ПАРИЧИ
СПРАВОЧНО - ИНФОРМАЦИОННЫЙ ПОРТАЛ Г.П. ПАРИЧИ

Статьи / Биографии

К списку статей >>


БІЯГРАФІЯ
УЛАДЗІМІРА ІОСІФАВІЧА РАГОВІЧА

На Гомельскім Палессі 23 сакавіка 1938 года ў г. п. Парычы Светлагорскага раёна нарадзіўся Раговіч Уладзімір Іосіфавіч. Ён быў чацвёртым дзіцем у сям’і. Яго бацька, Восіп Казіміравіч, быў 25-цітысячнікам, якого паважалі і абаранялі ад магчымага нападу ўсім пасёлкам. Але яшчэ перад вайной бацька “згарэў” ад запалення лёгкіх. А яго двухгадовы сынок ужо спяваў беларускую народную песню “Пасею гурочкі”.

Першыя родныя напевы Уладзімір пачуў ад маці, Улляны Афанасьеўны, яны былі самымі любімымі праз ўсё жыццё. Дзякуючы маці усе дзеці выжылі падчас выпрабаванняў вайны. У 1944 годзе Улляна Афанасьеўна ўжо з пяццю малымі дзецьмі трапіла ў жудасны канцлагер “Азарычы”. Немцы, перад тым як уцячы, кідалі людзям атручаны хлеб, і яшчэ доўга сям’я Раговічаў валялася ў тыфе. Пасля ўсяго перанесенага Валодзя амаль саслеп, пра школу не магло ісці гаворкі і ён год пасвіў кароў, пакуль зрок не аднавіўся. Толькі ў 1949 годзе хлопчык пайшоў вучыцца ў Парычскую сярэднюю школу, дзе скончыў 7 класаў.

У 1955 годзе Уладзімір ўжо працаваў інструктарам-масавіком у раённым Доме культуры ў Парычах, сам спяваў са сцэны беларускія народныя песні звонкім прыгожым тэнарам і стаў параможцам аднаго з раённых конкурсаў. Па запрашэнні выкладчыка Гомельскага музычнага вучылішча імя М. Сакалоўскага Аляксея Лукомскага, які заўважыў талент маладога хлопца, Уладзімір паступіў у вучылішча. У 1959 годзе, пасля заканчэння навучання, У. І. Раговіч атрымаў рэкамендацыю для паступлення ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. Луначарскага на факультэт харавога дырыжыравання (клас народнага артыста БССР Аляксея Пятровіча Кагадзеева). 

Пасля заканчэння кансерваторыі ў 1964 г. Уладзімір Раговіч атрымаў накіраванне на працу ў Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле БССР на пасадзе дырыжора-хармайстара побач з Рыгорам Раманавічам Шырмай – гонар, які выпадаў нямногім. У двух дырыжораў – сталага і маладога – склаліся незвычайна цёплыя, шчырыя прафесійныя і асабістыя адносіны. Рыгор Раманавіч часта называў Уладзіміра “сынком”.

Калі ў 1970 годзе вырашалася, хто з трох прэтэндэнтаў заменіць Рыгора Раманавіча на яго пасадзе, Шырма даў Раговічу такую характарыстыку: “Малады, таленавіты, любіць папраўляць кампазітараў” (дасканалае веданне вакалу, гармоніі і тонкае адчуванне музыкі сапраўды дазвалялі Уладзіміру Раговічу рабіць добрыя парады кампазітарам, што яны прызнавалі і называлі Уладзіміра Іосіфавіча сааўтарам). Параўнаўшы шырмаўскія характарыстыкі ўсіх кандыдатаў, кіраўніцтва прызначыла У. І. Раговіча мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР імя Р. Р. Шырмы, якой ён і кіраваў да 1982 года. У 1977 годзе на Усесаюзным конкурсе прафесійных харавых калектываў Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР імя Р. Р. Шырмы ўпершыню заваявала званне ”Лаўрэата” і заняла другое месца. Менавіта падчас працы У. І. Раговіча капэла атрымала свае ганаровыя званні. У сваёй творчай дзейнасці Уладзімір Іосіфавіч працягваў і развіваў традыцыі свайго настаўніка – Р. Р. Шырмы: аснову рэпертуара капэлы складалі беларускія народныя песні ў аранжыроўцы А. Багатырова, М. Гайваранскага, А. Грачанінава, А. Кошыца, М. Калесы, Я. Цікоцкага, Р. Пукста (у т. л. “Пірапёлка”, “Ой, загуду, загуду”, “Гоман, гоман на вуліцы”, “Нявестанька”, “Зорка Венера”). Выконвала капэла і апрацоўкі беларускіх народных песень Уладзіміра Іосіфавіча: “Ой, сівы конь бяжыць”, “Із далёкіх із краёў”, “Мікіта”, “Дробненькі дожджык”, “А дзе ж тая крынічанька”, “Ой, на Купалле, на Яна”, “Камары гудуць”.

У рэпертуар капэлы пад кіраўніцтвам У. Раговіча ўваходзілі і выдатнейшыя творы рускай і замежнай харавой музыкі, творы беларускіх і савецкіх кампазітараў: А. Багатыроў — «Беларускія песні», С. Рахманінаў — паэма «Колокола», «Літургія Святога Іаана Златавуста», С. Танееў — кантата «Іаан Дамаскін», А. Скрабін — Сімфонія № 1 (фінал), С. Пракоф’еў – кантата “Аляксандр Неўскі”, Г. Свірыдаў — Патэтычная араторыя, «Веснавая кантата», «Пушкінскі вянок», Канцэрт памяці А. А. Юрлава, В. Салманаў — Канцэрт для хору «Лябёдушка», Л. Бетховен — Сімфонія № 9 (фінал), Рэквіемы А. Керубіні, В. Моцарта, Дж. Вердзі і шмат іншых.

Падчас працы ў капэле пад кіраўніцтвам У. І. Раговіча зраблены шэраг запісаў у фонд Усесаюзнага і Беларускага радыё, з Усесаюзнай фірмай “Мелодыя” было выпушчана 12 грампласцінак-гігантаў, у праграмы якіх увайшлі творы рускай і замежнай харавой класікі, савецкага харавога мастацтва, у тым ліку творчасць беларускіх кампазітараў, беларускія народныя песні, песні народаў СССР і кантатна-аратарыяльныя творы розных эпох і стыляў. За сваю дзейнасць У. І. Раговіч быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” (1976), Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, УССР і Літ. ССР. Але лепшай узнагародай для Маэстра была магчымасць ствараць і музыкай прыносіць радасць. З гастролямі капэла аб’ездзіла ўвесь Саюз, усюды маючы цёплы прыём і вялікі поспех.

Творчай энергіі і планаў было шмат. Шмат чаго Уладзімір Іосіфавіч дабіваўся для капэлы ў цэлым і для кожнага спевака паасобку. Але партыйнае кіраўніцтва часам непрафесійна і груба дыктавала сваю волю, з чым Раговіч як прафесіянал і сумленны чалавек не мог пагадзіцца. Канфлікт – нежаданне падпарадкоўвацца ў творчых пытаннях некампетэнтным патрабаванням партработнікаў – вымусіў Уладзіміра Іосіфавіча напісаць заяву аб звальненні і пакінуць любімую капэлу, з якой былі звязаны 18 гадоў жыцця. Было забаронена нават узгадваць прозвішча У. І. Раговіча пры трансляцыі запісаў капэлы на радыё.

Яшчэ студэнтам вучылішча і кансерваторыі Уладзімір Іосіфавіч увесь час працаваў з аматарскімі харавымі калектывамі. У 1963 годзе за “актыўную працу, высокае творчае майстэрства і стварэнне “Народнай харавой капэлы на Мінскім трактарным заводзе” узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. (Працаваў у 1960-65 гг.). Сюды, у капэлу МТЗ, таксама яшчэ студэнтам у якасці хармайстра прыйшоў Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі, які пасля Уладзіміра Іосіфавіча стаў мастацкім кіраўніком калектыву (на дзесяцігоддзе). Так адзін аматарскі калектыў стаў прафесійным трамплінам для двух выдатных дырыжораў.

У 1961-66 гадах Уладзімір Іосіфавіч кіраваў Народнай харавой капэлай БДУ, у 1964-67 гадах – хорам хлопчыкаў ДК МТЗ. Увесь будынак звінеў ад дзіцячых галасоў, калі хлопчылі сустракалі свайго любімага дырыжора. 

Збіраць беларускія народныя песні Уладзімір Іосіфавіч пачаў яшчэ ў 1957 годзе падчас студэнцкай практыкі ў вучылішчы. Некаторыя з песень ён апрацоўваў для хора; у 1962 г. напісаў “Харавую сюіту” ў 8 частках для хора без суправаджэння на матэрыяле беларускіх народных песень, шэраг харавых твораў на вершы Я. Коласа (“Будзе навальніца”) і іншыя. Многія з іх выконваліся самадзейнымі і прафесійнымі калектывамі рэспублікі і СССР.

У 1982-87 гады Уладзімір Іосіфавіч – старшы выкладчык і загадчык кафедры харавога дырыжыравання Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. Менавіта ў гэты час быў выдадзены першы зборнік У. І. Раговіча-збіральніка – “Беларускія абрадавыя песні” (Мн., 1985, 112 с.), які ўключыў у сябе выбраныя, узорныя песні, запісаныя на працягу апошніх дваццаці пяці год. Кніга была падрыхтавана па плану навуковага супрацоўніцтва МДПІ імя А. М. Горкага і Сектара беларускага фальклору і дыялекталогіі БДУ імя У. І. Леніна. А ў 1987-88 гадах Уладзімір Іосіфавіч стаў навуковым супрацоўнікам Навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору і дыялекталогіі БДУ, дзе працягнуў сваю працу фалькларыста-этнамузыколага. Так, працягнуў, бо ўжо да гэтага часу разам з іншымі супрацоўнікамі Лабараторыі У. І. Раговіч забяспечыў выданне першай кнігі з серыі “Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры.” – “Брэсцкая вобласць” (1973 г.) і “Палескага вяселля” (1984 г.).

У гэтыя ж гады ішла натхнёная праца над “Вянком беларускіх народных песень” (Мн., 1988; 432 с.), у які ўвайшлі лепшыя ўзоры народнапесеннага мастацтва запісу У. І. Раговіча. Зборнік склалі амаль усе жанравыя, стылявыя і структурныя разнавіднасці традыцыйных і сучасных песень, што з’яўляюцца класічнай спадчынай беларусаў. За мастацкае афармленне, зробленае выдатным графікам Уладзімірам Вішнеўскім, кніга атрымала вышэйшыя ўзнагароды на некалькіх кніжных выставах.

Вынікам шматгадовай працы збіральніка-фалькларыста і харавога дырыжора, рэзультатам сістэмнага аналізу тысяч уласных ды іншых запісаў беларускіх народных песень, рускага і ўкраінскага песеннага фальклору стала стварэнне У. І. Раговічам сучаснай навукова-метадычнай канцэпцыі — унікальнай сістэмы натацыі народных песень на аснове адзінства рытмікі верша і напеву. Яна зыходзіць з непарыўнасці верша- і меластварэння ў народнай песні, з лінеарнасці развіцця напеву ў часавай прасторы і псіха-фізіялагічных асаблівасцяў чалавека падчас спеваў. Менавіта пачынаючы з

“Вянка беларускіх народных песень” усе песні Уладзімір Іосіфавіч націруе ў згодзе з прынцыпам адзінства рытмікі верша і напеву. Дарэчы, гэты самы прынцып ляжыць і ў аснове запісу старажытных царкоўнаславянскіх песнапенняў. Ён захаваны У. І. Раговічам і пры стварэнні аранжыровак культавых і аўтарскіх твораў.

У. І. Раговіч прыйшоў да высновы, што для запісу народнай вакальнай музыкі нельга карыстацца еўрапейскай сістэмай натацыі кампазітарскай музыкі, дзе фіксацыя метра-рытмікі заснавана на чаргаванні моцных і слабых доляў. Народная песня валодае сваёй логікай развіцця, напружанняў і спадаў, што і павінна быць адлюстравана пры запісы. Вынаходніцтва У.І.Раговічам тактаметрычнай сістэмы запісу народных песень на аснове адзінства рытмікі верша і напеву адкрывае новыя і вельмі цікавыя заканамернасці арганізацыі традыцыйнага беларускага народнага меласу, дазваляе ўбачыць цікавыя перспектывы развіцця айчыннай фалькларыстыкі.

Абапіраючыся на агульнапрынятую ў еўрапейскай музычнай сістэме, збіральнік распрацаваў музычную метранамічную тэрміналогію на беларускай мове, якая была выкарыстана Уладзімірам Іосіфавічам ва ўсіх яго выданнях беларускага песеннага фальклору.

У 1988–1992 гадах У. І. Раговіч — выкладчык Пінскага педагагічнага вучылішча імя А. С. Пушкіна і кіраўнік Хора палескай песні. Падчас свайго жыцця ў Пінску Уладзімір Іосіфавіч асабліва актыўна стаў вывучаць спеўную культуру Палесся, асаблівасці моўных і музычных дыялектаў кожнай мясцовасці. Па некалькі разоў прасіў спець адну песню, каб лепш зразумець працэсы песнятворчасці, адметнасці голасавядзення. Па некалькі разоў перапытваў у спевакоў, як правільна запісаць кожнае дыялектнае слова. Так пачалася і вялася праца над зборам, які праз дзесяцігоддзе ўбачыць свет пад назвай “Песенны фальклор Палесся”. Хор палескай песні выступаў з цікавейшымі канцэртнымі праграмамі, складзенымі з мясцовага песеннага фальклору, сабранага У. І. Раговічам.

Тут, у Пінску, 9 чэрвеня 1991 года адбылася прэм’ера Боскай Літургіі Святога Іаана Златавуста для салістаў і мяшанага хору, напісаная У.І.Раговічам на аснове старажытных знаменных, кіеўскіх і звычайных распеваў. З’яўленне гэтага твора стала вынікам шматгадовага глыбокага вывучэння традыцый усходнеславянскіх царкоўных спеваў, усіх этапаў і сімволікі хрысціянскай Літургіі. У адрозненне, напрыклад, ад “канцэртнай” Боскай Літургіі Святога Іаана Златавуста Сяргея Рахманінава, Літургія У.І.Раговіча стваралася спецыяльна для выканання падчас набажэнства ў храме. Аўтар імкнуўся як мага больш моцна і пераканаўча выразіць ў гуках і гармоніях усю глыбіню зместу службы.

У 1992-98 гг. Уладзімір Іосіфавіч зноў вяртаецца на працу ў НДЛ беларускага фальклору і дыялекталогіі БДУ, дзе актыўна працуе. Збіральнік стаў укладальнікам музычных частак такіх маштабных зборнікаў:

  1. Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры. Брэсц. вобл. Склад. В. А. Захарава. – Мн.: Выд-ва БДУ, 1973. – 304 с.
  2. Палескае Вяселле / Уклад. і рэд. В. А. Захаравай. – Мн.: Універсітэцкае, 1984. – 303 с.
  3. Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры. Гомел. вобл. / Уклад. В. А. Захарава і інш.; Уклад. муз. часткі У. І. Раговіч. – Мн.: Універсітэцкае, 1989. – 384 с.
  4. Ліцвінка В. Д., Раманюк М. Ф., Раговіч У. І. Песні і строі Піншчыны. – Мн., 1994. – 36 с. 
  5. Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыц. жанры. Мінск. вобл. / Уклад. В. Д. Ліцвінка; Уклад. муз часткі Г. Р. Кутырова. – Мн., 1995. – 477 с.
Здабыткам шляху ў дзесяткі гадоў і тысячы кіламетраў стала калекцыя, што налічвае больш за тры тысячы беларускіх народных песень. Песні запісу Уладзіміра Іосіфавіча ўбачылі свет і ў шматлікіх публікацыях у часопісе «Мастацтва Беларусі», газеце “Голас Радзімы”.

Ён актыўна супрацоўнічаў з творчымі калектывамі – шчыра прапанаваў ім песні свайго запісу. Ансамблі “Неруш”, “Зорачка”, “Ярыца”, “Рунь” і іншыя, заслужаныя артысты Святлана і Уладзімір Салодкія ўжо некалькі дзесяцігоддзяў нясуць іх са сцэны. Заслужаны дзеяч мастацтваў М. В. Сірата зрабіў кампазіцыю “Кобрынскія велікодныя ігрышчы” з запісаў У. І. Раговіча для Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору імя Г. Цітовіча.

У 1998 годзе У. І. Раговіч стварыў прафесійны мужчынскі вакальны актэт, з якім даў сотні канцэртаў і запісаў 4 лазерныя дыскі, што ўбачылі свет у Германіі. Рэпертуар калектыву складаўся пераважна з лепшых узораў рускай культавай музыкі, са старажытных царкоўных знаменных, кіеўскіх, звычайных распеваў, аранжыраваных Уладзімірам Іосіфавічам. Гучалі таксама і некалькі частак з яго Боскай Літургіі Святога Іаана Златавуста. Другую частку рэпертуару ансамбля складалі беларускія, рускія, украінскія народныя песні ў аранжыроўцы У. І. Раговіча.

Усяго ж больш за 200 аранжыровак і пералажэнняў народных і аўтарскіх твораў для аднароднага і мяшанага хароў зроблена Уладзімірам Іосіфавічам. 140 з іх – аранжыроўкі беларускіх народных песень, якія яшчэ чакаюць свайго часу быць данесенымі да акадэмічных і народных творчых калектываў.

Вынікам дзесяцігоддзяў падрыхтоўчай працы стаў трохтомнік “Песенны фальклор Палесся”, у якім кожная нота і кожнае слова занатаваны з вуснаў носьбітаў песеннай традыцыі. Першы том трохтомніка – “Песні святочнага календара” (Мн., 2001; 527 с.) і другі – “Вяселле” (Мн., 2002; 592 с.) ужо шырока вядомыя. Трэці том “Лірычныя песні” яшчэ не выдадзены, і хочацца спадзявацца, што ўсё ж такі людзі ўбачаць збор у поўным аб’ёме. Бо падобных яму па аб’ёме, грунтоўнасці, навуковасці, цікавасці цяжка знайсці.

Важнасць укладу ў беларускую культуру У. І. Раговіча падкрэслівалі знакамітыя дзеячы Беларусі ў сваіх рэцэнзіях на кнігі збіральніка. Вось што казаў у адной з іх народны артыст РБ М. П. Дрынеўскі: “У кнігі У. І. Раговіча ўключаны лепшыя выкрышталізаваныя часам і талентам узоры традыцыйнага палескага фальклору, што дазваляе весці размову аб іх як своеасаблівай анталогіі беларускай народнай песні...”.

Спеўная зямля Палесся давала сілы, разуменне, натхненне Уладзіміру Іосіфавічу. У яго асобе так яскрава праявіліся якасці дырыжора-прафесіянала і народнага Музыкі. Душа яго адляцела 29 красавіка 2005 года, пахаваны ён на радзіме – у Парычах. 

Музыка ж гучала на Вечарыне памяці У. І. Раговіча ў красавіку 2006 г., па радыё ў перадачы канала “Культура”. Працягвае жыць у аўтарскіх запісах і партытурах.

Наталля Генадзьеўна Мазурына