менавіта прыведзеныя вышэй звесткі звычайна лічаць пачаткам касцёла ў Шацілках (зараз г. Светлагорск Гомельскай вобласцi). На іх спасылаюцца ў іншых даследаваннях, напрыклад: «Такім чынам, 1638 год можна лічыць часам заснавання не толькі Шацілкаўскага касцёла, але і арганізацыйнага афармлення каталіцкай канфесіі на тэрыторыі Светлагорскага раёна. У 1643 г. Гарбацэвіцкі і Шацілкаўскі касцёлы шляхціц Пётра Суляціцкі падараваў Ордэну» [11, с. 32; 12, с. 695].
На жаль, у энцыклапедыях не заўсёды прыводзяцца спасылкі на крыніцы звестак, а аўтар матэрыяла – Т. Б. Блінова, спецыяліст па гісторыі Ордэна езуітаў у Беларусі (г. Гродна), – ужо не працуе. Таму пры падрыхтоўцы гэтага артыкула былі наноў вывучаны некаторыя публікацыі, якія маглі служыць асновай для яе матэрыяла.
Найперш удакладнім, што названыя ў ЭГБ Дваранавічы – гэта, безумоўна, Дваранінавічы, цяпер вёскі Старыя і Новыя Дваранінавічы ў Паўлавіцкім сельскім Савеце Кіраўскага раёна [13]. Гарбацэвічы – вёска, цяпер цэнтр с/Савета ў Бабруйскім раёне [14]. У XVII ст. Дваранінавічы і Шацілкі знаходзіліся ў Бабруйскай воласці (старостве), а згаданы вышэй Пётр Трызна быў яго старастам.
Назва Шацілкі у вядомых нам дакументах упершыню сустракаецца ў 1744 г. [34] Раней, у вопісу Бабруйскага староства за 1639 г., сяло называецца як Шацілавічы [10, с. 10]. Не выключана, што Шацілкі – гэта паланізаваны варыянт, які склаўся падчас вядзення справаводства на польскай мове. Такое магло адбыцца пасля аб'яднання ВКЛ з Польшчай у 1569 г., у выніку чаго ўтварылася Рэч Паспалітая. (Як вядома, у ёй з 1696 г. было ўведзена абавязковае вядзенне дакументаў на польскай мове.) Думаецца, што прынамсі гаворачы пра час да 1744 г., дакладней будзе карыстацца назвай Шацілавічы.
Ці можна безумоўна пагадзіцца з тым, што заснаванне касцёла ў Гарбацэвічах і Шацілавічах адносіцца да 1638 г.? Звесткі аб шляхціцы П. Суляціцкім не сустракаюцца ў дакументах пра Шацілавічы. Вядома, што з 1560 г. тутэйшым маёнткам Шацілінскі Востраў валодаў іншы шляхецкі род – Манкевічы (прадстаўнікі якога і ў наш час жывуць у горадзе), а да таго – зямянін Раман Шаціла [15, с. 23 – 25; 16].
Пошук адказаў на акрэсленыя вышэй пытанні прыводзіць нас перш за ўсё да асноўнай манаграфіі Т. Б. Бліновай. Яе праца з'яўляецца найбольш значным даследаваннем сярод айчынных гісторыкаў аб езуітах у Беларусі [17]. Аднак кніга прысвечана асветніцкай дзейнасці Ордэна, і звестак аб заснаванні касцёлаў тут няма. Разам з тым, аўтар зрабіла грунтоўны гістарыяграфічны і крыніцазнаўчы агляд па сваёй тэме. З яго мы даведваемся, ў прыватнасці, што штогадовыя і перыядычныя справаздачы аб дзейнасці Ордэна на тэрыторыі Беларусі захоўваюцца ў Ватыкане. У выдавецтве Ордэна ў г. Кракаў (Малапольскае ваяводства, Польшча) маюцца копіі ўсіх справаздач.
Звернемся да польскіх публікацый на гэтую тэму. У 1996 г. Ордэн езуітаў выдаў у Кракаве «Энцыклапедыю ведаў аб езуітах на польскіх і літоўскіх землях, 1564 – 1995» (літоўскімі тут названы землі былога ВКЛ, у т. л. Беларусі). У артыкуле «Бабруйск» падаюцца наступныя звесткі: «Пастаянная рэзідэнцыя (езуітаў – Т. М.) у Бабруйску адкрыта ў 1630 годзе. Сын Пятра Трызны, Пётр Казімір са сваёй жонкай Соф'яй Валавічоўнай, запісаў для місіі маёнткі Гарбацэвічы, Рыння і Стайла. Фонд пашырыў у 1634 Пётр Сулятыцкі запісам вёскі Шацілкі, а ў 1640 Стэфан Шпількоўскі запісам вёскі Кабылянка [18].»
Артыкул «Шацілкі» гэтага самага выдання складзены так: «Шацілкі, былы Бабруйскі павет – маёнтак і місіянерская станцыя Бабруйскай рэзідэнцыі, 1634 – 1773. Зямельнае ўладанне ахвяраваў у 1634 Пётр Сулятыцкі. Езуіты пабудавалі тут драўляны касцёл каля 1650, у якім перыядычна праводзілі службы. Пасля скасавання Ордэна ў 1818 г. узведзены новы касцёл Узвышэння Святога Крыжа [19].»
У артыкуле «Гарбацэвічы» гаворыцца: «Гарбацэвічы, былы Рэчыцкі павет – маёнтак і місіянерская станцыя Бабруйскай рэзідэнцыі, каля 1630 – 1773. Маёнтак запісаны каля 1630 Пятром Казімірам Трызнам, бабруйскім старастам. Езуіты пабудавалі тут сваю капліцу, якая, пасля разбуральнай вайны ў пачатку XVIII ст. (каля 1726) была перабудавана з дрэва. Яна адносілася да парафіі ў Бабруйску. Існавала яшчэ ў пачатку XX ст. [20]»
Акрэслім, у чым адрозненне гэтых звестак ад тых, што прыведзены ў ЭГБ. Па-першае, П. Суляціцкі перадаў Ордэну толькі ўладанне ў Шацілавічах, а ў Гарбацэвічах перадалі Пётр Казімір Трызна з жонкай. Па-другое, уладанне ў Шацілавічах было перададзена ў 1634 г., а не ў 1643 (цяпер відавочна, што 1643 г. у ЭГБ – гэта памылка ад лічбы 1634). Па-трэцяе, касцёл у Шацілавічах быў пабудаваны каля 1650 г., а не ў 1638. Прычым касцёл у Шацілавічах і капліца ў Гарбацэвічах пабудаваныя езуітамі, аб удзеле Трызнаў тут не згадваецца.
Перыяд паміж перадачай уладання ў 1634 г. і пабудовай касцёла ў 1650 ў Шацілавічах не гаворыць аб тым, што зямля 16 год не выкарыстоўвалася: перадавалася не столькі месца пад будаўніцтва, сколькі маёнтак, прыбытак з якога паступаў у рэзідэнцыю Ордэна ў Бабруйску. (У некаторых з вёсак, перададзеных Ордэну, касцёлы зусім не будаваліся.)
Відавочна, што названая тут Рыння – гэта сучасная в. Замен-Рыння ў Шчэдрынскім пасялковым Савеце Жлобінскага раёна [21]. Вёсак з назвай Кабылянка зараз у Беларусі няма, усе яны былі перайменаваныя. Найбліжэйшая да Бабруйска в. Кабылянка, аб якой, можна меркаваць, ідзе тут гаворка, ў 1964 г. перайменавана ў Знаменку і знаходзіцца ў Ліпеньскім п/Савеце Асіповіцкага раёна [21; 22].
Адна з публікацый, на якую спасылаецца польская энцыклапедыя – серыйнае выданне «Нашы касцёлы» пад рэдакцыяй Ёзафата Жыскара. У томе ІІ-ім «Мінская дыяцэзія», выпушчаным у Варшаве і Санкт-Пецярбургу у 1914 г., паведамляецца: «Бабруйск (Бабруйскі касцёл – Т. М.) меў філію ў Шацілках, капліцы Малімоны, Панюшкавічы, Волчын, Гарбацэвічы, Кісялевічы, Замен, Рынін, Асіповічы, Янін і Дурынічы. У Шацілках збудавалі айцы езуіты-бабруйцы мураваны касцёл ў 1650 г. У 1812 г. касцёл спалены, парафія паставіла новы касцёл з дрэва ў тым самым годзе [23, с. 252].»
Як бачым, тут адзначаецца, што першапачаткова касцёл у Шацілавічах быў мураваны – гэта значыць, з камню альбо цэглы. «Цагляны варыянт» варта адхіліць, бо для Шацілавічаў таго часу гэта не ўяўляецца магчымым. Калі першы касцёл насамрэч быў каменны, то наўрад ці звычайны пажар у 1812 г. мог пашкодзіць яго настолькі, каб давялося будаваць новы. У такім разе, верагодна, мелі месца больш драматычныя падзеі падчас вайны 1812 – 14 гг. І хоць каменныя сцены таксама малаверагодны, праверыць гэта, відавочна, магчыма археалагічнымі раскопкамі. Таксама звернем увагу на тое, што сустракаюцца розныя звесткі аб часе адбудовы касцёла пасля пажару: ці ў тым самым 1812 г., ці ў 1818. Відавочна, гэты касцёл (пабудаваны ў 1812 ці 1818 г.) мы бачым на мапе 1887 г., выдадзенай у Аўстра-Венгрыі (мал. 1) [24]. Па мапе бачна, што знаходзіўся ён на тым самым месцы, што і больш позні храм (які ўзвялі ў выніку перабудовы 1906 г. і разабралі ў 1939 г. [12]).
Каб было зразумела, аб якіх паселішчах на Бабруйшчыне гаворыцца ў працы Ё. Жыскара, адзначым: зараз Малімоны – вёска Краснаўскага с/Савета Светлагорскага раёна [25, с. 18], Панюшкавічы – вёска Сычкаўскага с/Савета Бабруйскага раёна [21], Дурынічы – цяпер в. Ізюмава, у тым самым с/Савеце [21; 26]. Вёска Кісялевічы ў 1972 г. далучана да Бабруйска [27]. Пад назвамі Замен і Рынін тут, відавочна, з некаторай недакладнасцю пададзена Замен-Рыння, аб якой вялася гаворка вышэй. Волчын і Янін пры падрыхтоўцы гэтага артыкула не атрымалася суаднесці з існуючымі паселішчамі.
Больш ранняя з публікацый, на якую робіць спасылку «Энцыклапедыя ведаў аб езуітах на польскіх і літоўскіх землях, 1564 – 1995», – выданне «Езуіты ў Польшчы», аўтарам якога з'яўляецца ксёндз Станіслаў Заленскі. У IV томе гэтага выдання, надрукаваным у 1905 г. ў Кракаве, знаходзім звесткі аб перадачы П. Трызнам і П. Суляціцкім уладанняў Ордэну. У цэлым звесткі такія самыя, што і ў энцыклапедыі, толькі год пабудовы касцёла ў Шацілавічах не названы, і яго далейшая гісторыя не закранаецца. Затое істотная акалічнасць, аб якой піша кс. С. Заленскі – гэта тое, што Шацілавічы былі ў П. Суляціцкага дзедзічнай вёскай, гэта значыць – атрыманай у спадчыну: «Фундацыю трызнёўскую павялічыў запісам вёскі дзедзічнай Шацілкі, на правым беразе Бярэзіны, Пётр Сулятыцкі ў 1634 годзе...» Касцёлы ў Гарбацэвічах і Шацілавічах, паводле кс. Заленскага, былі пабудаваныя езуітамі, удзел Трызнаў аўтарам не згаданы. Што да в. Стайла, то тут даюцца і яе іншыя назвы: Устайла, Устайлаў, Устайлава [28, с. 1304 – 1310] (суаднесці з існуючымі паселішчамі не атрымалася).
Працы Ё. Жыскара і С. Заленскага адзначаны і ў манаграфіі Т. Б. Бліновай як выданні, якія ўтрымліваюць значныя звесткі аб дзейнасці Ордэна ў Беларусі.
У грунтоўнай працы Станіслава Растоўскага і Івана Мартынава «Гісторыя літоўскага езуіцкага ордэна ў дзесяці частках», выдадзенай ў 1877 г. ў Брусэлі на лацінскай мове, падаюцца прыблізна такія самыя звесткі аб П. Суляціцкім, але ў больш кароткім выглядзе. У 7-й частцы кнігі, якая апісвае дзейнасць Ордэна ў ВКЛ у 1620 – 1650 гг., згадваецца, што шляхціц П. Суляціцкі перадаў Ордэну сваё радавое ўладанне, і гэта было затым зацверджана каралём Уладзіславам (назва ўладання і год перадачы не прыводзяцца) [29, с. 286]. Калі ўзяць пад увагу, што кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў Ваза кіраваў у 1632 – 1648 гг., то можна меркаваць, што 1634 год, аб якім гаварылася вышэй – гэта год каралеўскага зацвярджэння перадачы Ордэну ўладання ў Шацілавічах. Звернем увагу: як і ў кнізе С. Заленскага, тут ідзе гаворка менавіта пра радавое, спадчыннае ўладанне П. Суляціцкага.
Як акрэсліла Т. Б. Блінова, важнейшымі архіўнымі крыніцамі па гісторыі Ордэна езуітаў у Беларусі з'яўляюцца штогадовыя і перыядычныя справаздачы. Аднак ёсць яшчэ адзін комплекс дакументаў, які ўтрымлівае звесткі аб зямельных уладаннях Ордэна – гэта архіў так званай Адукацыйнай камісіі. У 1773 – 1775 гг. (пасля рашэння Папы рымскага Клімента XIV аб скасаванні Ордэна езуітаў) большая частка нерухомасці Ордэна на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, у тым ліку ў ВКЛ, была канфіскавана і перададзена ў распараджэнне Камісіі адукацыйнага фундуша – такая была яе поўная назва. У камісію былі перададзены і дакументы на правы зямельных уладанняў, якія да таго належалі Ордэну. Пасля ІІІ-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) камісія дзейнічала ў Расійскай Імперыі да 1831 г. Цяпер архіў камісіі захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў (РДАСА) у Маскве, фонд № 1603 [30, с. 63]. Можна меркаваць, што там маюцца і звесткі аб будаўніцтве касцёлаў на зямлях, якімі валодаў Ордэн. У «Паказальніку населеных пунктаў і іншых нерухомых маёмасцей (да фонду 1603, Камісія адукацыйнага фундуша)» сярод былых уладанняў Ордэна названы Гарбачэвічэ, Рыння, Устайла. Дакументы на гэтыя землі адносяцца да 1654 – 1699 гг. [31, c. 596]
Адзначым, што геаграфічныя назвы, якія ўзятыя з польскамоўных дакументаў, перакладзены ў паказальніку даволі прыблізна: напрыклад, Рэчыцкі павет тут названы як «Жэміцкі» [31, c. 578]. У паказальніку адзначана, што канкрэтная адміністрацыйна-тэрытарыяльная прыналежнасць (да паветаў) шэрагу населеных пунктаў Мінскай губерні не вызначана. І як бачна з тэксту, гэта адносіцца перш за ўсё да паселішчаў Бабруйскага павету (існаваў у 1795 – 1924 гг.).
Звестак пра Дваранінавічы, Кабылянку і Шацілкі тут няма. Але па Мінскай губерні ў спісе маецца Шаціёва (дакумент за 1644 г.) [31, c. 579]. Канкрэтная адміністрацыйна-тэрытарыяльная прыналежнасць гэтага паселішча ў паказальніку не вызначана, і яно не суадносіцца з назвай ніводнага населенага пункта ў Беларусі. Дапраўды, у гэтым самым выданні згадваецца яшчэ Шаціёва ў Чавускім павеце, аднак чавускія землі ніколі не ўваходзілі ў Мінскую губерню. Магчыма, тут маецца скажэнне назваў пры перакладзе з польскамоўных рукапісных дакументаў. Ці не ідзе ў першым выпадку гаворка пра Шацілкі? Як вядома, яны ў складзе Бабруйскага павету знаходзіліся менавіта ў Мінскай губерні. І хоць «Шаціёва» Мінскай губерні пададзены як маёмасць Аршанскай езуіцкай калегіі (а не Бабруйскай рзідэнцыі), тут таксама нельга выключаць памылку. У паказальніку сустракаецца таксама Турэцыўская калегія [31, c. 579], якой у манаграфіі Т. Б. Бліновай няма.
Безумоўна, разгледжанае выданне РДАСА карыснае для пошуку дакументаў па дзейнасці Ордэна езуітаў у Беларусі, але патрабуе ўдакладнення тапонімаў і іх дапаўняльнага суаднясення з ордэнскімі структурамі і мясцовасцямі (што можа быць тэмай асобнай публікацыі).
Аб канфесійнай прыналежнасці насельніцтва могуць сведчыць імёны жыхароў, якія, як вядома, адрозніваюцца ва ўсходняй і заходняй хрысціянскіх традыцыях. Інвентарны вопіс Бабруйскага стараства, які адносяць да 1639 г., прыводзіць спісы толькі сялянскага насельніцтва вёсак. У гэтым вопісе імёны сялян у Шацілавічах падаюцца наступным чынам: Аксюта, Анджэй, Астап, Гаўрыла, Грышка, Даніла, Іван, Ігнат, Сенька, Сцяпан, Ходас, Цімошка, Якаў, Ярмола (у вопіс уключаліся толькі мужчыны). Такія формы наўрад ці гавораць аб прыналежнасці шацілавіцкіх сялян на той час да каталіцкай канфесіі.
Але, магчыма, шляхецкае насельніцтва было каталіцкім? Паводле архіўнага радаводу, сынам Ждана Манкевіча, які ў 1560 г. атрымаў ва ўладанне Шацілінскі Востраў, быў Васіль (атрымаў паццвярджэнне на ўладанне ў 1612 г.), унукам – Мацей, праўнукамі – Амяльян (атрымаў паццвярджэнне ў 1713 г.) і Гжэгаж. У наступным, чацвёртым пакаленні Манкевічаў з пяці імёнаў тры пададзены ў каталіцкай традыцыі: Ян, Габрыэль і Самуэль.
Вяртаючыся да мяжы з Ардой на Ніжняй Бярэзіне ў ХІІІ – ХІV ст., аб якой гаварылася ў пачатку гэтага артыкула, варта звярнуць увагу на наступнае.
Хоць па пісьмовай крыніцы Шацілавічы вядомы з 1560 г. [15, с. 23 – 25], існавалі яны непарыўна прынамсі з ХІІІ ст. Такія вынікі археалагічных раскопак прафесара гісторыі С. Я. Рассадзіна [32]. (Для параўнання: колішняе мястэчка і замак, а зараз в. Горваль у Рэчыцкім раёне, непадалёк ад вусця Бярэзіны, па пісьмовай крыніцы вядома з 1503 г., а па археалагічных дадзеных таксама ўзнікла ў XII – XIII ст. [33]) Гаворачы аб ранняй гісторыі Шацілавічаў, С. Я. Рассадзін адзначыў: «Наконт Шацілы. Шацілкі ўзнікаюць у старажытнарускі час. Там жыў нейкі баярын. Можа, звалі Шаціла, род якога дасягнуў XVI стагоддзя ў асобе Рамана. Але ж гэта былі баяры, як гавораць, з “чорнымі” рукамі: земляробы, якія яшчэ трымалі меч пад рукой на ўсялякія выпадкі [34].» Калі суаднесці высновы С. Рассадзіна з картаграфічнымі распрацоўкамі кандыдата гістарычных навук В. Л. Насевіча, то мы бачым: Шацілавічы ў ХІІІ – ХІV ст. знаходзіліся літаральна на мяжы з Ардой (з Чарнігаўскай зямлёй, залежнай ад Арды). Бярэзіна – буйнейшы водны шлях з поўдня у цэнтральную частку Беларусі. Як правіла, уздоўж буйных рэк пракладваліся і старажытнейшыя сухапутныя дарогі. Верагодна, Шацілавічы ў той час ахоўвалі ўваход па Бярэзіне ў землі спачатку Менскага, затым – Свіслацкага княства, а пазней – у ВКЛ. Гэтым можна патлумачыць, што з усіх паселішчаў на Бярэзіне ніжэй Бабруйска менавіта тут здаўна размяшчаліся ваенна-служылыя людзі (і менавіта Шацілавічы, урэшце рэшт, сталі шляхецкім паселішчам). Гэтым людзям даваўся маёнтак, які ў больш познія часы – па дакументу 1560 г. – вядомы як Шацілінскі Востраў.
Можна меркаваць, што наяўнасць у Шацілавічах ваенна-служылага насельніцтва прыцягнула сюды ўвагу ў XVII ст. і з боку Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі.
Магчыма, пашырыць уяўленні пра раннюю гісторыю Шацілавічаў маглі б археалагічныя даследаванні старажытных пахаванняў, якія былі выяўлены ў 1945 г. Як распавёў аўтару гэтага артыкула Гвідольд Валуеў, адзін з старажылаў Шацілак (маці якога з Манкевічаў), пры аднаўленні мясцовай суднабудаўнічай верфі ў 1945 г. былі выпадкова знойдзены пахаванні людзей незвычайна высокага росту. Па словах Г. Валуева, гэта адбылося на дзялянцы, дзе раней размяшчаўся двор яго дзеда, прычым дзед пра пахаванні ніколі не ўзгадваў. На меркаванне старажыла, ні яго дзед, ні хтосьці іншы з мясцовых жыхароў не ведаў пра іх, з чаго можна зрабіць выснову, што пахаванні адносяцца да вельмі старадаўніх часоў.
Варта звярнуць увагу на тое, што Шацілкі згадваюцца ў спісе парафій Віленскай дыяцэзіі за 1744 год, у Карпілавіцкай парафіі Бабруйскага дэканата [35]. Пачынаючы ад звестак 1812 г., пра якія гаворыцца ў вопісу 1867 г., гісторыя шацілкаўскага касцёла прасочваецца ў пісьмовых крыніцах і публікацыях больш падрабязна [12]. Новым дапаўненнем будзе наступная інфармацыя за 1863 г.: «Ваколіца Шацілкі, у якой каля 200 душ шляхты, у Рэчыцкім павеце, у 3-х вярстах ад мяжы Рагачоўскага павету, там ёсць касцёл і ксёндз, ураджэнец той жа ваколіцы Манкевіч, шляхта там католікі даволі развітыя [36].» (Звесткі выявіла і ласкава перадала Марыся Булавінская, студэнтка гістарычнага факультэта БДУ; публікуюцца ўпершыню.) Гэта суадносіцца са спісамі за 1842 [37] і 1843 г., дзе шацілкаўскі касцёл пазначаны як філіяльны, у Бабруйскім дэканаце Мінскай дыяцэзіі, а службы праводзіў вікарый Манкевіч Валянцін Вік. (імя па-бацьку пададзена зкарочана). Ён належаў да Ордэна францысканцаў, да той яго часткі, якая называецца абсервантамі (манахі, якія выконваюць правілы Ордэна асабліва дакладна) [38]. У 1872 г. у спісе Бабруйскага дэканата Віленскай епархіі маюцца філіяльны касцёл у Шацілках, капліцы ў Малімонах, Пятровічах, Панюшкавічах, Волчыне, Гарбацэвічах і Кісялевічах [39].
Падагульняючы ўсё вышэйпададзенае, можна зрабіць наступныя высновы.
1. Падцвярджаюцца звесткі аб тым, што шляхціц П. Суляціцкі перадаў Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі зямельнае ўладанне ў Шацілавічах, прычым гэта ўладанне было яго спадчынай. Уладанне ў Гарбацэвічах перадаў рэзідэнцыі бабруйскі стараста П. Трызна.
2. Перадача ўладання ў Шацілавічах адбылася ў 1634 г. (верагодна, гэта год зацвярджэння каралём і вялікім князем).
3. Не падцвярджаецца меркаванне аб тым, што касцёл у Шацілавічах быў пабудаваны ў 1638 г. Разам з тым, маюцца звесткі, што гэта адбылося каля 1650 г.
4. Верагодна, паходжанне ваенна-служылага насельніцтва ў Шацілавічах звязана з тым, што паселішча ў ХІІІ – ХІV ст. знаходзілася непасрэдна каля паўднёвай мяжы Менскіх зямель (а затым ВКЛ), на ўваходзе па Бярэзіне з тэрыторыі, якая залежала ад Арды. Наяўнасць ваенна-служылага насельніцтва магла стаць адной з прычын увагі да Шацілавічаў з боку Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі ў XVII ст.
5. Атрымаць больш поўныя і дакладныя звесткі аб заснаванні касцёлаў у XVII ст. магчыма шляхам вывучэння справаздач аб дзейнасці Ордэна езуітаў у Беларусі (архіў ордэнскага выдавецтва ў Кракаве) і дакументаў Адукацыйнай камісіі (РДАСА, Масква).
СПІС ЛІТАРАТУРЫ
1. Бярэзіна // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. (далей БЭ). – Мінск, 1996. – Т. 2. – С. 414.
2. Свіслацкае княства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. (далей ЭГБ) – Мінск, 2001. – Т. 6. – С. 262.
3. Ткачоў, М. Свіслацкі замак / М. Ткачоў // Тамсама. – С. 263.
4. Насевiч, В.Л. Свіслацкая воласць / В.Л. Насевіч // Тамсама. – С. 262.
5. Насевiч, В.Л. Бабруйская воласць / В.Л. Насевіч // ЭГБ. – Мінск, 1993. – Т. 1. – С. 255.
6. Насевiч, В.Л. Вялікае Княства Літоўскае ў XIII – першай палове XIV ст. / В.Л. Насевіч // Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. – Мінск, 1995. – С. 45.
7. Рэспубліка Беларусь. Палітыка-адміністрацыйная карта // ЭГБ. – Т. 1, укладыш.
8. Блiнова, Т.Б. Бабруйская езуіцкая рэзідэнцыя / Т.Б. Блінова // Тамсама. – С. 255.
9. Гомельская область. Общегеографический атлас. – Мінск, 2005. – С. 1, 3, 12.
10. Кернажыцкi, К. Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з 17 да паловы 19 ст. / К. Кернажыцкі. – Мінск, 1931.
11. Хомiч, А.М. Усталяванне і распаўсюджанне каталіцкай канфесіі на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна (XVII – пачатак ХХ ст.ст.) / А.М. Хоміч // Гомельшчына: старонкі мінулага. – Гомель, 1996. – С. 31–35.
12. Хомiч, А.М. Распаўсюджанне каталіцкай канфесіі на Светлагоршчыне (XVII – ХХ ст.ст.) / А.М. Хомiч // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: у 2 кн. – Мінск, 1993. – Кн. 2. – С. 694–698.
13. Административно-территориальное деление // Кировский районный исполнительный комитет [Электронны рэсурс]. – 2007. – Рэжым доступа: http://kirovsk.mogilev-region.by/ru/region/delenie – Дата доступа: 17.07.2010.
14. Гарбацэвічы // БЭ. – Мінск, 1997. – Т. 5. – С. 54.
15. Маслюкоў, Т.В. З гісторыі Шацілавічаў / Т.В. Маслюкоў // Гомельшчына: старонкі мінулага. – Гомель, 1996. – ІІ выпуск. – С. 22–26. – Доступ праз Інтэрнет: http://nashkraj.info/content/view/424/134/ – Дата доступа: 17.07.2010.
16. Маслюкоў, Т.В. Узнікненне Шацілак. Шацілы і Манкевічы – старажытныя шляхецкія роды Беларусі / Т.В. Маслюкоў // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён: у 2 кн. – Мінск, 2000. – Кн. 1. – С. 47–49.
17. Блинова, Т.Б. Иезуиты в Беларуси. Их роль в организации образования и просвещения / Т.Б. Блинова. – Гродно, 2002. – Доступ праз Інтэрнет: http://www.kamunikat.org/knihi.html?pubid=6955 – Дата доступа: 17.07.2010.
18. Bobrujsk // Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1564 – 1995. – Krakуw, 1996. – S. 474. – Доступ праз Інтэрнет: http://www.jezuici.krakow.pl/cgi-bin/rjbo?b=enc&q=BOBRUJSK&f=1 – Дата доступа: 17.07.2010.
19. Szaсiіki // Тамсама. – С. 6568. – Доступ праз Інтэрнет: http://www.jezuici.krakow.pl/cgi-bin/rjbo?b=enc&q=SZACILKI&f=1 – Дата доступа: 17.07.2010.
20. Horbaczewicze // Тамсама. – С. 2240. – Доступ праз Інтэрнет: http://www.jezuici.krakow.pl/cgi-bin/rjbo?b=enc&q=HORBACZEWICZE&f=1 – Дата доступа: 17.07.2010.
21. Справочник почтовых кодов // Белпочта [Электронны рэсурс]. – 2008. – Рэжым доступа: http://www.belpost.by/info/zipcode/ – Дата доступа: 17.07.2010.
22. Асіповіцкі раён. Тапаніміка. Картаграфія. Карты раёна // Могилёвская областная библиотека [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://library.mogilev.by/kray/Asipovichi/196.html – Дата доступа: 17.07.2010.
23. Їyskar, J. Nasze koњcioly / J. Їyskar. – Warszawa – Petersburg, 1914. – T. 2. – Доступ праз Інтэрнет: http://193.59.172.16/szzz/ShowSkan.do?id=4511991&wyglad= – Дата доступу: 17.07.2010.
24. Blatt 47–53 der Generalkarte von Mitteleuropa 1:200.000 der Franzisco-Josephinischen Landesaufnahme, Цsterreich-Ungarn. Die Blattmitte liegt bei 53° n.Br. und 47° ц.L. (цstlich von Ferro). – 1887.
25. Населеныя пункты Светлагорскага раёна // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён: у 2 кн. – Мінск, 2003. – Кн. 2. – C. 17–18.
26. Край Магілёўскі. Культавае дойлідства // Могилёвская областная библиотека [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://library.mogilev.by/kray/Culture/r2p6.html – Дата доступа: 17.07.2010.
27. Бабруйск // Ганцевичский районный краеведческо-информационный портал [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://www.gants-region.info/index/0-264 – Дата доступа: 17.07.2010.
28. Zaіenski, S. Jezuici w Polsce / S. Zaіenski. – Krakуw, 1905. – T. 4. – Cz. 3. – Доступ праз Інтэрнет: http://pbc.biaman.pl/dlibra/docmetadata?id=2437&from=pubindex&dirids=21&lp=351 – Дата доступу: 17.07.2010.
29. Rostowski, S. Lituanicarum Societas Jesu historiarum libri decem / S. Rostowski, J. Martinov. – Bruxellis, 1877. – Доступ праз Інтэрнет: http://www.archive.org/stream/lituanicarumsoci00rost/lituanicarumsoci00rost_djvu.txt – Дата доступа: 17.07.2010.
30. Материалы по истории землевладения на территории Белоруссии, Польши, Прибалтики, России и Украины, поступившие в архив Комиссии эдукационного фундуша // Российский государственный архив древних актов. Путеводитель: в 4 т. – М., 1999. – Т. 4. – Доступ праз Інтэрнет: http://guides.rusarchives.ru/browse/guidebook.html?bid=151&sid=336407 – Дата доступа: 17.07.2010.
31. Указатель населённых пунктов и др. недвижимых имений (к ф. 1603, Комиссия эдукационного фундуша) // Российский государственный архив древних актов. Путеводитель: в 4 т. – Т. 4. – Доступ праз Інтэрнет: http://guides.rusarchives.ru/browse/guidebook.html?bid=151&sid=336591 – Дата доступа: 17.07.2010.
32. Рассадин, С.Е. О некоторых находках 2008 г. на Шатилинском Острове / С.Е. Рассадин // Исследования по истории Восточной Европы: научный сборник. – Мінск, 2008. – Вып. 1. – Доступ праз Інтэрнет: http://www.nihe.niks.by/info/09/Studia_Historica1.pdf – Дата доступа: 17.07.2010.
33. Горваль // БЭ. – Мінск, 1997. – Т. 5. – С. 359.
34. Махмудава, Л. С. Я. Рассадзін аб пісьмовых крыніцах сучаснага Светлагорска / Л. Махмудава // Светлагорскія навіны. – 2010. – 28 красавіка. – Доступ праз Інтэрнет: http://sn.by/2010/04/28/s-ya-rassadzin-ab-pismovyx-krynicax-suchasnaga-svetlagorska/ – Дата доступа: 17.07.2010.
35. Diecezja Wilenska, 1744 // Suwalskie Towarzystwo Genealogiczne im. prof. J. Wisniewskiego [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://www.mem.net.pl/stg/diecezjawilenska1744p.htm – Дата доступа: 17.07.2010.
36. НГАРБ. – Фонд 2001. – Воп. 2. – Спр. 1. – Арк. 35.
37. Szaciіki // Mazowieckie Towarzystwo Genealogiczne [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://www.mazowieckietg.pl/genewiki/index.php/Szaciіki – Дата доступа: 19.08.2010.
38. Directorium Officii Divini Pro Dioecesi Mincensi in Annum Domini 1843. Hierarchia Romano-catholica in Imperio Rossiaco // Петербургский генеалогический портал [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://www.petergen.com/bovkalo/sp/minsk1843.html – Дата доступа: 17.07.2010.
39. Духовенство Виленской католической епархии на 1872 г. // Петербургский генеалогический портал [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://www.petergen.com/bovkalo/sp/wilno1872.html – Дата доступа: 23.08.2010.
17.07.2010.